Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаюць Грузія, Малдова і Ўкраіна ад асацыяцыі з Эўразьвязам?


Свабода папрасіла прадстаўнікоў уладаў Грузіі, Малдовы і Ўкраіны ацаніць магчымыя пазытыўныя і нэгатыўныя наступствы ад сёньняшняга падпісаньня дамоваў аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з Эўрапейскім Зьвязам.

27 чэрвеня ў Брусэлі на саміце Эўразьвязу Ўкраіна падпіша эканамічную частку пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Палітычная частка была падпісаная 21 сакавіка. Адмова былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча прывяла да Эўрамайдана, які пасьля шматлікіх сьмерцяў дэманстрантаў прывёў да зьмены ўлады.

Акрамя Ўкраіны, дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам падпішуць у той жа час Грузія і Малдова.

Гэтыя дамовы прадугледжваюць больш цеснае ўзаемадзеяньне як у палітыцы, так і ў эканоміцы. Расея выступае супраць палітычнай і эканамічнай асацыяцыі з Эўразьвязам постсавецкіх краін, асабліва Ўкраіны, пагражаючы эканамічнымі санкцыямі. За імкненьне да эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіна заплаціла расейскай анэксіяй Крыму і збройным канфліктам, распаленым прарасейскімі сэпаратыстамі і расейскімі наёмнікамі ў Данбасе.

Украіна. «Мы абралі рух да ЭЗ»

Першы намесьнік міністра замежных спраў Украіны Натальля Галібарэнка зазначыла:

«Мы ніколі не хавалі, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве будуць пэўныя праблемы — зь імі сустракаліся ўсе дзяржавы ў працэсе атрыманьня сяброўства ў Эўразьвязе. І ад нас гэтага ніколі не хавалі. Справа ў тым, што высокія эўрапейскія стандарты звычайна прыводзяць да ўзмацненьня канкурэнцыі, у выніку чаго з рынку выцясьняюцца тыя, хто ня можа адаптавацца да новых рэаліяў.

Але ў сярэдне тэрміновай пэрспэктыве ўсе краіны, якія прайшлі праз гэтую працэдуру, мелі абсалютна пазытыўны эфэкт у выніку — рост ВУП і аб’ёму інвэстыцыяў. Таксама ад узрастаньня канкурэнцыі атрымліваюць выгоды спажыўцы, бо павялічваюцца патрабаваньні да якасьці тавараў.

Таксама трэба сказаць, што ня ўсё ў гэтым жыцьці вымяраецца матэматыкай — я маю на ўвазе, напрыклад, страты Ўкраіны пры мытных зборах. Усё ж, я думаю, калі мы абралі рух да Эўрапейскага Зьвязу і гэта падтрымаў народ Украіны, мы павінны гаварыць пра якасныя зьмены. І, нягледзячы на крызіс на ўсходзе Ўкраіны, мы маем шанец зрабіць прарыў ва ўкраінскай эканоміцы праз дывэрсыфікацыю нашага экспарту».

Канстанцін Елісееў

Канстанцін Елісееў

Кіраўнік місіі Ўкраіны пры Эўрапейскім Зьвязе Канстанцін Елісееў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што падпісаньне эканамічнай часткі Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам паспрыяе шматвэктарнаму разьвіцьцю эканомікі Ўкраіны. Паводле ягоных слоў, пагадненьне ў цэлым акажа станоўчы ўплыў ня толькі на разьвіцьцё эканамічнага супрацоўніцтва паміж Украінай і Эўразьвязам, але і паміж Украінай і краінамі СНД, уключна з Расеяй. То бок — гандлёвай вайны не павінна быць:

«Дамова — гэта двухбаковы дакумэнт паміж двума сувэрэннымі бакамі, Украінай і Эўрапейскім Зьвязам. Мы лічым, што сёньня ў Эўропе 21-га стагодзьдзя нельга выкарыстоўваць інструмэнты газавага, энэргетычнага або гандлёвага ціску дзеля дасягненьня палітычных мэтаў. На наш погляд, самы відавочны плюс для Ўкраіны — тое, што пагадненьне — інструмэнт пабудовы стабільнай, квітнеючай, свабоднай і дэмакратычнай Эўропы, часткай якой імкнецца стаць і Ўкраіна».

Малдова. «Наш экспарт ужо цяпер больш як на 50% скіраваны на Эўропу»

Юліян Гроза

Юліян Гроза

Намесьнік міністра замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі Малдовы Юліян Гроза ў інтэрвію Свабодзе разважае пра выгады і выклікі, якія атрымае Малдова ад моманту падпісаньня Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

«Для Рэспублікі Малдова гэтая дамова азначае якасна новы ўзровень рэформаў у сэктары юстыцыі, інвэстыцыяў, умацаваньня дзяржаўных інстытутаў і экспарту як на эўрапейскія рынкі, так і на наш традыцыйны рынак — краіны СНД. Гэты плюс зьявіцца таму, што дамова аб эканамічным супрацоўніцтве прадугледжвае эканамічную інтэграцыю Малдовы з Эўрапейскім Зьвязам праз гарманізацыю нормаў і стандартаў. Таксама Малдова атрымае дапамогу ад Эўрапейскага Зьвязу на прасоўваньне рэформаў, якія і дазволяць адаптаваць гэтыя стандарты. Асабліва гэта важна для нас у аграпрамысловым комплексе, бо Малдова, як вядома, — гэта невялікая аграпрамысловая краіна. Трэба адзначыць, што наш экспарт ужо цяпер больш як на 50% скіраваны на Эўропу. І гэтая дамова, якую мы сёньня падпісваем, дасьць глебу для яшчэ больш шчыльнай інтэграцыі.

Разам з тым гэтая дамова абсалютна сумяшчальная і з тымі пагадненьнямі пра свабодны гандаль, якія ў нас ёсьць у рамках СНД. У выніку атрымліваецца, што маленькая дзяржава Малдова будзе мець выгады ад свабоднага гандлю і ў межах Эўразьвязу, і ў межах СНД.

Гэта вельмі станоўча, што мы акружаем сябе зонай свабоднага гандлю.

Беларусь стала галоўным імпартэрам малдаўскага віна і шампанскіх вырабаў

Калі казаць пра нэгатыўныя моманты, то іх практычна няма. Тое, што наш экспарт ужо дывэрсыфікаваны, пры наяўнасьці гарантыяў у межах дамовы з Эўразьвязам, робіць выклікі мінімальнымі. Разам з тым, вядома, мы выразна бачым, што адбываецца ў рэгіёне ў галіне гандлю, напрыклад, паміж Расеяй і Грузіяй. З намі нешта падобнае. Яшчэ мінулай восеньню Расея адмяніла імпарт малдаўскага віна. І хоць гэтае пытаньне неаднаразова нібыта вырашалася на высокім узроўні, наш экспарт у Расею не аднавіўся, за выключэньнем некалькіх кампаніяў, якія працуюць у Прыднястроўі. Але праз гэта сёньня Беларусь стала галоўным імпартэрам малдаўскага віна і шампанскіх вырабаў. Таму на прыкладзе Беларусі можна казаць пра тое, што шматвэктарнасьць нашага экспарту захоўваецца нават на фоне непаразуменьняў з Расеяй.

Працягваючы думку, можна сказаць, што канчатковая мэта эўраінтэграцыі Малдовы — гэта тое, каб інвэстыцыі прыходзілі ў нашу краіну і з Захаду, і з Усходу, каб гэтая шматвэктарнасьць захоўвалася.

Напэўна, выклік, зь якім мы сутыкнёмся, — гэта недахоп разуменьня нашых традыцыйных партнэраў на Ўсходзе, у тым ліку і Расейскай Фэдэрацыі, таго, што мы ня робім нешта супраць кагосьці, а выключна для разьвіцьця сваёй краіны«.

«Гэта вельмі добры шанец для Грузіі, каб ісьці наперад»

27 чэрвеня Грузія падпіша гандлёвы і палітычны пакт з Эўразьвязам. Якія гэта будзе мець пазытыўныя і нэгатыўныя наступствы для Грузіі?

Віктар Далідзэ

Віктар Далідзэ

Гаворачы пра пазытыўны ўплыў, дэпутат парлямэнту Грузіі, старшыня камітэту па інтэграцыі з Эўропай Віктар Далідзэ ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды заявіў, што падпісаньне дакумэнту — гэта гістарычны момант для Грузіі, для рэгіянальнага супрацоўніцтва і «Ўсходняга партнэрства».

«Гэта адкрывае вялікія магчымасьці ў сфэры сэктаральных рэформаў, у тым ліку і сельскагаспадарчых, і эканамічных, і інвэстыцыйных, і сацыяльных, і ў сфэры аховы здароўя, і гэтак далей. Таму мы абавязкова павінны выкарыстаць гэтыя магчымасьці і вельмі старанна, паэтапна дасягаць вырашэньня тых праблемаў і пытаньняў, якія ў нас засталіся. Дагэтуль было многа такіх дамоваў з усходне- і цэнтральнаэўрапейскімі краінамі. Напрыклад, Польшча, пасьля таго як падпісала дамову, праз 11 гадоў ужо ўвайшла ў ЭЗ. А, напрыклад, Харватыі спатрэбілася недзе 13 гадоў. Ва ўсякім разе, Грузія — маленькая краіна, яна на пазытыўным пад’ёме, трансфармацыя нашай краіны адбываецца дзень за днём. Гэта дае нам добры шанец, каб ісьці наперад. То бок і эўрапейская, і эўраатлянтычная інтэграцыя нашай краіны найперш залежыць ад таго, ці мы будзем рабіць сваю хатнюю працу на самым высокім узроўні. Я думаю, што мы зможам гэта рабіць так, як мы змаглі раней падпісаць дамову. Астатняе пакажа час».

Карэспандэнт: «А якім вы бачыце супрацоўніцтва пасьля падпісаньня дамовы з краінамі СНД, у тым ліку зь Беларусьсю?»

Далідзэ: «Я ня думаю, што нешта памяняецца. Бо гэты дакумэнт і наша плятформа супрацоўніцтва з ЭЗ — гэта ўсё ніяк не лімітуе наша супрацоўніцтва і гандлёва-эканамічнае, і гуманітарнае, і культурнае з краінамі СНД на шматбаковым і двухбаковым узроўні. Мы цесна супрацоўнічаем як з Казахстанам, Азэрбайджанам і Армэніяй, так і з Расеяй. Мы хочам яшчэ паглыбіць гэтыя адносіны, асабліва гандлёва-эканамічныя. То бок я ня бачу ніякіх абмежаваньняў, перадумоваў і падстаў для таго, што гэтае супрацоўніцтва зойдзе ў тупік. Думаю, у нас у гэтым сэнсе ня будзе ніякіх праблемаў. Гэта зусім іншая плятформа супрацоўніцтва, чым Мытны ці Эўразійскі саюз, які мае пэўныя абмежаваньні. Мне нават не зусім зразумела, на чым будзе грунтавацца супрацоўніцтва ў Эўразійскім саюзе.

Наша супрацоўніцтва з Эўразьвязам — гэта наша стабільнасьць, наша эканамічнае разьвіцьцё, наша бясьпека

То бок ніякіх праблемаў ня бачу. У нас найперш, вядома, эўрапейскія і эўраатлянтычныя імкненьні. Але мы яшчэ хочам наладзіць нашы адносіны з Расеяй. Мы хочам, але гэта залежыць ня толькі ад нас. Ад Расеі мы таксама чакаем пазытыўных крокаў. Ва ўсякім разе, наша супрацоўніцтва з Эўразьвязам — гэта наша стабільнасьць, наша эканамічнае разьвіцьцё, наша бясьпека. Гэта толькі будзе садзейнічаць рэгіянальнай бясьпецы. У тым ліку бясьпецы Расеі. Я ў гэтым перакананы. І Расея таксама павінна зразумець гэтую канцэпцыю».

Карэспандэнт: «Расея ўвесь час выступала супраць эўраінтэграцыі Грузіі. Чаго можна ад яе чакаць пасьля падпісаньня асацыяцыі Грузіі з ЭЗ?»

Далідзэ: «Мяне цешыць, што Расея ніякіх жорсткіх захадаў цяпер ня робіць. Але Расею „умом не понять“. У нас няма ніякіх ілюзіяў адносна таго, што нельга чакаць ад Расеі эканамічных, палітычных ці ваенна-палітычных санкцыяў. Асабліва пасьля сытуацыі з Украінай. То бок усяго можна чакаць, але мы, ва ўсялякім разе, робім усё для таго, каб такога пагаршэньня адносінаў паміж краінамі, з улікам усіх мінулых цяжкасьцяў, не было. Але гэта залежыць ня толькі ад Грузіі, а ў першую чаргу ад Расеі. Бо Расея павінна выканаць свае абавязаньні, якія яна ўзяла ў 2008 годзе, пра статус-кво і вывад расейскіх вайсковых базаў і вайскоўцаў з тэрыторыі Грузіі і дэакупацыю нашай краіны».

Карэспандэнт: «Ці бачыце вы нейкія нэгатыўныя наступствы ад падпісаньня асацыяцыі з ЭЗ?»

Далідзэ:«Пра якія нэгатыўныя наступствы можна гаварыць, калі мы гаворым пра сыстэмнае рэфармаваньне нашай краіны?! Гэта пачынаецца новая эпоха для Грузіі. Бо цяпер мы пачынаем рэальнае, канкрэтнае рэфармаваньне нашай краіны. Ва ўсіх сэктарах у Грузіі пачынаюцца рэформы. Дагэтуль сур’ёзных інстытуцыянальных рэформаў мы, на жаль, правесьці не змаглі. Найперш, калі мы гаворым наконт «хатняй работы» (я не люблю гэты выраз — «хатняя работа»), то мы робім яе найперш для нас, для нашых грамадзянаў, а потым ужо для інтэграцыі нашай краіны ў эўрапейскую сям’ю. Як атрымаецца, у які тэрмін мы даб’ёмся канчатковай мэты, — гэта пакажа час. Ва ўсякім разе, гэта вельмі добры шанец для Грузіі, каб ісьці наперад. Самае галоўнае, каб унутрыпалітычнае, унутрыэканамічнае рэфармаваньне нашай краіны прайшло як мага глыбей і найбольш арыентавалася на вынік".

XS
SM
MD
LG