Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі тур, які можна было сарваць


Ноч з 23 на 24 чэрвеня, калі падлічваліся вынікі галасаваньня ў першым туры выбараў, я ў якасьці даверанай асобы Зянона Пазьняка правёў у Цэнтральнай выбарчай камісіі, прычым — у кабінэце яе старшыні Аляксандра Абрамовіча. Да яго сьцякаліся дадзеныя з абласных камісіяў, і ужо гадзіны ў тры ночы быў папярэдні вынік: перамог Аляксандар Лукашэнка, ён атрымаў каля 54-56 працэнтаў галасоў. Другім за ім ішоў Пазьняк, потым — Шушкевіч, а Кебіч быў на чацьвёртым месцы.

Я паехаў у штаб-кватэру БНФ на Варвашэні, 8, дзе працавала Грамадзкая кантрольная камісія і куды прыходзілі вынікі ад назіральнікаў. Розьніца ў дадзеных была 1,5-2 працэнты. Лукашэнка выйграваў.

Гадзіне а чацьвертай раніцы паехаў дадому, ва Ўручча. Ужо было сьветла. Горад быў пусты. Я гнаў машыну на вялікай хуткасьці. Упершыню было адчуваньне, што гэты горад мне — чужы. Праяжджаў мікрараён Усход, з правага боку былі панэльныя шматпавярховікі, было жаданьне як мага хутчэй праскочыць гэтыя дамы, дзе, як аказалася, жывуць абсалютна чужыя мне людзі. Людзі, дзеля якіх мы аддавалі гэтулькі сілаў — а яны аказаліся зусім не такімі, як я ўяўляў.

Справа ў тым, што ў часе кампаніі я ня бачыў ніводнага чалавека, які зьбіраўся галасаваць за Лукашэнку (зразумела, калі не лічыць самога Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў). На сустрэчы з Пазьняком прыходзілі тысячы прыхільнікаў лідэра БНФ — пры гэтым я разумеў, што і праціўнікаў у Пазьняка ня меней. Быў гатовы да таго, што перамогу возьме Кебіч. Але — Лукашэнка? Такога — не чакаў.

У мяне было прыблізна такое пачуцьцё, як дзесяць год перад тым, калі па заканчэньні ўнівэрсытэту кіраўніцтва дэканату паставіла перада мной дылему: альбо дыплём і войска, альбо — дыплёму ня будзе. Прыйшлося ісьці ў войска. І тады ў мяне было яснае разуменьне, што наперадзе — два гады, якія можна ўжо цяпер выкрэсьліваць з жыцьця. Якія проста трэба — вось ужо сапраўды трапнае вызначэньне — аддаць, «аддаць Радзіме». Цяпер было ўсьведамленьне таго самага, толькі час будзе страчаны ўжо не для аднаго мяне, а для мільёнаў.

Напэўна, такія ці падобныя пачуцьці ў тыя гадзіны перажываў не адзін я — тут яшчэ ўплывалі і напружаньне апошніх дзён, і бяссонная ноч. Удзень эмоцыі саступілі месца розуму.

Таксама сталі вядомыя афіцыйныя вынікі: Лукашэнка — 45,1%, Кебіч — 17,4%, Пазьняк — 12,9%, Шушкевіч — 9,9%, Дубко— 6,0%, Новікаў — 4,6 %.

І дарэмна я наракаў на менчукоў — Лукашэнка хаця і ўзяў у сталіцы больш за іншых, але 28 адсоткаў, значна менш, чым у большасьці іншых гарадоў.

Такім чынам, мусіў быць другі тур, у які выходзілі Лукашэнка і Кебіч.

Мне патэлефанаваў Дзьмітры Булахаў і запытаўся, ці не хацелі б мы апратэставаць вынікі выбараў. «Ты ж разумееш, Сяргей, Лукашэнка ўсё роўна пераможа, калі не цяпер, дык у другім туры. А ў вас, у БНФ, будзе ганаровае другое месца». Булахаў сказаў, што і штаб Лукашэнкі зьбіраецца апратэстоўваць афіцыйныя вынікі. Зразумела, што я ня мог даваць адказ — трэба было абмеркаваць сытуацыю з Пазьняком і нашай камандай, аднак паплечнікі Лукашэнкі празь некалькі гадзінаў адмовіліся ад гэтай ідэі.

«Паводле Грамадзкай кантрольнай камісіі, Лукашэнка перамагае ўжо ў першым туры, аднак ягоны штаб не прадпрымае ніякіх дзеяньняў, каб аспрэчыць абвешчаныя Цэнтравыбаркамам вынікі», — піша ў сваёй кнізе Аляксандар Фядута і тлумачыць, чаму не прадпрымае: «У выніку іх афіцыйнага абвяржэньня выбары маглі быць прызнаныя несапраўднымі, а намэнклятура атрымала б шанец ачуняць ад перапуду і не дапусьціць паўторнага вылучэньня Лукашэнкі» (Фядута. «Лукашенко. Политическая биография», стар. 167).

Зразумела, што апратэстоўваньне вынікаў першага тура адной толькі камандай Пазьняка ня мела сэнсу.

2 ліпеня прайшоў Сойм БНФ.

«Зянон Пазьняк прааналізаваў перадвыбарчую сытуацыю ды вынікі першага туру выбараў. Зманапалізаваныя ўрадам сродкі інфармацыі стварылі Фронту вобраз „нацыяналістычнай“ і разбуральнай сілы, таму падчас перадвыбарчай барацьбы мы мусілі зьмяніць гэты стэрэатып у масавай сьвядомасьці. У значнай ступені гэта было дасягнута. Цяпер нават непрыхільнікі змушаныя прызнаць, што Фронт — адзіная канструктыўная сіла ў нашым грамадзтве. Перамога Лукашэнкі ў першым туры — вынік крызісу ў грамадзтве. У такія часы народ жыве ня розумам, а міталёгіяй, людзі прагнуць цуду, і калі зьяўляецца новы чалавек які абяцае гэты цуд, ён успрымаецца як збаўца. Лукашэнка прыйшоў на глебу, якую Фронт рыхтаваў шматгадовай антыкамуністычнай і антыўрадавай прапагандысцкай працай. Зянон Пазьняк падкрэсьліў, што ніхто з кандыдатаў, якія выйшлі ў другі тур, не задавальняюць Фронт і не адпавядаюць патрабаваньням грамадзтва, бо яны — адна каманда. Хто б з дваіх ні перамог — гэта азначае разбурэньне эканомікі, інфляцыю, халодную зіму. У такой сытуацыі найлепшы для краіны варыянт — каб выбары не адбыліся, каб народ не прыйшоў галасаваць». (Газэта «Свабода», 5 ліпеня 1994).

Было прынята рашэньне Сойму, у якім адзначалася, што «шмат людзей, зразумеўшы згубнасьць палітыкі Кебіча і ягонага ўраду, тым ня менш не аддалі галасы за стваральны, канструктыўны шлях выйсьця Бацькаўшчыны з крызісу, а пайшлі за папулістычнаю фразаю і скандальнай папулярнасьцю А. Лукашэнкі. Нашыя суграмадзяне не змаглі разгледзець за крыклівымі абяцаньнямі Лукашэнкі тую самую мафіёзную намэнклятуру, толькі маладзейшую і больш агрэсіўную. У выпадку выбраньня Лукашэнкі на пасаду Прэзыдэнта Беларусі падоўжыцца развал эканомікі, будзе працягвацца здача незалежнасьці нашай краіны... У другім туры выбараў мы ня будзем галасаваць ні за старую, ні за новую намэнклятуру. Народны Фронт ня пойдзе на гэтыя выбары бяз выбару, якія падштурхоўваюць народ да прорвы».

«Калі нічога ня зьменіцца, прычым у самым бліжэйшым часе, калі ня сядуць за стол перамоваў палітыкі, і не паразумнее народ, Беларусь чакае вельмі сумны час, вельмі...» — сказаў у інтэрвію газэце «Беларуская маладзёжная» Генадзь Карпенка«.

Затое Аляксандар Лукашэнка быў поўны аптымізму, праводзіў сустрэчы, і 1 ліпеня наведаў КДБ. «Стаўка на КДБ па ўсёй вэртыкалі, — сказаў кандыдат. Ён адзначыў, што разгону КДБ або скарачэньня кадраў пад выглядам рэформаў ня будзе», — паведаміў Белінфарм («Чырвоная зьмена», 5 ліпеня 1994 г.).

На другі ці на трэці дзень пасьля першага туру мне патэлефанавалі са штабу Кебіча (была гаворка і з самім Кебічам). У мяне спыталі, ці разумею я ўсю складанасьць сытуацыі і ці ня мог бы Беларускі Народны Фронт у гэты няпросты момант падтрымаць Вячаслава Францавіча.

Я адказаў, што складанасьць сытуацыі разумею (мы, Апазыцыя БНФ, прадбачылі яе яшчэ тады, калі Кебіч з паплечнікамі праводзілі ў Канстытуцыю прэзыдэнцтва). Але Кебіча падтрымаць БНФ ня можа — ды ўвогуле нерэальна, каб ён перамог з чыёй бы то ні было падтрымкай.

Гэтыя словы я вымавіў лёгка, бо стаўленьне да Кебіча было ўстойліва адмоўным. А вось наступнае было экспромтам — я прапанаваў Кебічу зьняць сваю кандыдатуру. Вялікая частка выбаршчыкаў ішла галасаваць ня столькі за Лукашэнку, колькі супраць Кебіча (уяўляю, як непрыемна было Вячаславу Францавічу гэта чуць — праўда, чуў ён гэта ня першы раз). І калі прозьвішча прэм’ера ня будзе ў бюлетэнях, дык ня будзе каго выкрэсьліваць, і людзі проста ня прыйдуць на выбары. Трэба па дзяржаўных СМІ патлумачыць людзям сытуацыю, безумоўна, што эфір для гэтага павінен быць дадзены і камандзе Пазьняка. А мы, Народны Фронт, здымем усіх 7 тысяч назіральнікаў з выбарчых участкаў. Я сказаў таксама, што Пазьняк ня будзе настойваць на тым, каб патрапіць у бюлетэні як кандыдат, які афіцыйна выйшаў на трэцяе месца.

У адказ я пачуў, што — «Мы падумаем». Праз некалькі хвілінаў мне ператэлефанавалі і сказалі, што мая прапанова цікавая, але «вось тут Іван Іванавіч Антановіч кажа, што ў Вячаслава Францавіча ёсьць шанцы і варта пазмагацца». У адказ я параіў яшчэ раз падумаць.

Прапанову Кебічу я выказаў, што называецца, «сходу» — у мяне не было магчымасьці параіцца з Пазьняком ці кім-небудзь з Кіраўніцтва Фронту. Але я адразу паехаў на Варвашэні, 8.

Прапанаваны варыянт быў адразу ўхвалены.

Мы абмеркавалі розныя аспэкты такога кроку, і ён выглядаў цалкам прадуктыўным.

Па-першае, сапраўды, зьняцьце Кебічам сваёй кандыдатуры «выпусьціла б пару» — пазбавіла б цікавасьці да выбараў даволі значную частку тых, хто ішоў галасаваць «супраць Кебіча».

Па-другое, у бюлетэні застаўся б адзін Лукашэнка. Закон «Аб выбарах Прэзыдэнта» у артыкуле 36 («Другі тур галасаваньня») вызначаў, што другі тут праводзіцца «па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасьць галасоў выбаршчыкаў». Але закон не вызначаў, што рабіць, калі «другі» зьняўся з выбараў« — было толькі сказана, што «Калі ў сувязі са зьняцьцем кандыдатур застаецца адзін кандыдат, другі тур галасаваньня праводзіцца па яго кандыдатуры». Тут можна разглядаць розныя варыянты — напрыклад, што зьняліся Кебіч і Пазьняк, а чацьвёрты — Шушкевіч — пажадаў удзельнічаць у выбарах. Або зьняліся Кебіч, Пазьняк і Шушкевіч, а разам з Лукашэнкам у другім туры апынуўся Дубко. Але, як памятаю, у ЦВК нам патлумачылі, што фраза «па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасьць галасоў» — азначае ў дадзеным выпадку па Лукашэнку і па Кебічу; калі нехта зь іх здымаецца, у бюлетэні застаецца адзін.

Калі ж у бюлетэні застаецца адзін — інтрыга зьнікае. Зьмяншаецца і цікавасьць да выбараў.

Па-трэцяе, мы ведалі, што нейкая частка прыхільнікаў Пазьняка ў другім туры будзе галасаваць за Лукашэнку (бо ён успрымаўся імі як «таксама ня быў ва ўладзе»; я нават са зьдзіўленьнем даведваўся, што некаторыя лічылі, што «Пазьняк і Лукашэнка — паплечнікі, бо супраць Кебіча»). Мы разьлічвалі (думаю, слушна), што выступ Пазьняка па тэлебачаньні і ў іншых дзяржаўных СМІ (а лепей і не адзін выступ, разам з камандай) і падрабязныя тлумачэньні пазбавілі б іх ілюзіяў.

Па-чацьвёртае, у выпадку, калі б мы зьнялі сваіх назіральнікаў (а яны былі на кожным выбарчым участку) — улада б выявіла сваю незацікаўленасьць у тым, каб другі тур адбыўся, і скарыстала б, як гэта назвалі пазьней, «адміністрацыйны рэсурс». Нагадаю, што Апазыцыя БНФ не галасавала за «прэзыдэнцкія» разьдзелы Канстытуцыі, за саму Канстытуцыю, якая ўводзіла прэзыдэнцтва, і мы ад пачатку ставілі пад сумнеў легітымнасьць увядзеньня прэзыдэнцтва.

У выпадку, калі б другі тур не адбыўся, Закон прадугледжваў правядзеньне паўторных выбараў з паўторным вылучэньнем кандыдатаў. Канешне, на выбарах мог ізноў вылучыцца Лукашэнка, але за гэты час ягоны імідж «народнага заступніка» мог быць разбураны. Тут, аднак, шмат што залежала ад тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба. У часе выбарчай кампаніі ён займаў падкрэсьлена нэўтральную пазыцыю. Але цяпер ён мог бы пераканаць Кебіча зьняць сваю кандыдатуру. Таксама, на паўторных выбарах ён мог вылучыцца сам і меў бы неблагія шанцы — Грыб ня быў скампрамэтаваны ў грамадзкай сьвядомасьці, як Кебіч. Нарэшце, можна было вярнуцца да перагляду Закону аб выбарах ці нават Канстытуцыі, з выкрэсьліваньнем зь яе прэзыдэнцкіх разьдзелаў.

Таму трэба было паразмаўляць з Грыбам. У тыя дні ён адпачываў у санаторыі «Радон» у сваім родным Дзятлаўскім раёне. Мы з Пазьняком і яшчэ двума фронтаўцамі паехалі туды. Пазьняк застаўся ў машыне, я пайшоў у нумар «люкс», дзе жыў Грыб. Пакуль ён пераапранаўся (толькі што вярнуўся з працэдураў), я заўважыў у яго на стале мініятурнае выданьне новай Канстытуцыі. «Увесь час чытаю», — сказаў Мечыслаў Іванавіч.

Разам з Грыбам і целаахоўнікам мы спусьціліся ў двор санаторыя. Я пайшоў па Пазьняка. Мы ўчатырох углыбіліся ў невялікі гай. Потым мы з ахоўнікам спыніліся, Грыб з Пазьняком адышлі мэтраў на дваццаць. Гутарылі нядоўга, хвілін дзесяць.

Да Мечыслава Грыба часоў яго дэпутацтва і сьпікерства можна прад’явіць шмат прэтэнзіяў — але ў гэты момант ён выявіў належную ступень адказнасьці і поўнае ўсьведамленьне інтарэсаў беларускай дзяржавы.

Цяпер усё залежала ад Кебіча.

Мы ня ведалі, што робіцца ў штабе Кебіча — пазьней ён напісаў у мэмуарах, што «члены штабу выказваліся за байкот другога туру. Грамадзкая думка да такога выніку выбараў маральна гатовая. Людзі зразумеюць, што Вы ідзяце на гэты крайні крок у інтарэсах краіны, — пераконвалі мяне». А некаторыя прапаноўвалі, сфальшаваўшы выбары і заняўшы пасаду прэзыдэнта, «зрабіць бліскучы жэст — вынесьці на паседжаньне Вярхоўнага Савету пытаньне пра скасаваньне прэзыдэнцкай формы кіраваньня як несвоечасовай і не адпавядаючай нацыянальным традыцыям краіны» (Вячаслаў Кебіч, «Искушение властью», стар. 431). Дадам, што вынесьці пытаньне пра скасаваньне прэзыдэнцтва можна было і без абраньня Кебіча праз фальсыфікацыі.

У той момант мы ня ведалі таксама, што робіцца ў штабе Лукашэнкі.

А ў штабе была паніка.

Зьняцьце Кебіча і зрыў другога туру — гэта тое, чаго больш за ўсё баяліся лукашэнкаўцы.

«Прыйдзіце на выбары, ня дайце іх сарваць. Зянон Станіслававіч, зьвяртаюся да вас асабіста: ня трэба байкатаваць выбары!» — заклікаў Аляксандар Фядута, і тут жа прадставіў Лукашэнку як фігуру, якая «шчыра жадае супрацоўнічаць з усімі партыямі, рухамі і грамадзкімі арганізацыямі» (Газэта «Беларуская маладзёжная», 4, 1994).

Празь дзесяць гадоў Фядута прыгадаў:

«У чыноўнікаў яшчэ быў шанец не дапусьціць перамогі Лукашэнкі: ім было дастаткова сарваць другі тур выбараў. Гэтага вельмі баяліся ў нашым перадвыбарчым штабе. Было бачна, як нэрвова курыў звычайна спакойны Сініцын, калі размова заходзіла пра другі тур: а раптам Кебіч здыме сваю кандыдатуру? Што тады? Будзе галасаваньне па кандыдатуры Лукашэнкі альбо разам зь ягоным прозьвішчам у бюлетэні зьявіцца прозьвішча «бронзавага прызёра „прэзыдэнцкай гонкі“ — Зянона Пазьняка? Гэта непазьбежна спрацавала б на паніжэньня яўкі, як і наяўнасьць у бюлетэні аднаго прозьвішча. Але прэм’ер аказаўся цялём, асуджаным на сьмерць. Яго вялі на забой — і ён ішоў, пакорліва схіліўшы галаву і не супраціўляючыся». (Аляксандар Фядута, «Лукашенко. Полтитическая биография», с.170-171).

І сапраўды — выглядала, што Кебіч робіць усё, каб толькі падыграць Лукашэнку. Альбо нехта яго штурхае ў гэтым накірунку. Пазьней Аляксандар Фядута прыгадваў, што ў камандзе Лукашэнкі хоць і былі ўпэўненыя ў перамозе (Кебіч ня зьняўся), але вельмі хацелі падмацаваць пазыцыі Лукашэнкі ўдзелам у дэбатах. І баяліся, каб каманда Кебіча не адмовілася. Каманда не адмовілася.

На гэтых дэбатах, якія прайшлі 7 ліпеня, зьніклі апошнія спадзяваньні, што Кебіч здымецца. Наадварот — ён заклікаў людзей прыйсьці на выбары.

Кебіч: «Дарагія суграмадзяне, я запрашаю вас прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, аддаць свае галасы».

Лукашэнка не хаваў, што ў яго «гара звалілася з плеч»: «Выбары павінны адбыцца, Вячаслаў Францавіч заклікаў зараз усіх на выбары. Гэта здымае шмат у чым зь мяне напружаньне».

Акрамя Кебіча і Лукашэнкі, у студыі быў вядоўца Эдуард Мельнікаў (пазьней ён будзе весьці перадачу «Форум» на канале Белсат), у самым пачатку, яшчэ перад дэбатамі, ён паспрабаваў унесьці нешта непалітычнае. Цяпер нельга без трымценьня чытаць гэтыя словы ў стэнаграме:

«... сёньня Купальле — старажытнае славянскае сьвята. Вы ведаеце, Папараць-кветка, пошукі шчасьця, усё гэта блізка да таго, пра што мы цяпер думаем. Пазваніў сёньня бацька зь вёскі і сказаў, што моладзь ізноў паламала платы і закінула кудысьці ўсе брамкі. Словам, гэта ўсё вельмі блізка, таму што пошукі нашага шчасьця агульнага наўпрост зьвязаныя з тым, які лёс мы абярэм».

Дэбаты сабралі, можа быць, самую вялікую за ўсе часы тэлевізійную аўдыторыю. Лукашэнка і Кебіч кідалі адзін аднаму ўзаемныя папрокі, Лукашэнка абвінавачваў Кебіча ў падпісаньні Віскулёўскіх пагадненьняў, Кебіч апраўдваўся, абодва спрачаліся, хто зь іх больш любіць Расею і хто хутчэй увядзе расейскі рубель.

Чаму Кебіч пайшоў на другі тур? Перадаверыўся сваім дарадцам? Дарадцы гэтыя — усе былі наіўныя і ня бачылі, што выйгрыш Кебіча нерэальны? А можа, гэта быў тонка разьлічаны плян? І той, хто распрацоўваў гэты плян, разумеў, што выгадны для яго Кебіч прайсьці ня можа, затое можа паспрыяць праходу ў прэзыдэнцкае крэсла яшчэ больш выгаднага Лукашэнкі?

Вынікі другога туру выбараў, які адбыўся 10 ліпеня, далі Аляксандру Лукашэнку 80,1% галасоў. Вячаслаў Кебіч атрымаў 14,1%.

«Цяпер, праз шмат гадоў, я не лічу, што пацярпеў поўную паразу, — пісаў Кебіч. — Па сутнасьці, мы выступалі з Аляксандрам Лукашэнкам з аднолькавых палітычных пазыцый, змагаліся не адзін з адным, а за прэзыдэнцкае крэсла, розьніца была толькі ў падыходах да дасягненьня пастаўленых мэтаў. І таму галоўным вынікам першага туру варта, мабыць, лічыць паразу стаўленікаў нацыяналістычных сіл Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча. Чый уклад у агульную перамогу над кандыдатамі ад БНФ, мой ці Аляксандра Лукашэнкі, быў больш важкім, хай вырашыць час» (Вячаслаў Кебіч, «Искушение властью», стар. 434).

Кебіч не дагаварыў: ён зрабіў вялікі ўнёсак ня толькі ў паразу «стаўленікаў нацыяналістычных сілаў» у першым туры, але і ў канчатковую перамогу Аляксандра Лукашэнкі ў туры другім. І сапраўды: супраць нацыянальнага Адраджэньня Кебіч і Лукашэнка працавалі разам.

«Намэнклятура ў Беларусі замацавала свае пазыцыі — пракамэнтаваў вынікі выбараў Зянон Пазьняку інтэрвію „Зьвязьдзе“. — Толькі замест адной, партакратычнай вярхушкі, зараз прыйшла другая, якая зьбіраецца праводзіць антыдзяржаўную, антыбеларускую палітыку, накіраваную на падрыў нашай незалежнасьці... БНФ ня будзе супрацоўнічаць зь людзьмі, якія зьневажаюць нацыянальную сымболіку, Канстытуцыю, зьбіраюцца ператварыць Беларусь у расейскую калёнію... Ва ўмовах, што склаліся ў Беларусі, я заяўляю, што БНФ — адзіная канструктыўная сіла, якая адстойвае інтарэсы свайго народа. Мы пачалі рэфармаваць свой Ценявы кабінэт. Разам з прафэсіяналамі распрацоўваем канцэптуальныя палажэньні выхаду Беларусі з крызісу. Рыхтуемся да парлямэнцкіх выбараў, а значыць, верым у розум нашай нацыі. Жыве Беларусь!» («Звязда», 13 ліпеня 1994 г).

Хаця Пазьняк і казаў, што мы ня будзем супрацоўнічаць зь людзьмі, якія зьбіраюцца ператварыць Беларусь у расейскую калёнію, але адразу пасьля інаўгурацыі, у канцы ліпеня, Ценявы кабінэт прааналізаваў праект Дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй. Мы выказалі свае заўвагі і прапановы па кожным пункце гэтага вельмі небясьпечнага для незалежнасьці краіны дакумэнту. Наш аналіз я перадаў кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніду Сініцыну. Ніякага адказу мы не атрымалі — гэтак выявілася пазыцыя Лукашэнкі, які, як запэўніваў Фядута, «шчыра жадае супрацоўнічаць з усімі партыямі і рухамі і грамадзкімі арганізацыямі».

Але гэта было ўжо пасьля інаўгурацыі, якая адбылася 20 ліпеня ў Авальнай залі, дзе Аляксандар Лукашэнка прымаў віншаваньні дэпутатаў.

«Што ж, можна хіба павіншаваць беларусаў зь мінулымі выбарамі, — скажа праз год у інтэрвію Радыё Свабода Васіль Быкаў. — Горай ня зробіш. Для сябе, для грамадзтва, для нашчадкаў — таксама».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG