Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва у справе Ігара Пцічкіна: ён ужываў наркотыкі


Акцыя памяці Ігара Пцічкіна

Акцыя памяці Ігара Пцічкіна

Сьледчыя ў справе аб сьмерці ў ізалятары на Валадарскага ў жніўні мінулага году жыхара Менску Ігара Пцічкіна заяўляюць, што ён з 2011 году ўжываў наркотыкі і нават быў здабытчыкам забароненых курыльных сумесяў.

Паводле Сьледчага камітэту, Ігар Пцічкін фігуруе ў крымінальнай справе аб распаўсюдзе наркотыкаў. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла Жана Пцічкіна, маці памерлага, якая лічыць, што яе сына забілі ў ізалятары ахоўнікі.

Маці Ігара Пцічкіна

Маці Ігара Пцічкіна

«30 чэрвеня мяне выклікалі да сьледчага і там паведамілі, што Ігара прызналі наркаманам і што супраць яго вядзецца крымінальная справа. Сказалі, што ягоная дзяўчына і сябры нібыта далі паказаньні, што ён рэгулярна ўжываў наркотыкі. Але гэта ня так. Тыя, каго згадалі сьледчыя, сапраўды прызналі, што каштавалі тыя курыльныя сумесі па разу, але ніхто не пацьвердзіў, што гэта было часта і што Ігар ужываў іх з 2011 году. Мяркую, яго і на Валадарцы таму забілі, што выбівалі зь яго прызнаньне ў гэтай справе аб распаўсюдзе наркотыкаў, чаго ён не рабіў. Ні на воднае з пытаньняў, якія я ставіла перад сьледзтвам, адказу пакуль я не пачула: чаму ў яго былі сінякі на твары, чаму сьляды зьбіцьця? Ім выгадна казаць, што ён быў наркаманам, бо тады можна зьняць адказнасьць і з турэмшчыкаў», – пракамэнтавала зьвесткі Жана Пцічкіна.

Нагадаем, спачатку кіраўніцтва ізалятару на Валадаркага заявіла сваякам Ігара Пцічкіна, што той памёр ад хваробы сэрца. Пазьней было сказана, што ў Пцічкіна, паколькі ён быў наркаманам, у ізалятары разьвілася псыхічнае захворваньне і яго мусілі зьмясьціць ў мэдычнае аддзяленьне, дзе замацавалі да ложка рамянямі, бо ён спрабаваў вырвацца.

«Але афіцыйна пацьверджаную прычыну сьмерці нам дагэтуль не паведамілі» – заяўляе Жана Пцічкіна.

У верасьні мінулага году сваякі і сябры Ігара Пцічкіна паспрабавалі зладзіць каля турмы на Валадарскага пікет памяці памерлага, але былі затрыманыя разам з журналістамі, якія асьвятлялі акцыю. Частка ўдзельнікаў пікету былі асуджаныя на арышт, маці Ігара Пцічкіна аштрафаваная. Толькі пасьля гэтых падзей Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу аб сьмерці Ігара Пцічкіна, якая дагэтуль не завершаная. Вядома, што ў межах справы выстаўленае абвінавачаньне супрацоўніку мэдычнай часткі ізалятару.

XS
SM
MD
LG