Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск разглядаюць як нэўтральную пляцоўку для перамоваў паміж Украінай і Расеяй. «Менск не атрымае ад гэтага ніякіх дывідэндаў» — палітоляг


Упаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе Ірына Герашчанка заявіла, што трэцяя сустрэча кантактнай групы Ўкраіна — АБСЭ — Расея можа адбыцца ў Менску.

«Вам вядома, што прынята рашэньне аб аднаўленьні працы так званай кантактнай групы трохбаковай. Ня выключана, што чарговае пасяджэньне гэтай кантактнай групы будзе праведзена не на ўсходзе Украіны. Магчыма, гэта будзе Менск», — сказала яна журналістам у аўторак.

«Абмяркоўваецца такая магчымасьць, каб яшчэ раз стварыць умовы для выніковай працы так званай кантактнай групы, Украіну ў якой прадстаўляе прэзыдэнт Леанід Кучма».

Як паведамлялася, першае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы адбылося 8 чэрвеня ў Кіеве.

У МЗС Беларусі Свабодзе паведамілі, што інфармацыя пра магчымае правядзеньне ў Менску перамоваў па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе ўдакладняецца.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў не чакае, што перанос перамоваў у Менск неяк адаб’ецца на іх выніку:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Наўрад ці гэта нейкім чынам адаб’ецца на выніку перамоваў. Месца сустрэчы не адыгрывае ніякай ролі, — кажа палітоляг Андрэй Фёдараў. — Магчыма, каб праводзіць перамовы ў Кіеве, ёсьць нейкія тэхнічныя перашкоды. Магчыма, адзін з варагуючых бакоў, напрыклад, сэпаратысты, не жадае ехаць у Кіеў. І для іх Менск выглядае больш нэўтральнай пляцоўкай».

«Менск як месца перамоваў — гэта тэхнічны момант. На вынікі гэта ніяк не паўплывае. І афіцыйны Менск не атрымае ад гэтага ніякіх дывідэндаў. Ну, можа, арэнду заплацяць», — лічыць Фёдараў.

Адказваючы на пытаньне, ці магчымае зьяўленьне другой па ліку гэтак званай Менскай групы (першая некалі займалася ўрэгуляваньнем канфлікту ў Нагорным Карабаху), Андрэй Фёдараў сказаў:

«Тэарэтычна гэта ня выключана. Але на практыцы наўрад ці будзе яшчэ адна Менская група. Менская група па Нагорным Карабаху называецца менавіта так, бо ў свой час наш першы міністар замежных спраў Пятро Краўчанка прапанаваў менавіта ў Менску зрабіць пасярэдніцкі пункт. Але акрамя назвы ад Менску там, здаецца, ужо нічога не засталося. І паседжаньні той групы праходзяць дзе заўгодна, але ня ў Менску. І канфлікт ніякім чынам ня вырашаны».

XS
SM
MD
LG