Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага анархіста судзяць у Расеі


Суд над затрыманым у Расеі 24-гадовым Дзьмітрыем Разановічам перанесены на 3 ліпеня.

Ён абвінавачваецца ў незаконным перасячэньні расейскай мяжы. Судовы працэс па яго справе плянаваўся на 24 чэрвеня, але быў перанесены па невядомых прычынах, паведамляе БелаПАН са спасылкай на сайт беларускага анархісцкага руху www.abc-belarus.org.

Дваццацічатырохгадовы жыхар Гомеля Дзьмітры Разановіч быў затрыманы ноччу 14 сакавіка пры спробе перасячы ўкраінска-расейскую мяжу з чужым пашпартам. Ён ехаў з Кіева ў Курск да сваякоў цераз Маскву. У Разановіча быў пашпарт яго брата, свайго ён ня меў. Расейскія памежнікі перадалі Дзьмітрыя прадстаўнікам расейскай ФСБ, якія канваіравалі яго ў Курск. З 16 сакавіка ён утрымліваецца ў курскім дэпартацыйным цэнтры для замежных грамадзян. Чакалася, што пасьля атрыманьня зь Беларусі дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б яго асобу, Разановіч будзе дэпартаваны на радзіму, але гэтага не адбылося.

Паводле наяўнай інфармацыі, анархіст абвінавачваецца па ч. 1 арт. 332 Крымінальнага кодэксу Расеі (перасячэньне дзяржаўнай мяжы Расейскай Фэдэрацыі без сапраўдных дакумэнтаў на права ўезду ў РФ). Артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу ў памеры да 200 тысяч расейскіх рублёў або пазбаўленьня волі на тэрмін да двух гадоў.

XS
SM
MD
LG