Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт: «Хуткія» выяжджалі з Ізварына адна за адной


Пра сытуацыю ў Луганску распавёў украінскі журналіст Улад Шаўчэнка, які зараз знаходзіцца ў гэтым горадзе. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Шаўчэнка: Сытуацыя ў Луганску і вобласьці напружаная. Чутныя выбухі. Я сяджу ў рэдакцыі, іх добра чую, хаця яны і далёка. Баі ідуць у прымесьцях Луганску, там раён, дзе знаходзяцца базы адпачынку. Была інфармацыя, што там знаходзіліся прарасейскія баевікі і па іх наносіліся сёньня авіяўдары. Таксама баі ідуць на мяжы, прапускны пункт Ізварына, Краснадонскі раён, гэта за некалькі дзесяткаў кілямэтраў ад Луганску. Баі ідуць з удзелам бронетэхнікі, танкаў. Зьвесткаў пра страты з боку ўкраінскага войска і баевікоў няма, але відавочцы кажуць, што «хуткія дапамогі» выяжджалі з Ізварына адна за адной.

Таксама ёсьць інфармацыя пра баі ў раёне прамысловых гарадоў Лісічанск, Паўночнаданецк, Рубежнае – гэта такі трохкутнік прамысловы на поўначы Луганшчыны.

У самім Луганску людзей на вуліцах мала, грамадзкі транспарт ходзіць, але мала людзей ім карыстаюцца. Шмат людзей сядзяць дома, многія зьехалі з гораду.

Дракахруст: А хто кантралюе Луганск?

Шаўчэнка: Цяпер горад пад кантролем прадстаўнікоў так званай «Луганскай народнай рэспублікі», узброеных людзей, якія захапілі абласную адміністрацыю, будынак СБУ, пракуратуру, управу міліцыі. Уся ўлада ў ЛНРаўцаў.

Дракахруст: Наколькі высокая ступень грамадзкай падтрымкі гэтых людзей? Ці яны проста прыйшлі, сілай зброі захапілі будынкі, а звычайныя людзі чакаюць, калі іх адтуль выкінуць?

Шаўчэнка: Я магу меркаваць на прыкладзе сваіх знаёмых, сяброў, сваякоў. У мяне ў сям'і адбыўся падзел – адны за адзінства Ўкраіны выступаюць, іншыя падтрымліваюць прарасейскі рух. Журналісты ў Луганску ў большасьці не падтрымліваюць прарасейскіх баевікоў, бо церпяць ад іх «пільнай увагі», шмат хто пабываў у скляпеньнях СБУ, якое захапілі баевікі, дзе людзей катуюць.

А што да настрояў агульнай масы людзей, то я бачыў, колькі людзей прыходзіла на мітынгі з расейскімі сьцягамі – гэта на паўмільённы Луганск было 2-3 тысячы чалавек. Зараз, па маіх назіраньнях, людзі хочуць проста спакою і міру.

Розныя думкі ў людзей у вобласьці. На поўначы – вясковыя раёны, там украінамоўнае насельніцтва і там больш за адзінства Ўкраіны. А вось Данбас, поўдзень вобласьці, які ўключае ў сябе шахцёрскія гарады, там больш распаўсюджаныя прарасейскія настроі.

Дракахруст: У якой ступені кіраўнікі прарасейскага руху, кшталту кіраўніка «ЛНР» Барыса Болатава, кіруюцца Масквой? Яны чыстыя марыянэткі ці яны вядуць сваю гульню?

Шаўчэнка: У Луганскай вобласьці ёсьць некалькі такіх груповак і Болатаў не кантралюе іх усіх. Скажам, у Лісічанску ёсьць кіраўнік баевікоў Аляксей Мазгавы. Ён шчыльна супрацоўнічае з казакамі расейскага атамана Казіцына. Мазгавы адкрыта канфліктуе з Болатавым. Ёсьць інфармацыя, што даходзіла нават да ўзброеных сутычак паміж імі. Нехта зь іх кантралюецца Масквой у большай ступені, нехта – у меншай. Гаворыцца пра ўплыў у гэтым асяродзьдзі дэпутата Вярхоўнай Рады, кіраўніка фракцыі Партыі рэгіёнаў Аляксандра Яфрэмава. Гэты ўплыў сапраўды існаваў напачатку забурэньняў. Ёсьць і уплыў камуністаў. Але і Масквы, зразумела.

XS
SM
MD
LG