Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве хочуць правесьці мясцовы рэфэрэндум


Савецкая плошча — супрацьстаяньне гістарычнага з савецкім. На пярэднім пляне манумэнт «Барацьбітам за савецкую ўладу», на заднім — Ратуша

Савецкая плошча — супрацьстаяньне гістарычнага з савецкім. На пярэднім пляне манумэнт «Барацьбітам за савецкую ўладу», на заднім — Ратуша

І спытаацца ў жыхароў, ці Савецкую плошчу перайменаваць у плошчу Славы або ў Ратушную?

Прадстаўнікі магілёўскай грамадзкасьці, якія гуртуюцца вакол суполкі «Грамадзкі магістрат», прапануюць гарсавету не сьпяшацца зь перайменаваньнем Савецкай плошчы. Суполка прыняла рэзалюцыю з заклікам да дэпутатаў правесьці мясцовы рэфэрэндум, на які і вынесьці пытаньне пра перайменаваньне найстарэйшага пляцу ў горадзе. Замест прапанаванай уладай новай назвы — плошча Славы — «Грамадзкі магістрат» прапануе сваю: Ратушная плошча.

30 ліпеня адзін з заснавальнікаў «Грамадзкага магістрату» Зьміцер Салаўёў занёс у сакратарыят гарсавету рэзалюцыю суполкі. Падпісанты спадзяюцца, што яе зачытаюць на сэсіі гарсавету, якая адбудзецца 1 ліпеня, і дэпутаты прыслухаюцца да меркаваньня грамадзкасьці.

«Назва „плошча Славы“ не абгрунтаваная і недарэчная, — тлумачыць пазыцыю „Грамадзкага магістрату“ Зьміцер Салаўёў. — Мы ж прапануем назву, якая пры любым палітычным рэжыме ня будзе выклікаць у грамадзкасьці незадаволенасьці. Назва плошчы Ратушная — абсалютна нэўтральная. Акрамя таго, цяпер на плошчы дамінуе будынак Ратушы, адсюль і назва плошчы», — заяўляе Зьміцер Салаўёў.

Актывіст зазначае, што адным з мэханізмаў высьвятленьня пазыцыі жыхароў гораду наконт перайменаваньня плошчы можа быць мясцовы рэфэрэндум. «Калі яны сапраўды хочуць пачуць меркаваньні гараджанаў, то няхай правядуць мясцовы рэфэрэндум. Гэты цывілізаваны шлях спраўджваньня настрояў насельніцтва».

Ініцыятар пасяджэньня «Грамадзкага магістрату», прысьвечанага пытаньням захаваньня гістарычнай спадчыны Магілёва, у тым ліку і перайменаваньню найстарэйшага пляцу гораду, Ігар Барысаў лічыць, што даўно насьпела патрэба пазбаўляцца ад «савецкіх назваў». Пры гэтым актывіст адзначае:

«Чыноўнікі нешта прапануюць, але зноў атрымліваецца, што назвамі ўшаноўваюцца толькі падзеі Айчынай вайны. Крыўдна, што не вяртаецца спрадвечнае магілёўскае. Адбываецца прыстасаваньне новага пад старое савецкае. Мо чыноўнікі гэтак хочуць застацца ў гісторыі».

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

Сябра тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме, гісторык Ігар Пушкін зазначае, што галасаваў супраць прапановы пераназваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы:

«Гэтая назва ніяк не пасуе да плошчы. Гэта наватвор. Такая назва можа быць, але нам неабходна вызначыцца. Калі мы вяртаем гістарычныя назвы гарадзкім вуліцам, то гэтая плошча павінна называецца Гандлёвай, падабаецца гэта каму ці не, — даводзіць гісторык. — Цяпер нічога на плошчы не нагадвае пра гандаль. Гандлёвых радоў няма. Пабудаваны мэмарыяльны комплекс зьнішчыў тое, што там было і што можна было аднавіць».

Ігар Пушкін тлумачыць, чаму гарадзкім вуліцам трэба вяртаць гістарычныя назвы

Ігар Пушкін тлумачыць, чаму гарадзкім вуліцам трэба вяртаць гістарычныя назвы

На думку Ігара Пушкіна, калі і ствараць «наватвор для назвы плошчы» — то лепей за ўсё ёй пасуе «Ратушная».

Пакуль перайменаваць плошчу пастанавілі прэзыдыюмы гарвыканкаму і гарсавету. Зацьвердзіць рашэньне павінны дэпутаты на сэсіі гарсавету. Старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў яшчэ месяц таму заявіў, што зьбіраецца абвясьціць пра перайменаваньне Савецкай плошчы ў плошчу Славы 3 ліпеня. Цяпер найстарэйшы пляц гораду ўвесь у флягштоках зь дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сьцягамі.

У розныя часы і эпохі плошча насіла розныя назвы. За часамі магдэбурскай вольнасьці яна была Гандлёвай. Калі прыйшлі расейцы, стала Губэрнатарскай, пазьней Думскай. За бальшавікамі — Плошчай Свабоды. Пасьля Другой усясьветнай вайны стала Савецкай. У 1982 годзе на ёй узьвялі мэмарыял «Барацьбітам за Савецкую ўладу». Тады Магілёву ўручылі ордэн Айчыннай вайны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG