Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не раней чым праз 3 гады большасьць ўкраінцаў адчуюць станоўчыя зьмены ад падпісаньня эканамічнай часткі пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ, лічыць доктар эканамічных навук Аляксей Плотнікаў. Найбольш праблематычным ён называе ўвядзеньне эўрапейскіх стандартаў для вытворчасьці ўкраінскіх тавараў.

У інтэрвію Радыё Свабода ўкраінскі экспэрт распавёў пра тое, якія яшчэ складанасьці могуць чакаць украінскіх вытворцаў пасьля падпісаньня пагадненьня.

— Гэта адкрыцьцё рынкаў для заходняй прадукцыі, якая будзе больш канкурэнтнай, якая будзе больш якаснай. Нават пры тым, што ў нас на 50 адсоткаў абясцэнілася грашовая адзінка, усё ж будуць пазыцыі, па якіх гэтая прадукцыя будзе больш канкурэнтнай і па цане, і па іншых фактарах. Будуць праблемы ў украінскіх вытворцаў у харчовай прамысловасьці, машынабудаваньні і па іншых пазыцыях. Гэта значыць, ва Ўкраіну прыходзіць дастаткова жорсткі канкурэнт. З гэтым канкурэнтам трэба лічыцца.

— Між тым міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Павал Шарамета запэўнівае, што Эўразьвязу можа быць цікава ўкраінскае машынабудаваньне, праўда, пасьля правядзеньня неабходнай пераарыентацыі. Вы з гэтым згодны?

— Пераарыентацыя на стандарты ЭЗ можа і 10 гадоў адбывацца. Гэта значыць, тэарэтычна яна можа зацікавіць. Але гэта ня значыць, што мы падпішам, потым ратыфікуем, а ўжо праза месяц будуць стандарты ЭЗ. Гэта найбольш праблематычная частка гэтага пагадненьня — пераход Украіны на стандарты ЭЗ.

— Таксама Павал Шарамета пераконвае, што Ўкраіна зможа прапанаваць спажыўцам у ЭЗ канкурэнтаздольныя харчовыя прадукты. Гэта сапраўды так?

— Цяпер тэхналёгіі аднолькавыя. Штучныя фарбавальнікі або штучныя дадаткі да харчовых прадуктаў, нельга казаць, што яны ў нас натуральныя, а ў Заходняй Эўропе ненатуральныя. У нас ёсьць такая галіна як фэрмэрскія прадукты. У нас ёсьць магчымасьць яе разьвіваць. Але тое, што ідзе да ўкраінскіх супэрмаркетаў, умоўна кажучы, ня мае выключнай якасьці.

— Што ж станоўчае атрымае Ўкраіна ў выніку падпісаньня пагадненьня з Эўрапейскім Зьвязам?

— Гэта рынак ЭЗ і ён вельмі вялікі. Калі Ўкраіна будзе арыентавацца на пастаўкі на гэты рынак, гэта — магчымасьці для павелічэньня экспарту, паступленьня замежнай валюты, паступленьня дадатковых даходаў у дзяржаўны бюджэт, што дасьць магчымасьць фінансаваць, напрыклад, бюджэтныя праграмы. Гэта значыць, тут трэба разумець, што, калі Ўкраіна нацэлена на рынак ЭЗ, тады трэба вызначыцца — што выпускаць, па якіх крытэрах, па якіх стандартах, як знайсьці сваё месца на эўрапейскім рынку і многае іншае. Магчымасьці вельмі вялікія, вельмі станоўчыя адкрываюцца для Ўкраіны.

— Калі шараговыя ўкраінцы адчуюць рост дабрабыту, як наступствы асацыяцыі з ЭЗ?

— З пункту гледжаньня асобнай прадукцыі або асобных сэктараў, то гэта можна будзе ўбачыць ужо пасьля ратыфікацыі, пасьля таго, як гэта запрацуе. Тады, магчыма, будзе іншыя структура імпартаваных тавараў, магчыма, да нас будзе больш паступаць імпартнай прадукцыі па лепшых цэнах. Для тых, хто працуе на прадпрыемствах, якія зьяўляюцца экспартэрамі — можа павялічыцца экспарт прадукцыі. Але на макраэканамічным узроўні станоўчыя зрухі будуць на працягу 3-5 гадоў. Пасьля гэтага ў нас пачнуцца адчувальныя станоўчыя зьмены ў выпадку аптымістычнага разьвіцьця падзеяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG