Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы з Гомельскай вобласьцю Расея негалосна аднавіла кантрольна-прапускныя пункты. Яны не прапускаюць украінскія грузы, а таксама ўкраінцаў, якія ня маюць прапіскі ці сталай працы ў Расейскай Фэдэрацыі. Рэпартаж з расейскага пункту пропуску Чырвоны Камень на трасе Гомель —Бранск.

30 чэрвеня вялікага патоку машын у бок Бранску не назіралася. Ехалі пераважна прыватнікі альбо фуры з грузам з расейскімі й беларускімі нумарамі.

Адзін з супрацоўнікаў расейскага КПП, які назваўся Сяргеем, апавёў:

«Машына беларуская? Страхоўку купіце! Пасьведчаньне кіроўцы, пашпарт маеш — усё, едзеш прама. Украінцам — стаяць! Нельга. Нашых жа не пускаюць туды. І мы не пускаем — разварочвайся назад».

Пільна правяраюць, калі нечакана трапляюцца, украінскія і малдаўскія легкавікі і аўтобусы. Калі ва ўкраінца ёсьць у Расеі сталая праца, прапіска, альбо ён просіць статус уцекача, тады прапускаюць:

«Легкавікі ўсе, а таксама аўтобусы, мікрааўтобусы, рэйсавыя аўтобусы — усіх спыняюць. Ва ўкраінцаў і малдаван дакумэнты правяраюць. Дзяжурыць памежны нарад».

Суразмоўца кажа, што кантроль на КПП вядуць прадстаўнікі трох расейскіх службаў:

«Ёсьць памежнікі, ёсьць дарожная паліцыя, ёсьць транспартная інспэкцыя. Месяц ці крыху больш, як памежнікаў паставілі».



Спадар Уладзімер, беларускі кіроўца зь Берасьцейшчыны, кажа, што возіць грузы ў Расею прыкладна два разы на месяц. Мінулым разам, калі ён кіраваўся ў суседнюю дзяржаву, расейскіх памежнікаў на КПП яшчэ не было. Украінцаў у мікрааўтобусе аглядалі толькі мытнікі:

«Машына стаяла, бусік, яны проста людзей праверылі. Там былі невялікія баулы — можа, кудысьці на будоўлю ехалі. Баулы выгрузілі, і пакуль я афармляўся — назад загрузілі. Не штрафавалі й не затрымлівалі. Валізы проста візуальна праверылі, абмацалі — і ўсё».

Тым часам расейскі партал Pravda.ru паведамляе, што лепшыя часы для ўкраінскіх тавараў у Расеі скончыліся. Падзеньне аб’ёмаў продажу на спажывецкім рынку Ўкраіны ў параўнаньні зь леташнім склала 80 адсоткаў.

Паводле некаторых зьвестак, не прапускае Расея і размытненыя ў Беларусі ўкраінскія тавары, якія належаць беларускім фірмам.

На здымках: Расейскі КПП на мяжы зь Беларусьсю. Фургонаў з украінскімі нумарамі на шляху ў Бранск не сустрэнеш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG