Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 чэрвеня ў галерэі «Ў» Таварыства беларускай мовы ўрачыста адзначыла сваё 25-годзьдзе. На імпрэзу зьехаліся сябры грамадзкага аб’яданьня з усіх куткоў Беларусі.

Сярод ганаровых гасьцей — пасол Швэцыі ў Беларусі Марцін Обэрг, пасол Чэхіі Мілан Экерт, прэс-аташэ па культуры пасольства Польшчы Эльжбэта Шчапанска-Дамброўска, дыпляматы з Украіны, Казахстана, творчая інтэлігенцыя.

Вядоўца імпрэзы, намесьніца старшыны ТБМ Алена Анісім, зачытала прывітальныя словы першага старшыні Таварыства народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Па стане здароўя ён сам ня мог прысутнічаць на ўрачыстасьцях, і напісаў цёплыя словы уласнай рукой:

«Ні на хвіліну не паддавайцеся намаганьню ворагаў Беларушчыны падсекчы карані вашай веры ў роднае слова, вашай любові да роднага слова, вашай рашучасьці абараніць права на жыцьцё яго, гонар і годнасьць».

Удзельнікі імпрэзы ўшанавалі памяць другога старшыні ТБМ паэта Генадзя Бураўніка, які прыканцы траўня пайшоў у іншы сьвет.

З кароткай справаздачай пра дзейнасьць ТБМ выступіў цяперашні старшыня грамадзскага аб’яднаньня Алег Трусаў.

У шэрагах Таварыства больш за 6 тысяч сяброў, ТБМ выдае дзьве газэты: «Наша слова» і «Новы час», — літаратурны часопіс «Верасень», краязнаўчы часопіс «Лідскі летапісец».

Больш за 40 актыўных сяброў ТБМ былі ўганараваныя граматамі: Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Эдуард Акулін, Алесь Бяляцкі, Вольга Іпатава, Ніна Шыдлоўская, Іна Кулей, Эрнэст Ялугін, Людміла Дзіцэвіч ды іншыя.

Зь цёплымі словамі выступіла першы сакратар пасольства Ўкраіны ў Беларусі Марыя Гуцала, якая зачытала віншаваньні пасла Ўкраіны Міхаіла Ежаля: «Мова — гэта генэтычны код нацыі. Будзе мова — будзе і нацыя!» Яе віталі воклічамі «Слава Ўкраіне! Слава героям!»

Пасьля ўрачыстай часткі гасьцей імпрэзы віталі музыкі Алесь Камоцкі, Зьміцер Бартосік, Эдуард Акулін, Тацяна Беланогая, гурт «Рэха», саліст якога — Андрусь Такінданг.

Ніхто з афіцыйных асобаў на імпрэзе ня быў заўважаны.

XS
SM
MD
LG