Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік прафсаюзу гарнякоў Данбасу: Супраць нашых людзей ужылі псыхатронную зброю


Мікалай Валынка, старшыня незалежнага прафсаюзу гарнякоў Данбасу, распавёў Радыё Свабода пра настроі на Данбасе пасьля спыненьня перамір’я.

Мікалай Валынка: «Народ акрыяў. Нарэшце скончылася гэтае жудаснае перамір’е. Народ чакае, што хутка гэтых тэрарыстаў пагоняць з Украіны. Але перамір’я як такога не было. Украінскі бок яго прытрымліваўся, а тэрарысты, наадварот, умацоўваліся, нападалі, забівалі. За дзесяць дзён загінула ў нас 30 салдат, і я не лічу, колькі яшчэ параненых. Тым больш пазаўчора яны (сэпаратысты. — Рэд.) увогуле абнаглелі. У Славянску, калі людзі выйшлі на стыхійны мітынг, пачалі абстрэльваць жылыя кварталы. Загінула 8 грамадзянаў.

Большасьць шахтароў за тое, каб працаваць спакойна і жыць. Што чалавеку трэба? Каб праца была, каб сям’я была накормленая, каб быў мір. Але ёсьць тыя, каму абы пабузіць.

Шмат шахтароў — у добраахвотных батальёнах. Ёсьць і тыя, што ў атрадах ДНР. Але агулам шахтары за тое, каб усё гэта скончылася і каб пачаць нармальную працу. А яе тут шмат».

Радыё Свабода: «Ці вялікая шкода нанесеная населеным пунктам і прадпрыемствам на Данбасе? Ці можна гэта цяпер хоць прыблізна ацаніць?»

Мікалай Валынка
Мікалай Валынка

Мікалай Валынка: «Ведаеце, самая вялікая шкода нанесеная расейскай прапагандай. Не пытаючыся дазволу, над людзьмі зрабілі вялікі экспэрымэнт па замбаваньні. У поўным аб’ёме і на ўсю моц ужылі псыхатронную зброю супраць нашых людзей. А будынкі ўсе можна аднавіць. Тое, што над псыхікай людзей папрацавалі, гэта яшчэ доўга трэба будзе здароўе людзям вяртаць. Гэта самае страшнае. Людзі былі настроеныя на агрэсію, не хацелі слухаць іншыя думкі.

А цяпер жыцьцё паказвае, што Данбас павінен быць адзіны з Украінай. Што Ўкраіна — гэта адзіная, непадзельная саборная дзяржава».

Радыё Свабода: «Якія чаканьні сярод людзей? Колькі яшчэ часу спатрэбіцца, каб вярнуцца да мірнага жыцьця?»

Мікалай Валынка: «Апалчэнцы разумеюць, што трэба ўжо складаць зброю. А найміты, якія прыйшлі да нас з расейскай тэрыторыі, складаць зброю ня хочуць. Гэта брат-Каўказ, гэта данскія казакі і крыміналітэт. Расейская ўлада ў асобе вышэйшага іхнага кіраўніка прысылае сюды наёмнікаў, а назад трупы браць ня хоча. Яны ўжо вымушаныя хаваць іх тут, ва Ўкраіне. Я яшчэ на пачатку красавіка даваў інтэрвію тэлеканалу „Дождь“. І я тады сказаў: што вы будзеце казаць, калі да вас паплывуць труны? А іх ужо вельмі шмат!

Самае цікавае: найміты — гэта тыя, хто ваяваў першую чачэнскую, другую, у Грузіі ваявалі. Ім жа трэба надбаўкі плаціць. А яны адпраўляюць іх ва Ўкраіну і не прымаюць назад. Вось і вырашылася праблема. Меншая нагрузка на бюджэт.

Крыўдна толькі, што браты-славяне так сябе паводзяць.

Але мы, украінцы, мы вытрымаем. У мяне ўнук ганарыцца тым, што ён украінец. Мы, украінцы, любім свабоду. Вельмі любім. І нікому не дазволім нашу свабоду адбіраць!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG