Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі войскі на менскім парадзе: «Тыгры», «Алігатары» і Шаманаў на чале


Стаў вядомы сьпіс расейскай вайсковай тэхнікі, якая будзе ўдзельнічаць у парадзе ў Менску на дзяржаўнае сьвята 3 ліпеня.

«Узброеныя сілы Расеі будуць прадстаўлены парадным разьлікам паветрана-дэсантных войскаў з 170 дэсантнікаў Пскоўскага дэсантна-штурмавога злучэньня», — паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі.

Іншая расейская тэхніка, якая будзе ўдзельнічаць у парадзе:

  • 8 установак зэнітных ракетных сыстэмаў С-400 «Трыюмф»;
  • 8 самаходных установак апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр»;
  • 16 браніраваных шматмэтавых аўтамабіляў «Тыгр»;
  • 5 зьнішчальнікаў-бамбавікоў Су-34;
  • 5 ўдарных верталётаў Ка-52 «Алігатар».

«Перабазаваньне авіятэхнікі і асабістага складу ў Беларусь для ўдзелу ў вайсковым парадзе было ажыцьцёўлена загадзя», — адзначылі ў Мінабароны РФ.

Тым часам ад панядзелка ў Беларусі знаходзіцца афіцыйная расейская дэлегацыя, якую ачольвае камандзір паветрана-дэсантных войскаў РФ генэрал-палкоўнік Уладзімер Шаманаў.

«На працягу шасьці дзён дэлегацыя на чале з генэрал-палкоўнікам Шаманавым наведае 103 і 38 гвардзейскiя асобныя брыгады, 5 асобную брыгаду спэцыяльнага прызначэньня, дзе азнаёміцца з арганізацыяй баявой падрыхтоўкі, умовамі службы і побыту асабістага складу», — рапартуе прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG