Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Süddeutsche Zeitung: Парашэнка як князь безь зямлі


Жанчына плача каля свайго разбуранага абстрэлам дому ў Славянску. 30 чэрвеня 2014 году.
Жанчына плача каля свайго разбуранага абстрэлам дому ў Славянску. 30 чэрвеня 2014 году.

Плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ў Данбасе, які прапанаваў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, не працуе. Парашэнка, які пасьля свайго выбару ў траўні зачараваў сьвет «дэманстратыўным аптымізмам» і «шармам плюшавага мядзьведзіка», сёньня выглядае хутчэй як «прынц безь зямлі».

Гэтак лічыць камэнтатар нямецкай газэты Süddeutsche Zeitung Катрын Кальвайт, якая піша:

«Баі працягваюцца, на ўсходзе Ўкраіны гінуць людзі, а сэпаратысты не ідуць на кампраміс ні па адным пытаньні, калі не лічыць вызваленьня дзьвюх групаў назіральнікаў ад АБСЭ, што было сымбалічным жэстам, які ня меў уплыву на ход вайны. І Масква абмяжоўваецца выключна сымбалічнымі жэстамі. Усе канкрэтныя патрабаваньні Парашэнкі — вяртаньне кантролю над памежнымі пунктамі, здача зброі і спыненьне яе паставак — аказаліся безвыніковымі».

Паводле Катрын Кальвайт, аднабаковае перамір’е, абвешчанае 10 дзён таму Парашэнкам, мала кім ва Ўкраіне падтрымліваецца. Большасьць украінцаў успрыняла гэтае перамір’е як жэст у бок Брусэлю і Масквы. Ва ўкраінскім грамадзтве, на яе думку, усё большую папулярнасьць набывае меркаваньне, што ўкраінцам самім трэба абараняць сваю краіну, не аглядаючыся на Брусэль, які займаецца сваімі справамі.

Адначасова, адзначае Катрын Кальвайт, ва Ўкраіне пабольшваецца лягер тых, хто лічыць, што дзеля міру ва ўсёй краіне трэба «адпусьціць Данбас». «Усё роўна тамтэйшыя жыхары хочуць у Расею. Калі Масква атрымае невялікую частку Ўкраіны, астатняя Ўкраіна зможа жыць у міры. І гэтым людзям Парашэнка таксама павінен даць адказ» — заключае камэнтатар Süddeutsche Zeitung.

Сёньня ва Ўкраіне канчаецца рэжым аднабаковага спыненьня агню, якое Парашэнка працягнуў на мінулым тыдні. Учора на Майдане ў Кіеве некалькі тысяч актывістаў і прадстаўнікоў добраахвотніцкіх батальёнаў, якія ўдзельнічаюць у спэцапэрацыі супраць сэпаратыстаў, заклікалі прэзыдэнта Ўкраіны адмяніць аднабаковае перамір’е ў Данбасе і ўвесьці там ваеннае становішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG