Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кангрэсмэн прэзыдэнту: Вызвалі палітвязьняў


Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт

Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт

Кіраўнік дэлегацыі ЗША ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, 28 чэрвеня ў ходзе сустрэчы з прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым узьдняў пытаньне пра палітвязьняў у Азэрбайджане.

Пра гэта Сьміт паведаміў азэрбайджанскай службе Радыё Свабода:

«Я сустрэўся з прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым і ўзьняў пытаньне абароненасьці журналістаў. Шмат журналістаў і блогераў у Азэрбайджане, паводле міжнародных назіральнікаў і арганізацый абароны правоў чалавека, былі зьняволеныя або забітыя па палітычных матывах.

Я таксама ўзьняў пытаньне вязьняў сумленьня, якіх, паводле ацэнкі Amnesty International, у Азэрбайджане 13 чалавек, хоць ніхто насамрэч ня ведае іх дакладнага ліку. Мы спачуваем ім ды заклікаем улады вызваліць іх і гарантаваць у краіне свабоду сходаў, як гэтага патрабуе ня толькі Хэльсынскі заключны акт АБСЭ, але і Ўнівэрсальная дэклярацыя правоў чалавека. Гэта была ветлівая размова, але вельмі адкрытая».

Кангрэсмэн Сьміт таксама выказаў меркаваньне, што дзеля вырашэньня азэрбайджанска-армянскага канфлікту вакол Нагорнага Карабаху варта было б ангажаваць вядомага ў сьвеце палітыка і надзяліць яго міжнародным мандатам адносна вядзеньня перамоваў з абодвума бакамі. На думку Сьміта, такога палітыка мог бы прапанаваць прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт зь Нью-Джэрсі – адзін з аўтараў Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі (Belarus Democracy Act 2004), які вызначыў дапамогу ўраду ЗША палітычным партыям, актывістам грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ і праваабарончым арганізацыям у Беларусі. Крыстафэр Сьміт быў аўтарам прадмовы да кніжкі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». ХХІ стагодзьдзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG