Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Карагін: «Залаты век» дробных прадпрымальнікаў сышоў


Уладзімер Карагін

Уладзімер Карагін

1 ліпеня ўступае ў сілу ўказ прэзыдэнта № 222, які абавязвае прадпрымальнікаў мець сэртыфікаты, дакумэнты, касавыя чэкі на ўсе тавары, якія будуць увозіцца імі ў Беларусь пасьля 1 ліпеня. Гэтае патрабаваньне ІП лічаць невыканальным, бо яго выкананьне залежыць не ад іх, а ад пастаўшчыкоў (у асноўным расейскіх). Прадпрымальнікі кажуць, што ў расейцаў атрымаць патрэбныя дакумэнты практычна немагчыма.

І 1 ліпеня многія прадпрымальнікі ў розных рэгіёнах ня выйшлі на працу, шмат месцаў на рынках пустуе. Сытуацыю аналізуюць лідэры прадпрымальніцкага руху.

На пытаньне, колькі канкрэтна прадпрымальнікаў ня выйшла на працу 1 ліпеня ў цэлым па краіне, старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка ня здолеў адказаць. Але зьвесткі з розных рэгіёнаў, што рынкі напалову пустыя, ён атрымлівае:

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«У Менску ніхто не зьбіраўся страйкаваць, усе працуюць. Страйкуюць толькі ў рэгіёнах. Там, вядома ж, цяжэй, там народ больш напалоханы. Там менш інфармацыі, магчыма. Але няхай ідзе як ідзе. Няхай улада думае, што ёй далей рабіць з гэтым. Мы падалі свае прапановы — учорашнюю рэзалюцыю, прынятую на форуме, накіравалі на імя Лукашэнкі і будзем яшчэ зьбіраць подпісы».

Старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін, які бярэ ўдзел ва ўсіх перамовах з уладай, кажа, што для падтрымкі прадпрымальнікаў апошнім часам зроблена шмат: вярнулі найманых працаўнікоў, пачалі ствараць аптовае зьвяно, максымальна спрасьцілі дакумэнтацыю. І самае галоўнае — пайшлі і зараз насустрач прадпрымальнікам:

«Працягнулі дзеяньне пастановы — ліста чатырох міністэрстваў, каб прадпрымальнікі маглі распрадаць рэшткі тавараў да 1 сакавіка 2015 году без сэртыфікатаў. Гэта была вельмі вялікая праблема. Але ўрад пайшоў нам насустрач і ўсё ж такі зрабіў гэта. Але штосьці большае... Адмяніць? Дык гэта трэба адмяніць Дамову аб Мытным саюзе, у якой тысяча старонак».

Тое, што ніякай адмены дакумэнтаў Мытнага саюзу ня будзе, падкрэсьліў учора на форуме і чыноўнік Міністэрства гандлю. Таму прадпрымальнікам трэба думаць, як працаваць далей, шукаць новыя формы.

Што да страйку, яго ніхто не арганізоўваў, сьцьвярджае Анатоль Шумчанка, хоць 30 чэрвеня на рэспубліканскім форуме прадпрымальнікаў выступоўцы выказвалі думку, што людзі даведзеныя да адчаю і ўсё можа быць:

«Гэта самаарганізацыя прадпрымальнікаў, якая носіць стыхійны характар, без усялякай арганізацыі. Мы не заклікалі, не арганізоўвалі страйк. Трэба сказаць дзякуй, напэўна, Пятру Пракаповічу, які праштурхнуў гэты ўказ № 222. А тое, што сёньня адбываецца, гэта, канечне, сумна. Мы пра гэта папярэджвалі. Няхай зараз улада думае, як паступаць у гэтай сытуацыі».

Старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін перакананы, што страйк — гэта ня той мэтад, які можа нешта зьмяніць:

Ды пасьмяюцца гандлёвыя сеткі, скажуць: „Дзякуй, хлопцы“. Яны ўжо пачынаюць завозіць тавар больш танны, чым на рынках

​«Чаго тут страйкаваць? Ня выйсьці на працу — ці ж гэта мэтад? Гэта не прадпрымальніцкі мэтад барацьбы — страйк. Гэта ўдар самому сабе, як унтэр-афіцэрская ўдава ў Гогаля ў „Рэвізоры“, якая сама сябе высекла. Ды пасьмяюцца гандлёвыя сеткі, скажуць: „Дзякуй, хлопцы“. Яны ўжо пачынаюць завозіць тавар больш танны, чым на рынках. Толькі дзякуй скажуць канкурэнты».

Уладзімер Карагін прывёў прыклад, як паступова, на працягу дзясятка гадоў, у Польшчы спынілі працу 4 мільёны дробных прадпрымальнікаў. Затое ў краіне зьявілася больш за 4 тысячы гіпэрмаркетаў. Тое самае чакае і Беларусь. І прадпрымальнікі павінны шукаць новыя формы працы, займаць іншыя нішы, бо век нецывілізаваных рынкаў сканчаецца:

«Ну якія цяпер рынкі? Прыбытак — у сетках. Ніхто не забараняе прадпрымальнікам аб’ядноўвацца па пэўнай групе тавараў. Ня хочуць аб’ядноўвацца, ня ўмеюць працаваць па-іншаму і атрымліваць прыбытак? Трэба ствараць гандлёвыя ланцужкі. Вядома, трэба рухацца наперад.

Залаты век дробных прадпрымальнікаў сышоў. Як сышоў некалі і залаты век каапэратараў. Але з торбай у клетку прадукцыйнасьці працы ў гандлі не дасягнеш».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG