Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкі ў Менску зноў папсавалі асфальт, авіяцыя будзіла людзей




Цэнтральныя вуліцы Менска зноў пераўтварыліся ў «пральную дошку».

Учора ўвечары па праспэктах Незалежнасьці, Машэрава і некалькіх вуліцах рухалася калёна танкаў і іншай вайсковай тэхнікі, якая рыхтавалася да параду на Дзень незалежнасьці 3 ліпеня.

Пасьля праходу калёны бранятэхнікі асфальт змывалі шматлікія палівальныя машыны, але гэта толькі прыбівала пыл. Асфальтавае пакрыцьцё і дарожная разьметка моцна пашкоджаныя гусеніцамі, кіроўцы адчуваюць, што асфальт пераўтварыўся ў «пральную дошку».

Апрача таго кіроўцы машын больш за гадзіну вымушаныя былі стаяць у корках на пад’ездах да праспэкта Незалежнасьці, іншых вуліц, дзе рухаліся танкі, у тым ліку на менскай кальцавай дарозе. Позна ўвечары людзей будзіў гул самалётаў і верталётаў, якія пад час трэніроўкі ляцелі нізка над жылымі дамамі, так што ў вокнах трэсьліся шыбы.

Парад у Менску на 3 ліпеня праходзіць штогод з выкарыстаньнем старой савецкай бранятэхнікі і авіяцыі. Гэтым разам у парадзе прымуць удзел расейскія войскі, баявыя самалёты, а таксама новыя вайсковыя машыны «Тыгр», аналягі якіх бралі ўдзел у акупацыі ўкраінскага Крыма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG