Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі панк-гурт AMAROKA рассылае QR-паштоўкі зь Virus’ам


Любы ахвотны можа атрымаць альбом бясплатна.

Гурт AMAROKA запісаў новы альбом «Virus» і распаўсюджвае яго ў выглядзе паштоўкі з QR-кодам. Любы ахвотны можа атрымаць альбом бясплатна, калі запоўніць адмысловую форму на сайце «Арт Сядзібы».

Паштоўка зьмяшчае ня толькі вокладку, а таксама ўсю інфармацыю пра аўтараў альбому, сьпіс трэкаў ды ўнікальны QR-код і спасылку, дзе можна вольна спампаваць альбом «Virus». За першы дзень акцыі гурт атрымаў 200 замоваў, і першая «вірусная» партыя паштовак ужо выправілася шукаць сваіх уласьнікаў.

— Ідэю з выданьнем альбому на паштоўцы нам падказаў Дзіма Ску, які такім чынам выдаваў свае рэлізы, — распавядае лідар гурту AMAROKA Зьміцер Афанасенка. — Гэта файная форма, і мы раім іншым гуртам падхапіць ідэю. Альбомы на дысках ужо памерлі, а зь сёньняшнімі тэхналёгіямі і даволі хуткім інтэрнэтам нават у Беларусі спампаваць 100 мэгабайтаў нікому не складае праблемаў. Да таго ж гэта даволі бюджэтная форма: ёсьць добры падарунак, ня горшы за дыск, а друк тысячнага накладу паштовак каштуе каля 100 даляраў.

Гурт вырашыў адпавядаць назьве альбому і распаўсюджваць яго вірусна. Таму сам пакуль ня будзе публічна прэзэнтаваць яго ў інтэрнэце, а спадзяецца, што гэта зробяць тыя, хто атрымаюць яго на паштоўках ужо ў бліжэйшыя дні.

На вокладцы альбому AMAROKA паказвае кампанэнты свайго віруса, якія пазначаныя нотай, сэрцам, контурамі Беларусі і вуснамі. Расшыфроўвае гурт іх адпаведна: творчасьць, каханьне, патрыятызм, пяшчота. Гэта тыя складнікі, якімі калектыў сам характарызуе сваю творчасьць і новы альбом. AMAROKA хоча, каб усе падхапілі гэты вірус, слухаючы іх песьні.

XS
SM
MD
LG