Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Кэмбрыджу Крыстафэр Кларк у інтэрвію Радыё Свабода адказвае на пытаньні пра сёньняшнія ўрокі Першай Сусьветнай вайны.

Кніга Кларка «Люнатыкі: Як Эўропа ў 1914-м уступіла ў вайну» стала бэстсэлерам у многіх эўрапейскіх краінах (The Sleepwalkers: How Europe Went to War in 1914). Газэта The New York Times назвала кнігу шэдэўрам. Вучоны Крыстафэр Кларк, родам з Аўстраліі, цяпер выкладае сучасную эўрапейскую гісторыю ў Кембыджскім унівэрсытэце.

– Радыё Свабода: Ці магла б тая вайна не пачацца, калі б 28 чэрвеня 1914 году ня здарылася забойства Франца Фэрдынанда і ягонай жонкі? Некаторыя гісторыкі лічаць, што раней ці пазьней усё роўна ўзьнік бы нейкі канфлікт. Ці згодныя вы?

– Калі б гэтага замаху не было, Франц Фэрдынанд вярнуўся б са сваёй жонкай жывы ў Вену. Хаця ён ня быў надта добрым чалавекам, але ён пасьлядоўна выступаў супраць любога роду ваенных авантураў на Балканах, у прыватнасьці супраць Сэрбіі. Ён не любіў сэрбаў, ён, як і большасьць эўрапейцаў у той час, быў крыху расістам адносна балканскіх народаў. Але ён быў праціўнікам любога роду гульняў моцы, ці kraftstueckle, як ён называў гэта, у Сэрбіі. Такім чынам, ён бы працягваў свае аргумэнты супраць любых правакацый або вайсковага вырашэньня праблем паміж Бялградам і Венай. Мы таксама ведаем, што ён зьбіраўся звольніць Конрада фон Гецэндорфа, паталягічна агрэсіўнага і ваяўнічага генэрала, начальніка аўстрыйскага Генэральнага штабу, які заклікаў да вайны з Сэрбіяй разоў 20. Рэпутацыя Гецэндорфа была пашкоджаная шпіёнскім скандалам з генэралам Рэдлем, якая адбылася пад яго носам. Рэдль прадаў усе пляны і графікі мабілізацыі расейцам, якія шантажавалі яго, бо даведаліся, што ён быў гомасэксуалістам. Гецэндорф страціў сваю сілу, ён павінен быў быць звольнены Фэрдынандам. І ў гэты момант здараецца забойства, і гэта робіць дзьве рэчы: забіваецца найбольш моцны голас міру і падымаецца прэстыж самага небясьпечнага і ваяўнічага галасу Конрада фон Гецэндорфа.

– І ўсё ж якія фактары прывялі да вайны? Ці не было там дастаткова канфліктаў, якія б прывялі да вайны ў любым выпадку?

– Давайце ўявім, што вайны б не было. Але яшчэ трэба было вырашыць некаторыя моманты 20 стагодзьдзя – трэба было вырашыць польскае пытаньне, трэба было вырашыць пытаньне паўднёвых славян – так што ўсё яшчэ заставалася глеба для канфлікту. Так што Аўстра-Вугоршчына мусіла або знайсьці рашэньні, якія б задаволілі народы – рашэньні, якія раней не знаходзіліся, або задушыць нацыяналістычнае непаслушэнства. Але гэта б неабавязкова прывяло да таго эўрапейскага пажару, які выбухнуў – гэта ключавы момант.

– Пасьля забойства Фэрдынанда на працягу ліпеня 1914 году напружанасьць пастаянна нарастала, што прывяло да пачатку вайны. Хто, на вашу думку, нясе віну, што Эўропа падышла да пункту невяртаньня?

– Урэшце мы глядзім на Эўропу вялікіх дзяржаў, кожная зь якіх вельмі эгаістычным, аўтыстычным чынам прасоўвала свае інтарэсы, сапраўды без усякай павагі да інтарэсаў іншых. Пагоня за ўласнымі інтарэсамі прывяла да рызыкі буйнога канфлікту.

– Але хто нясе адказнасьць больш за ўсіх? Нямеччына?

– Нядаўна ў мяне пра гэта запытаўся мой сябар. Ён прапанаваў падлічыць «працэнт адказнасьці» і падзяліць яго паміж Нямеччынай, Францыяй, Расеяй і г.д. Ясна, калі мы паглядзім на ліпеньскі крызыс сам па сабе, то ён быў справакаваны замахам. Але далей, я мяркую, нямецкі «чысты блянк», дадзены Вене (бестэрміновая прапанова ад Нямеччыны поўнай падтрымкі) можа быць пастаўлены на першае месца. Наступны крок – гэта мабілізацыя ў Расеі. Думаю, даволі высокі працэнт адказнасьці Аўстра-Вугоршычы, якая абвясьціла вайну. Так што я б разьмяркоўваў адказнасьць даволі раўнамерна.

Ліпеньскі крызыс разразіўся пасьля забойства, але ўжо да таго часу Балканы вельмі сур'ёзна разьвярэдзілі міжнародную абстаноўку, мір быў вельмі няўстойлівы і крохкі. Прычыны няўстойлівасьці міру зьяўляюцца вельмі складанымі, і яны таксама павінны быць зьвязаныя зь вялікімі маніпуляцыямі моцных уладаў. Чаму, напрыклад, французы плацілі расейцам? Чаму французы восеньню 1913 году пагадзіліся плаціць расейцам найбуйнейшыя крэдыты ў гісторыі фінансаў? Гэта былі найбуйнейшыя міжнародныя пазыкі, якія дазволілі паставіць пад ружжо велізарнае расейскае войска з 2,8 млн. мужчын, са стратэгічнымі чыгункамі, якія вялі да нямецкага фронту. Гэта быў не найлепшы спосаб падтрыманьня міру.

– Пасьля паразы Напалеона ў 19 стагодзьдзі на нейкі час быў створаны адносна стабільны балянс сіл у Эўропе. Потым пачаўся ўздым Нямеччыны і, як мы можам бачыць на міжнароднай арэне сёньня, геапалітычная сытуацыя становіцца нестабільнай, калі некаторыя дзяржавы ўмацоўваюцца, а іншыя перажываюць заняпад. Ці бачыце вы паралелі зь сёньняшнім сьветам?

– Мяне непакоіць якраз тое, што сёньня мы жывём у сьвеце, які вельмі падобны да сьвету 1914 году, і чым далей, тым больш. Калі я толькі пачаў вывучаць гэтую тэму, гэта быў час халоднай вайны, я ўпершыню прачытаў пра гэта ў школе... Тады мне год 1914-ы здаваўся нечым падобным да старажытнага Эгіпту. Але цяпер мы ў вельмі падобнай сытуацыі. На працягу некалькіх апошніх тыдняў мы пабачылі, як украінскі крызыс паказаў поўную няздольнасьць Эўразьвязу вызначыць сваю пазыцыю. На мой асабісты погляд – і ў гэтым я бачу паралель з 1914-м годам, прычыны крызысу палягаюць ня толькі ў дзеяньнях прэзыдэнта Пуціна, гэта крызыс выкліканы комплексам прычын. Я не хачу выносіць абвінавачваньні, але мяркую, што дзеяньні Эўразьвязу таксама дапамаглі дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне.

– Збалянсаваць розныя нацыяналізмы ў шматнацыянальнай дзяржаве можа быць праблемай. Сэрбы і іншыя балканцы да гэтага часу спрачаюцца аб распадзе Югаславіі, было гэта добра ці дрэнна. Які ваш погляд на жыцьцё ў імпэрыі – фэдэрацыі ў параўнаньні з нацыянальнай дзяржавай?

– Павінен сказаць, што мне была даспадобы Югаславія. Мне падабалася Чэхаславаччына. Я сымпатызую Вялікабрытаніі. Я думаю, што шатляндцы не павінны сыходзіць ад Англіі. Я веру ў гэтыя фэдэральныя рашэньні, я думаю, што яны выдатныя. Вы можаце лёгка ўявіць сабе ўваходжаньне Югаславіі ў ЭЗ. Я вельмі спадзяюся, што Сэрбія стане паўнапраўным сябрам ЭЗ. Думаю, што гэтыя фэдэральныя структуры добрыя для людзей, для чалавечага росквіту. А вось нацыянальная дзяржава – якога памеру яна б не была – ня вельмі добрая для чалавека. Яна не была дабром для немцаў, не была дабром для іх суседзяў, калі немцам засьвярбела вынішчыць усіх астатніх. Проста гэта не было добрым палітычным рашэньнем у Эўропе.

– Якія ўрокі з падзеяў Першай Сусьветнай вайны мы павінны вынесьці сёньня?

– Мы ня можам быць упэўненыя, што наступную вайну разгледзім 18 месяцаў наперад і будзем мець шмат часу, каб яе прадухіліць. Мы бачым гэта па ўкраінскім крызысе – як хутка трансфармаваліся адносіны паміж Расеяй, Эўразьвязам і ЗША. Або марскі канфлікт паміж Кітаем і Віетнамам – гэтая сытуацыя можа разьвівацца вельмі драматычна і вельмі-вельмі хутка. Адна з высноваў маёй кнігі, што дрэнныя рэчы адбываюцца вельмі хутка і мы павінны быць вельмі пільнымі. Ня трэба асабліва засяроджвацца на тым, як распазнаць пагрозу вайны загадзя, але яшчэ раней, чым зьявяцца такія прыкметы, выбудаваць такія структуры, якія змогуць запабегчы адкрытаму вайсковаму супрацьстаяньню.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG