Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве больш няма Савецкай плошчы. А Ратушнай няма яшчэ


Дэпутаты Магілёўскага гарсавету прагаласавалі за тое, каб перайменаваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы. Хоць грамадзкія актывісты дамагаліся, каб плошчу назвалі Ратушнай.

Прадстаўнікі магілёўскай грамадзкасьці, якія гуртуюцца вакол суполкі «Грамадзкі магістрат», прапаноўвалі гарсавету зладзіць мясцовы рэфэрэндум з пытаньнем, як павінна называцца цэнтральная плошча гораду.

Аднак гарадзкія ўлады праігнаравалі гэтую прапанову.

«Вельмі дрэнна, што дэпутаты нават не прынялі да ведама, што наконт гэтага думае насельніцтва. Мы ладзілі апытаньне праз сацыяльную сетку „Ўкантакце“. 70% удзельнікаў апытаньня выступалі за тое, каб вярнулі старую назву», — заявіў Радыё Свабода Аляксандар Сілкоў, актывіст ініцыятывы «Грамадзкі магістрат».

«Мы супраць варыянту „Савецкая“ і супраць варыянту „Славы“. Пакіньце старую назву! Але ёсьць пазытыўны момант, што адмовіліся ад назвы Савецкая», — адзначае Сілкоў.

У розныя часы і эпохі плошча насіла розныя назвы. За часамі магдэбурскай вольнасьці яна была Гандлёвай. Калі прыйшлі расейцы, стала Губэрнатарскай, пазьней Думскай. За бальшавікамі — плошчай Свабоды. Пасьля Другой усясьветнай вайны стала Савецкай. У 1982 годзе на ёй узьвялі мэмарыял «Барацьбітам за Савецкую ўладу». Тады Магілёву ўручылі ордэн Айчыннай вайны.

XS
SM
MD
LG