Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецку баевікі захапілі вайсковую частку і ўзялі ў палон камандзіра



Як гаворыцца ў паведамленьні на сайце Нацгвардыі Ўкраіны, гэта адбылося пасьля амаль сямі гадзін бою паміж асабістым складам канвойнага батальёна вайсковай часткі Нацыянальнай гвардыі Украіны 3004 і ўзброенымі баевікамі.

«Боезапас, які быў у ваенных, быў цалкам выкарыстаны. У выніку чаго, зь вялікім супрацівам з боку вайскоўцаў, тэрыторыя часткі была захопленая ўзброенымі тэрарыстамі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Камандзір батальёна зараз знаходзіцца ў палоне, асабісты склад батальёна перамясьцілі ў іншую вайсковую частку з мэтай захаваньня жыцьця байцоў, заявілі ў Нацгвардыі.

Штурм, які пачаўся позна ўвечары ў чацьвер, быў ужо трэцім за гэты дзень, калі тэарэтычна дзейнічала спыненьне агню. Сілавікі не патлумачылі, чаму іншыя сілавыя структуры не прыйшлі на дапамогу.

Паводле зьвестак, якія прыводзіла раней Міністэрства замежных спраў, яшчэ да пачатку гэтага нападу, па стане на дзень у чацьвер, з моманту аднабаковага абвяшчэньня рэжыму непрымяненьня сілы ўкраінскімі сілавікамі было зафіксавана 59 выпадкаў яго парушэньні з боку прарасейскіх і расейскіх баевікоў, у выніку гэтых нападаў загінулі на той час 18 вайскоўцаў.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка згодна са сваім мірным плянам абвясьціў у мінулую пятніцу аднабаковае спыненьні агню. Некаторыя лідэры сэпаратыстаў, якія дзейнічаюць на частках тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей, заяўлялі, што падтрымліваюць яго. Нягледзячы на гэта, напады на ўкраінскіх сілавікоў працягваюцца пастаянна. Украінскія ваенныя, як было заяўлена афіцыйна, павінны былі адкрываць агонь толькі ў адказ на напады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG