Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўсходзе Ўкраіны сэпаратысты абстралялі вайскоўцаў зь мінамётаў і падарвалі БТР


На ўсходзе Ўкраіны за мінулыя суткі ў выніку сутыкненьняў з узброенымі сэпаратыстамі загінулі пяцёра ўкраінскіх вайскоўцаў, яшчэ 17 атрымалі раненьні. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар антытэрарыстычнай апэрацыі ў рэгіёне Аляксей Дмытрашкоўскі.

Паводле яго слоў, сэпаратысты зь мінамётаў абстралялі блёкпост каля Славянску. Трое ўкраінскіх вайскоўцаў загінулі, яшчэ чацьвёра атрымалі раненьні.

У выніку нападу на калёну суправаджэньня ўкраінскай арміі недалёка ад населенага пункту Ніжняя Альхоўка ў Луганскай вобласьці двое вайскоўцаў былі забітыя, восем параненыя. Яшчэ пяцёра ўкраінскіх салдатаў атрымалі кантузію ў выніку падрыву БМП на фугасе, закладзеным так званымі апалчэнцамі.

Кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Зьміцер Тымчук напісаў у сваім Facebook аб тым, што ўначы быў абстраляны аэрадром Краматорск. Паводле яго слоў, мінамётны агонь вёўся з гарадзкіх могілак і паўночнай часткі горада. Пад абстрэл таксама трапіў блёкпост украінскай арміі блізу памежнага пункту «Бірукова».

Прадстаўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі сьцьвярджаюць, што ўкраінская армія спыніла агонь толькі для таго, каб перагрупаваць свае войскі, і называюць мірны плян прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі падрыхтоўкай да аднаўленьня баявых дзеяньняў.

Раней Парашэнка падоўжыў рэжым аднабаковага спыненьня вагню да 22 гадзін 30 чэрвеня. Аднак сутыкненьні ўкраінскіх сіл і прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік працягваюцца.

XS
SM
MD
LG