Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі прапануюць увесьці мараторый на праверкі і штрафы


Беларускія прадпрымальнікі прапануюць увесьці мараторый на правядзеньне кантрольных праверак і на штрафы, якія могуць узьнікнуць пасьля ўвядзеньня ў дзеяньне Ўказу № 222 і тэхнічнага рэглямэнту Мытнага Саюзу аб бясьпецы прадукцыі лёгкай прамысловасьці.

Гэта замацавана ў выніковай рэзалюцыі ўдзельнікаў Форуму прадпрымальнікаў, які прайшоў 30 чэрвеня ў Менску.

На форум прадпрымальнікаў, арганізаваны рэспубліканскім аб’яднаньнем «Пэрспэктыва», прыехала каля 250 прадстаўнікоў малога бізнэсу са сталіцы і розных рэгіёнаў. Чыноўнікаў запрашалі з усіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў: Мінэканомікі, Мінгандлю, Міністэрства падаткаў і збораў, Дзяржаўнага мытнага камітэту. Прыйшоў толькі адзін — намесьнік начальніка ўпраўленьня Міністэрства гандлю Андрэй Мяшкоў. Таму ўсе прэтэнзіі давялося выслухаць яму.



Прадпрымальніца Сьвятлана возіць з Расеі купальнікі і бялізну. Яна распавяла, што з раніцы абзвоньвае ўсе фірмы-пастаўшчыкі, ад Масквы да рэгіёнаў, і калі просіць дакумэнты, сэртыфікаты, яны адказваюць:

«Дакумэнты мы вам дамо, а сэртыфікатаў у нас няма. У нас сэртыфікаты толькі Расейскай Фэдэрацыі, а Мытнага зьвязу ў нас няма». Я пытаюся: «Можа, вы іх будзеце рабіць?» Яны адказваюць: «Не, яны нам не патрэбныя». Так, мы прадамо рэшткі тавару за тры месяцы. А далей што?"

З 1 ліпеня згодна з указам прэзыдэнта № 222 індывідуальны прадпрымальнік мусіць мець дакумэнты і сэртыфікаты на ўсе тавары, якія ўвозяцца ў Беларусь. Праблема адна: дзе ўзяць дакумэнты? У Расеі ніхто іх беларускім прадпрымальнікам не дае, кажа берасьцейская прадпрымальніца Сьвятлана Кустус:

«Перш за ўсё трэба вырашаць праблему ў Расеі, каб прадпрымальнікі маглі свой тавар легальна набываць, легальна ўвозіць, вяртаць НДС. Мы — канцавое зьвяно. І пачынаць трэба з аптавікоў, а ня з нас. А загнаць нас у кут — гэта азначае паралізаваць працу ўсіх прадпрымальнікаў на сёньняшні дзень».

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

Як беларускім прадпрымальнікам дамагчыся ад расейскіх партнэраў выкананьня абавязаньняў, у тым ліку і іхніх, па рэалізацыі пагадненьняў Мытнага саюзу? Прадпрымальнікі ўжо пісалі ў ЕАЭС і прапаноўвалі чыноўнікам з Мытнага саюзу паехаць на Садовы рынак у Маскву, праманіторыць сытуацыю. Адказу няма. Атрымліваецца, толькі Беларусь выконвае патрабаваньні ЕАЭС, Мытнага саюзу. Расея ж гэтыя рашэньні проста ігнаруе. Кіраўнік «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка ад імя ўсіх прадпрымальнікаў зрабіў такую выснову:

«Мы ня можам выконваць патрабаваньні нашага ўраду з прычыны таго, што самі краіны — гаранты гэтага Мытнага саюзу ня могуць навесьці ў сябе парадак у галіне малога бізнэсу. Ну, відаць, у іх няма такога Лукашэнкі». (Аплядысмэнты).

Чыноўнік зь Міністэрства гандлю Андрэй Мяшкоў больш за дзьве гадзіны ўважліва выслухоўваў прэтэнзіі прадпрымальнікаў. Але падкрэсьліў, што ніякіх паслабленьняў больш ня будзе:

Андрэй Мяшкоў

Андрэй Мяшкоў

«Калі вы сёньня заяўляеце, што вам не даюць дакумэнтаў, гэта ў пэўнай ступені галаўны боль і ваш, і выкочваць гэты шар толькі ў бок дзяржорганаў — маўляў, вы толькі пачуйце нас — нельга. У нас на сёньня ёсьць дастаткова прыкладаў, калі прапануюць для аптовых пакупнікоў тавар з усімі неабходнымі дакумэнтамі».

На гэта адна прадпрымальніца прывяла прыклад: яна бярэ тавар (халаты) у Расеі на прадпрыемстве ўжо 10 гадоў, прадае іх па 150 тысяч. А аптовая база прапануе ёй такі ж самы тавар за 220 тысяч. Дзе лёгіка, навошта такія аптовыя базы?

Прадпрымальніца Сьвятлана Ядкова была некалі на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадпрымальнікамі. Кажа што на той сустрэчы было толькі двое прадпрымальнікаў, астатнія — чыноўнікі. Хоча сустрэцца з Лукашэнкам яшчэ раз, бо лічыць, што прадпрымальнікаў ён проста не пачуў:

«Аляксандар Рыгоравіч! Многія нашы пытаньні проста да вас не дайшлі. Давайце яшчэ раз зьбяромся. Але каб гэта было ня два прадпрымальнікі і 30 міністраў і чыноўнікаў. А каб гэта было хаця б 10 прадпрымальнікаў — сябраў працоўнай групы, якія маглі б выказаць сваю думку. Бо калі кажуць двое супраць трыццаці — іх пачуць вельмі складана».

Больш за чатыры гадзіны ішлі спрэчкі. Прадпрымальнікі прынялі рэзалюцыю, у якой патрабуюць ад уладаў арганізаваць абмеркаваньне сваіх праблемаў непасрэдна з адміністрацыяй прэзыдэнта, абмінаючы ўрад.

Таксама яны патрабуюць стварыць працоўную групу пры адміністрацыі прэзыдэнта па пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці.

А кіраўніку дзяржавы яны прапануюць разгледзець пытаньне «аб прафпрыдатнасьці і ступені адпаведнасьці займаным пасадам чыноўнікаў эканамічнага блёку ўраду», пасьля чаго «знайсьці ім замену з прафэсіяналаў і патрыётаў».

XS
SM
MD
LG