Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьменіцца ў Беларусі пасьля падпісаньня Ўкраінай Асацыяцыі з Эўразьвязам?



27 чэрвені ў Брусэлі Грузія, Малдова і Ўкраіна падпісалі ключавыя дамоўленасьці з Эўрапейскім Зьвязам. Як зьбліжэньне гэтых краінаў з Эўропай паўплывае на беларускае грамадзтва і эканоміку? Як адрэагуюць на гэта ўлады і афіцыйная прэса, ці зьменіцца іхняе стаўленьне да Ўкраіны, Малдовы і Грузіі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць экспэрт у міжнародных справах Андрэй Фёдараў і кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук.

Цыганкоў: 27 чэрвеня ў Брусэлі Грузія і Малдова заключылі пагадненьні аб палітычнай асацыяцыі і эканамічным збліжэньні з Эўразьвязам, а Ўкраіна — аб эканамічным збліжэньні (палітычнае пагадненьне аб асацыяцыі Кіеў падпісаў у сакавіку). Які ўплыў на беларускае грамадзтва і эканоміку будуць мець гэтыя дакумэнты?

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Раманчук: Беларусы пакуль ня вельмі добра разумеюць — што гэта такое, асацыяцыя з Эўразьвязам. Вось калі ўкраінцы пачнуць без візаў езьдзіць у Эўропу, калі ў украінцаў узровень жыцьця палепшыцца, тады значна больш беларусаў пачнуць цікавіцца і разумець, што такое эўрапейская інтэграцыя.

Але з гістарычнага пункту гледжаньня для той часткі беларусаў, якая арыентаваная на Эўропу, гэта вельмі добры знак, што Эўропа не зачыненая, яна не замыкае браму для ўсіх краінаў кантынэнту — і гэта падтрымка для ўсіх нас.

Цыганкоў: Выглядае, што цяпер шмат залежыць ад посьпеху гэтых краінаў, ад таго, якія рэальныя перамены адбудуцца там у выніку інтэграцыі з Эўропай.

Раманчук: Так, Эўракамісія ўжо распрацавала праграму рэформаў. І цяпер гэта перш ўа ўсё выпрабаваньне для ўкраінцаў. Калі Парашэнка і ягоны ўрад здолее пазбавіцца ад спадчыны алігархаў, якая была ва Ўкраіне 20 гадоў, то гэта будзе посьпех. Калі ж застанецца ўсё тое самае, то гэта будзе расчараваньне — але ўжо расчараваньне ў тым ліку і ў эўрапейскай інтэграцыі. Бо ўсё тое, што адгэтуль будзе рабіцца ва Ўкраіне — будзе рабіцца пад эўрапейскім сьцягам.

Цыганкоў: Андрэй Фёдараў, які ўплыў на афіцыйны Менск акажа падпісаньня трыма краінамі Асацыяцыі з Эўразьвязам? Як беларускія ўлады адрэагуюць на гэта?

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Мяркую, што пакуль што ніякіх рэзкіх і нават павольных крокаў Менскам рабіцца ня будзе. Беларускае кіраўніцтва будзе назіраць за падзеямі. Але само яно, відавочна, па шляху Ўкраіны, Малдовы і Грузіі ісьці не зьбіраецца. Яно цудоўна разумее, што рух у эўрапейскім накірунку будзе азначаць, што раней ці пазьней давядзецца ўводзіць нейкія дэмакратычныя перамены, што цяперашнім уладам зусім не даспадобы.

Што да грамадзтва, то тут шмат будзе залежыць ад таго, як гэта будзе падавацца ў дзяржаўных СМІ, якія могуць вельмі моцна ўплываць на думкі асноўнай часткі насельніцтва. І я думаю, што гэтая падача, асабліва на першым часе, ня будзе пазытыўнай. Хутчэй будуць распавядаць пра тое, як там цяжка жывецца. І тут я згодны з Яраславам, што пакуль ня будуць дасягнутыя значныя посьпехі ў гэтых краінаў, якія немагчыма будзе схаваць, — асаблівага ўплыву на беларускае грамадзтва гэтыя падзеі ня будуць несьці.

Цыганкоў: Але апошнія месяцы беларускія ўлады актывізавалі спробы дыялёгу з Эўразьвязам, і афіцыйныя СМІ выказваюцца пра Эўропу ўжо дастаткова асьцярожна. Так што можна чакаць, што гэтыя працэсы надта жорстка крытыкавацца ня будуць?


Фёдараў: Надта рэзка крытыкавацца ня будуць, але думаю, прапаганда ня здолее не крытыкаваць эканамічныя працэсы, якія будуць ва Ўкраіне. А я баюся, што на першым часе там будзе даволі складана, і Ўкраіне давядзецца прайсьці праз цяжкія выпрабаваньні, і гэта з вялікім задавальненьнем будуць адлюстроўваць афіцыйныя СМІ.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Як зьбліжэньне гэтых трох краінаў з Эўропай паўплывае на беларускую эканоміку? Украіна зьяўляецца дастаткова вялікі гандлёвым партнэрам Беларусі.

Раманчук: Мы зноў вяртаемся да неабходнасьці структурных рэформаў у гэтых краінах. Бо тая структура эканомікі, якая знаходзіцца на ўсходзе Ўкраіне, безумоўна, будзе пад нэгатыўным уплывам санкцыяў з боку Расеі. І Эўразьвяз разумее, што трэба супольна распрацаваць новую стратэгію разьвіцьця, новыя падыходы да рэформаў, прыватызацыі, каб далучыць украінскі бізнэс да эўрапейскага.

І гэта той палігон, які афіцыйны Менск будзе разглядаць вельмі ўважліва, бо ў нас існуюць вельмі падобныя праблемы. Тое, што сёньня адбываецца ва Ўкраіне — гэта апошні этап разьвітаньня з Савецкім Саюзам. Расея цягнула Ўкраіну ў мінулае, але ...

Расея цягнула Ўкраіну ў мінулае, але Эўразьвяз пры дапамозе новай украінскай эліты хоча, каб яна ішла наперад.

Цыганкоў: Расея пагражае Ўкраіне рознымі санкцыямі ў сувязі з падпісаньнем Асацыяцыі. Калі яны будуць рэальна ўведзеныя — ці можа гэта адбіцца на Беларусі, якая разам з Расеяй у Мытным саюзе, цяпер і ў Эўразійскім саюзе. Ці можа гэта адбіцца на таваразвароце з Украінай?

Раманчук: Безумоўна, гэта можа адбіцца, калі Расея будзе ўводзіць мабільныя мытныя пасты, якія будуць адсочваць тавары, што ідуць з Беларусі. Калі расейцы могуць абвінавачваць нас, што мы гандлюем украінскімі таварамі.

Але гэта варыянт эскаляцыі канфлікту. Вядома, сёньня, калі Расея дае крэдыты, грошы, мадэрнізуе беларускі ВПК, то яна можа сабе гэта дазволіць у крайнім выпадку. Але я думаю, што да «выбараў», да чарговага самапрызначэньня Лукашэнкі гэтага ня будзе.
Так што «чыньнікам Украіны» Лукашэнка будзе карыстацца для таго, каб піярыць сябе на Захадзе і казаць — «глядзіце, я ж не пайшоў у рэчышчы Крамля, я балянсую, так што падтрымайце мяне».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG