Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія СМІ: падчас перамір’я загінулі каля 20 чалавек


Паводле паведамленьняў украінскіх СМІ, пасьля абвешчанага 20 чэрвеня прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам аднабаковага прыпыненьня агню, на ўсходзе Ўкраіны загінулі каля 20 чалавек.

Адной з апошніх ахвяраў канфлікту быў апэратар расейскага «Першага каналу» Анатоль Клян. Клян атрымаў раненьні ў Данецкай вобласьці ў ноч на 30 чэрвеня і памёр пры рэанімацыі.

Міністэрства замежных спраў Расеі заявіла сёньня, што гібель расейскага апэратара ў пэрыяд перамір’я дэманструе нежаданьне Кіева праводзіць дээскаляцыю канфлікту.

Тым часам намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Віктар Ягун заявіў, што, паводле дадзеных СБУ, на тэрыторыі Расеі ўвесь час дзейнічаюць цэнтры вярбоўкі наймітаў і дывэрсантаў для дэстабілізацыі сытуацыі і падтрымкі тэрарыстаў ва Ўкраіне. Паводле Ягуна, атрыманыя дадзеныя сьведчаць аб наяўнасьці на тэрыторыі Расеі – у прыватнасьці ў Пскове і Таганрогу, горадзе Шахты Растоўскай вобласьці, сяле Молькіна Краснадарскага краю і ў Маскоўскай вобласьці – цэнтраў падрыхтоўкі дывэрсійных групаў для зьдзяйсьненьня тэрарыстычных актаў і дывэрсій.

Аднабаковае спыненьне агню ўрадавымі сіламі канчаецца сёньня ў 22.00. Учора на Майдане ў Кіеве некалькі тысяч чалавек заклікалі прэзыдэнта Ўкраіны адмяніць аднабаковае перамір’е ў Данбасе і ўвесьці там ваеннае становішча.

XS
SM
MD
LG