Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бяляцкі: Няма ніякіх крыўдаў на Літву


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі



27 чэрвеня ў Вільні ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звоскага ў Вільні адбылася прэс-канфэрэнцыя былога палітзьняволенага, кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, аднаго з заснавальнікаў Дому правоў чалавека Алеся Бяляцкага.

Беларускі праваабаронца заявіў, што не адчувае крыўды на адрас Літвы за тое, што прадстаўленая Літвой інфармацыя стала падставай для прыцягненьня яго да суду ў сябе на радзіме.

«Няма ніякіх крыўдаў, злосьці ў мяне няма. Не літоўскія ўлады мяне пасадзілі, мяне ў турму садзілі беларускія ўлады», — сказаў Бяляцкі.

Ён выказаў надзею, што выйдуць на свабоду й астатнія сямёра палітзьняволеных.

Перад пачаткам прэс-канфэрэнцыі Бяляцкі зьняў зь дзьвярэй Беларускага дому правоў чалавека ў Вільні плякат «Свабоду Алесю Бяляцкаму», паведамляе DELFI.

Паводле Бяляцкага, пакуль зарана расцэньваць яго вызваленьне як пачатак станоўчых зьменаў у сфэры правоў чалавека ў Беларусі.

«Пакуль ёсьць палітвязьні, ніякіх сур’ёзных перамоваў аб паляпшэньні адносін адбывацца ня можа», — падкрэсьліў Бяляцкі.

Ён сказаў, што разам зь сям’ёй застанецца жыць у Беларусі, бо ня бачыць прычын пакідаць краіну.

27 чэрвеня Бяляцкі прыбыў у Вільню для ўдзелу ў сустрэчы беларускіх праваабаронцаў. Ён адзначыў, што плянуе наведаць літоўскі МЗС і сустрэцца зь некаторымі літоўскімі дэпутатамі і мэрам Вільні Артурасам Зуокасам.

Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня паводле амністыі.

Праваабаронцу арыштавалі 4 жніўня 2011 году, ён правёў за кратамі 1052 дні. Працоўная група па адвольных затрыманьнях Рады па правах чалавека ААН прызнала арышт Алеся Бяляцкага адвольным.

XS
SM
MD
LG