Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатар быў другім «я» Сяргея Краўчанкі


Сяргей Краўчанка
Сяргей Краўчанка

У 65 гадоў памёр знаны актор-купалавец Сяргей Краўчанка. Ён браў удзел практычна ў палове гісторыі славутай айчыннай сцэны, разам з калегамі ствараў гэтую гісторыю, уплываў на яе і зь некалькімі дзясяткамі роляў застаўся ў ёй.

Зь Сяргеем мяне зьвязвалі цёплыя чалавечыя і прафэсійныя адносіны. Я паважаў яго за адданасьць прафэсіі і прафэсіяналізм, інтэлект, адукаванасьць. Апошнім разам мы бачыліся на ўрачыстасьцях з нагоды першай гадавіны прыватнага «Тэатру Ч», у якім ён таксама працаваў. Спачатку быў спэктакль «Дзяды», у якім, як заўсёды, грунтоўна, дакладна даносячы думку аўтара і рэжысэрскі малюнак, інтанацыйна выверана Сяргей выконваў ролю Ксяндза . Затым на банкеце мы размаўлялі зь ім пра не найлепшыя часы сучаснага беларускага тэатру. Ён даволі востра перажываў з гэтай нагоды. Я зьвярнуў увагу на нейкі стомлены выгляд актора. Ведаючы ягонае стаўленьне да працы на сцэне, я аднёс гэта на ягоную незадаволенасьць тым, што цяпер робіць і сам, і тым, у якім стане ягоны родны Купалаўскі тэатар. Але вера ў новыя ролі і ў новую якасьць тэатру заставалася. А вось здароўя, як цяпер стала зразумелым, не хапала. Ён жа, артыст Краўчанка, працягваў выходзіць на сцэну. Ён так жыў заўсёды, што сцэна была перадусім. Яна, сцэна, і трымала яго на гэтым сьвеце, і яна, сцэна, зьнясільвала яго. Тэатар быў яшчэ адным ягоным «я».

Тэатар любіў яго. У любым рэпэртуары і пры любым рэжысэры Сяргею хапала роляў. Не абавязкова галоўныя, не заўсёды вялікія, але ролі ён меў. Бо мог сыграць і рамантычнага героя, і сучаснага яму лузэра, і народны пэрсанаж, выступіць і ў сучаснай заходняй драме, і ў клясычнай п’есе. А ўсё таму, што акрамя прыроднага гнуткага акторскага таленту, выразнай зьнешнасьці, ён яшчэ быў і акторам-інтэлектуалам. Адсюль, скарыстаемся крытычным штампам, ягоны «шырокі дыяпазон».

Сяргей Краўчанка і Віктар Манаеў у спэктаклі "Translation".
Сяргей Краўчанка і Віктар Манаеў у спэктаклі "Translation".


Краўчанка — актор-купалавец з глыбокімі нацыянальнымі ўсьведамленьнямі, з разуменьнем прыроды мэнталітэту беларусаў і адначасна той актор, які быў далучаны да эўрапейскай літаратуры і эўрапейскай тэатральнай традыцыі. Росквіт ягонага таленту прыпаў акурат на той пэрыяд, калі купалаўская сцэна адмяжоўвалася ад побытавага мастацтва, шукала новыя, сучасныя формы. І Сяргей Краўчанка лёгка ўспрымаў новую мову, рэжысэрскія пошукі. У гэты сумны дзень мне ўзгадваецца ягоны летуценны і адначасна драматычны Данілка ў вельмі даўнім, ці ня культавым для нашага пакаленьня спэктаклі «Раскіданае гняздо» паводле Янкі Купалы, ягоныя беларусы — Захар у «Апошнім шанцы» Васіля Быкава і Драгун у «Парозе» Аляксея Дударава, Глушак у «Людзях на балоце» і Возны ў «Пане Тадэвушу». Але найбольш памятаюцца ролі ў заходнім клясычным і сучасным рэпэртуары. Ён выдатна спраўляўся з драматургіяй, якая далёка ня кожнаму беларускаму актору паддаецца. Ібсэн, Стрынбэрг, Жаміяк, Барц, Фрыла нібыта пісалі для яго.

Самымі апошнімі ролямі Сяргея сталі пэрсанажы доўгачаканага на беларускай сцэне Міцкевіча: на купалаўскай сцэне — у «Пане Тадэвушы», на сцэне «Тэатру Ч» — у «Дзядах». Тут выдатна сумясьціліся нацыянальнае ўсьведамленьне і інтэлект актора, гераізм і характарнасьць. Ён нібыта падвёў вынікі свайго акторскага досьведу.

Нацыянальная сцэна зьбяднела на яшчэ аднаго яскравага актора.


Фотагалерэю акторскіх прац Сяргея Краўчакнкі глядзець тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG