Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Канец гісторыі» — такую выснову зрабіў амэрыканскі філёзаф Фрэнсіс Фукуяма пасьля краху камуністычнай сыстэмы і заканчэньня «халоднай вайны». Ён меў на ўвазе, што заходнія лібэральныя каштоўнасьці цяпер перамаглі ў сьвеце, і альтэрнатывы ім няма. Але прайшоў час, і высьветлілася, што больш меў рацыю іншы амэрыканскі сацыёляг — Сэмюэл Гантынгтан, які даводзіў, што на зьмену ідэалягічнаму канфлікту паміж савецкім блёкам і Захадам надышла эпоха сутыкненьня цывілізацыяў.

Здаецца, менавіта ў духу тэорыі Фукуямы дзейнічаў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-малодшы, калі пачаў ваенную апэрацыю ў Іраку ў 2003 годзе. Зрынуўшы дыктатарскі рэжым Садама Хусэйна, ён хацеў пабудаваць там дэмакратычную дзяржаву, якая б стала прыкладам, узорам для ўсяго арабскага і мусульманскага сьвету. І вось, праз 11 гадоў пасьля пачатку будаўніцтва там лібэральнай дэмакратыі, Ірак стаіць напярэдадні захопу ўлады ісламскімі экстрэмістамі.

Падобная гісторыя адбылася з «арабскай вясной». Народ выйшаў на вуліцу змагацца з дыктатарскімі рэжымамі, патрабуючы дэмакратыі. Было шмат камэнтароў наконт таго, што арабскі сьвет дасьпеў да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Але эўфарыя хутка скончылася, бо на дэмакратычных выбарах у асноўным перамаглі не лібэралы, а ісламісты рознай ступені радыкальнасьці.

Але вернемся да нашых краёў. Пасьля краху камуністычнага рэжыму ў выніку гарбачоўскай перабудовы здавалася, што ўсе былыя сацыялістычныя краіны прымаюць эўрапейскія каштоўнасьці і дружнымі шэрагамі рухаюцца ў Эўропу. Але хутка выявіліся цывілізацыйныя межы. З постсавецкіх рэспублік толькі краіны Балтыі апынуліся ў Эўразьвязе.

Прайшла амаль чвэрць стагодзьдзя. Трэба было здарыцца ўкраінскаму крызісу, каб усе ўбачылі вялізны цывілізацыйны разлом. Гэта клясычны канфлікт цывілізацыяў. Расейская цывілізацыя, або «рускі мір», — супраць эўраатлянтычнай цывілізацыі. Калі глядзець расейскія тэлеканалы, то там ЗША і Эўропа прадстаўленыя ў выглядзе ня толькі геапалітычнага праціўніка, а ў вобразе абсалютнага зла, д’ябла. Прычым народ і ўлада ў Расеі апынуліся ў адным акопе. Гэта азначае, што цяперашняе супрацьстаяньне — ня толькі геапалітычнае, а каштоўнаснае. Яно адкідае нас у эпоху «халоднай вайны». І ў гэтым канфлікце Ўкраіна апынулася пасярэдзіне, гэты цывілізацыйны разлом падзяліў яе.

Зразумела, гэты разлом ня мог не закрануць Беларусь. Украінскі крызіс у пэўным сэнсе стаў момантам ісьціны для беларускага соцыюму, калі хочаце — тэстам на цывілізацыйную прыналежнасьць, адказам на пытаньне, дзе знаходзіцца Беларусь: у Эўропе ці не?

Вядома, што беларускае грамадзтва глыбока расколатае паводле фундамэнтальных базавых каштоўнасьцяў. Цывілізацыйны разлом праходзіць унутры беларускага соцыюму. Украінскі крызіс паглыбіў гэты раскол. Я ўжо чуў не адну гісторыю, як з-за адносінаў да пытаньня пра расейскую анэксію Крыму пасварыліся блізкія родзічы.

Сацыялягічныя дасьледаваньні супадаюць з уласнымі адчуваньнямі ад камунікацыяў зь людзьмі. Вядомы сацыёляг прафэсар Андрэй Вардамацкі на падставе апытаньняў робіць выснову: «Беларусы „разьвярнуліся“ ад Эўропы да Расеі». І тлумачыць: «Па-першае, высьветлілася, што ўплыў падзеяў ва Ўкраіне на жыцьцё беларусаў настолькі вялікі, што ён фармуе іхнія погляды на шырэйшае кола пытаньняў, а ня толькі на ўкраінскае, у тым ліку вызначае і геапалітычныя арыенціры, і ўзровень эканамічнага самаадчуваньня. Па-другое, у меркаваньнях беларускага грамадзтва адназначна пераважае расейская канцэпцыя».

Зразумела, моцны ўплыў зрабіла масіраваная прапаганда на расейскіх тэлеканалах. Але, як вядома, любая прапаганда дзейнічае толькі на тую частку насельніцтва, якая знаходзіцца ў адным зь ёй міталягічным полі.

Цяжка рабіць канчатковыя высновы, але вельмі верагодна, што Беларусь страціла свой гістарычны шанец інтэгравацца ў Эўропу. Гісторыя дала беларусам цэлыя 23 гады для самавызначэньня. Амаль чвэрць стагодзьдзя. Гэта значны гістарычны тэрмін. Расея гэтым часам была занятая самазахаваньнем, сябравала з Захадам і магла дазволіць рух Беларусі ў Эўропу.

Аднак беларусы не скарысталі свайго шанцу. Беларусь мацней інтэгравалася з Расеяй. Цяпер падобна да таго, што весьніцы зачыніліся. Расея «ўстала з калень» і цяпер гатовая ваяваць, сілай не дапусьціць дыстанцыяваньня Беларусі ад Масквы. На жаль.

27.06.2014 г.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG