Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гела Берберашвілі — беларускі грузін, чалавек бяз пашпарта


Сям’я Ірыны ды Гелы: чатыры дачкі і бабуля Тацяна
Сям’я Ірыны ды Гелы: чатыры дачкі і бабуля Тацяна

У вёсцы Партызанская Хойніцкага раёну, пацярпелай ад Чарнобылю, жыве шматдзетная сям’я Ірыны й Гелы Берберашвілі. Ірына — беларуска, Гела — грузін. Гадуюць чатырох дачок. Жывуць галоўным чынам з гароду й лесу, бо галава сям’і, ня маючы нават віду на жыхарства, ня можа афіцыйна ўладкавацца на працу.

Калі мы прыехалі ў вёску Партызанская, Гела парадкаваў гарод. Наняў вяскоўца з канём і абганяў дзялянку бульбы.

Гела: «Я — грузін, жыву ўжо тут амаль дваццаць гадоў. З Кобрына пераехалі сюды, пазнаёміліся там. Во цешча мая — яна адсюль, побач вёска Восаў. Пераехалі й засталіся. Беларускай гарэлкі паспытаў».

Ірына, жонка: «Беларускі грузін!»

Гела: «Так, гэта мая другая радзіма. Выбачаюся крыху, бо ў вёсцы навучылі. Вёска ёсьць вёска: аром, сеем, саджаем. Слухайце, я служыў у Беларусі, у Слоніме, дарэчы. Пакахаў гэтага чалавека (паказвае на жонку) — і ўсё, застаўся. Жыву цяпер тут».

Гаворка 45-гадовага грузіна перасыпана ўжо й беларускімі слоўцамі. Гела Берберашвілі з трох гадоў — сірата: бацькі памерлі рана, а за імі і старэйшы брат. У Грузіі засталася толькі сястра. Выхоўваўся Гела ў дзіцячым доме, а служыць у войску выпала ў Слоніме, што на Гарадзеншчыне.

Пасьля службы нейкі час працаваў у калгасе ў Кобрынскім раёне, дзе й пазнаёміўся з хойніцкай перасяленкай Ірынай, у дзявоцтве Кашперкай. У тае сямейнае жыцьцё ў першым шлюбе з расейцам з Карэліі не задалося, на руках быў малы сын. Гелу дзіця не палохала, хутчэй наадварот — сірата бязбацькавіча добра разумеў.

Неўзабаве Ірына й Гела пераехалі на Гомельшчыну, уладкаваліся ў Партызанскай. Гадуюць чатырох дачок — старэйшай, Тацяне, ужо сямнаццаты, самай меншай, Волечцы, толькі тры гады.

Працы ў вёсцы ня надта знойдзеш. У Партызанскай, што раней называлася Аўрамаўская, закрылі і дрэваапрацоўчы цэх, і абозна-колавы завод, і швейную майстэрню, і сярэднюю школу, і дзіцячы садок, і нават інтэрнат для састарэлых ды інвалідаў.

Вёска Партызанская спакваля пусьцее
Вёска Партызанская спакваля пусьцее

Ірына, не дабыўшы дэкрэтнага адпачынку, уладкавалася сацыяльнай працаўніцай:

«Не дабыла год у дэкрэце. Адна жанчына, сацыяльная працаўніца, на пэнсію пайшла, дык я замест яе, бо потым ніякай працы ня знойдзеш. Фактычна на мне ўся сям’я. Муж, канечне, дома гаспадарыць, у печы паліць, дзяцей даглядае. Маленькія ў нас заробкі. Сям’я вялікая, а заробак малы — на жыцьцё не хапае».

Сям’я зь нецярпеньнем чакае лета:

«Ой, зімою чакаем лета, як Бога. Улетку толькі на ягадах, на грыбах-лісічках можна зарабіць. Заробіш — цукру купіш, дзецям варэньня нагатуеш. Купіш алею, солі, закатак наробіш. Гарод пасадзіш, бульбы накапаеш. Буракі, морква — працуем жа».

У сэзон чарніц і лісічак сям’і Ірыны ды Гелы не да сну (зьлева направа — Ірына, дачка Ангеліна, бабуля Таня)
У сэзон чарніц і лісічак сям’і Ірыны ды Гелы не да сну (зьлева направа — Ірына, дачка Ангеліна, бабуля Таня)

Раней Гела езьдзіў на заробкі — у Гомель, Менск, у Расею:

«Дзяцей трэба карміць, а красьці ж нельга. Таму зарабляю вось гэтымі мазалямі. Тут, у Беларусі, можна жыць, абы толькі вайны не было. Адзіная краіна, дзе вайны няма. У Расеі — вайна, ва Ўкраіне таксама немагчыма. Тут працуй і жыві, толькі нічога кепскага не рабі».

Гела й Ірына сьцьвярджаюць, што апошнім часам усюды пільней ставяцца да дакумэнтаў, а ў беларускага грузіна нават дазволу на часовае пражываньне няма. Мясцовая міліцыя пэрыядычна Гелу тузае — бацька чатырох дзяцей, ён у Беларусі ніхто.

Ірына: «Я лічу, што ён мой муж. А тут ня лічыцца нават, што мы ў грамадзянскім шлюбе — сужыцель ды сужыцель. Жывём багата гадоў, ужо хутка дзяўчат замуж выдаваць, а ў нас усё праблема з дакумэнтамі».

Шматдзетная маці кажа, што Гела даўно меўся афіцыйна аформіць сваё знаходжаньне ў Беларусі:

«Адзін раз з Грузіі не прыйшлі дакумэнты — там нейкі пераварот быў. Што на Гарадзеншчыне служыў, прыйшлі адказы на запыты. З Кобрына, зь вёскі Заверша, дзе муж працаваў на трох працах, таксама прыйшлі — пра заробкі, пра занятак. Гэта мы самі зьвярталіся. Другі раз у Грузію запыт дасылалі, і ўжо прыйшлі дакумэнты, што ён выхоўваўся ў дзіцячым доме, што не судзімы. Віта Ўласенка з пашпартнага стала казала, што добрыя дакумэнты — і празь месяц Гела атрымае від на жыхарства. І так па сёньняшні дзень — год мінуў. Ужо надакучыла праходзіць мэдкамісіі: ён жа „нярускі“, яму дорага. Нават два разы на год праходзілі. Ужо ўся больніца ведае яго. Пытаюцца: колькі ты разоў будзеш праходзіць камісіі? Усё ў капеечку, а нам жа дзяцей карміць!»

Ірына кажа, што муж зарокся хадзіць у пашпартны стол:

«Апошні раз там ужо з папкамі накінуліся, пасьля таго як мы ў райвыканкам зьвярнуліся. Мяне наагул з кабінэта выгнала. Кажа: „Усё ён выдатна разумее. Выйдзіце!“ А на Гелу стала папкамі кідаць, па руках біць. І ён сказаў, што больш туды ня пойдзе».

Вёска Партызанская, вуліца, на якой жывуць Ірына ды Гела Берберашвілі
Вёска Партызанская, вуліца, на якой жывуць Ірына ды Гела Берберашвілі

У групе грамадзянства й міграцыі Хойніцкай міліцыі, у сваю чаргу, сьцьвярджаюць, што гатовыя Гелу Берберашвілі дапамагчы, але ён, маўляў, ужо год як не паказваецца:

«Справа ў тым, што ў чалавека няма блізкіх сваякоў — грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Ён можа атрымаць дазвол на часовае пражываньне. Зь ліпеня мінулага году ён ні разу да нас не зьвярнуўся. То ён адну даведачку не прынясе, то іншую. То пайшоў бляначак запаўняць — і не прыйшоў. Тут можна верыць чалавеку, а можна — і не. Не зьвяртаўся. То ён камісію ня можа прайсьці, бо за яе трэба плаціць. Ён павінен зьвярнуцца і атрымаць хаця б часовае пражываньне. Мы яму ў гэтым не адмовім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG