Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ня хочуць ушаноўваць памяць Барадуліна


Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін

6 траўня Саюз беларускіх пісьменьнікаў зьвярнуўся ў Міністэрства культуры з афіцыйнай прапановай – стварыць урадавую камісію па ўшанаваньні памяці Рыгора Барадуліна.

У сваім хадайніцтве пісьменьнікі падрабязна пералічылі, што трэба зрабіць: выдаць Поўны збор твораў, усталяваць на доме Барадуліна памятную шыльду, назваць ягоным імем вуліцы ў Менску і ў ягоных родных Ушачах. І гэта толькі некалькі зь пералічаных у хадайніцтве прапановаў.

Міністэрства культуры ў адказе Саюзу таксама падзялілася сваімі плянамі па ўшанаваньні памяці Рыгора Барадуліна. У наступным годзе чыноўнікі хочуць правесьці ў ягоны гонар дзьве выставы – у Музэі гісторыі беларускай літаратуры і ў Нацыянальнай бібліятэцы. Дарэчы, прапановы зрабіць тэматычныя выставы ёсьць і ў хадайніцтве Саюзу пісьменьнікаў.

«Разгляд іншых прапаноў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якія патрабуюць выдзяленьня значных дадатковых фінансавых сродкаў, будзе ажыцьцяўляцца зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіраваньня плянава, ва ўстаноўленым парадку, – гаворыцца ў адказе Мінкульту. – У сувязі з вышэйпазначаным, стварэньне асобнай Урадавай камісіі па ўвекавечваньні памяці Р. Барадуліна не зьяўляецца абавязковым».

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Барыс Пятровіч называе адказ Мінкульту «звычайнай адпіскай».

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

«Гэта ўжо ня першае ліставаньне. Мы зьвярталіся да розных дзяржаўных органаў пра ўшанаваньне і іншых нашых вядомых літаратараў. І вынікае, што нам трэба спадзявацца толькі на саміх сябе і на свае сілы. Павінны выходзіць кнігі і Быкава, і Бураўкіна, і Барадуліна. Павінны зьявіцца шыльды на дамах, дзе яны жылі. І вуліцы іх імя. Але гэтае рашэньне будуць прымаць чыноўнікі. Мы на іх ніяк ня можам паўплываць. Хіба што зноў, не зважаючы на іх адмовы, пісаць лісты, грукацца і грукацца. Урэшце мы павінны дамагчыся свайго».

Электронны зварот да Савету міністраў з просьбай ушанаваць памяць народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ўжо падпісалі 420 чалавек.

Гэта далёка ня першая спроба дазволіць беларусам з гонарам хадзіць па вуліцах імя вялікіх дзеячоў культуры.

А калісьці гэта было магчыма. Беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў савецкая ўлада не баялася.

Вуліца Янкі Купалы зьявілася ў сталіцы адразу пасьля вайны, а Якуба Коласа – у 1956-м. Маляўнічая вулачка імя Алаізы Пашкевіч займела сваё імя яшчэ ў 1974-м.

А вось у 2010-м былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і ягоны рух «Гавары праўду» паспрабавалі арганізаваць грамадзкую кампанію «Вуліца Быкава». Палітыкі пераконвалі, што сабралі больш за сто тысяч подпісаў. Аднак кватэра, у якой захоўвалася прынамсі палова зь іх, была абрабаваная, і арыгіналы падпісных аркушаў зьніклі.

Ня кожны дваццацігадовы мянчук ведае, што адна з цэнтральных вуліц, Максіма Багдановіча, раней насіла імя расейскага Максіма – Горкага.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі ў тыя часы быў дырэктарам музэя імя Багдановіча. Ён распавядае, што за вуліцу змагаліся некалькі гадоў:

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Гэта была досыць шырокая грамадзкая ініцыятыва. Некалькі гадоў гаварылі пра тое, што вуліцу Максіма Горкага, на якой нарадзіўся Максім Багдановіч, трэба перайменаваць у вуліцу Максіма Багдановіча. Калі я быў дырэктарам музэю Максіма Багдановіча, мы дабіліся таго, што гэтае перайменаваньне было ўключана ў рэспубліканскі плян мерапрыемстваў да стагодзьдзя Максіма Багдановіча. Тым ня менш ня ўсе мерапрыемствы былі выкананыя. Што тычыцца перайменаваньня, то былі асобныя намаганьні. За тагачасныя камуністычныя назвы вуліцы тыя яшчэ камуністычныя ўлады трымаліся рукамі і нагамі.

З маёй ініцыятывы ў межах БНФ мы сабралі подпісы жыхароў вуліцы імя Максіма Горкага за гэтае перайменаваньне. Некалькі соцень чалавек падпісаліся, і мы іх подпісы перадалі ў гарвыканкам. Але само рашэньне, наколькі я памятаю, прымаў Савет міністраў. Гэтае рашэньне было прынятае падчас правядзеньня сьвяточнага вечара ў Тэатры опэры і балету ў гонар стагодзьдзя Максіма Багдановіча. На вечары было больш за тысячу чалавек. І з гэтай навіной пра прыняцьце выступаў, наколькі я памятаю, Станіслаў Шушкевіч, які тады быў старшынём Вярхоўнага Савету. І ўся заля на авацыі ўспрыняла гэтую навіну. Я таксама быў вельмі ўсьцешаны. Але насамрэч нашых намаганьняў было болей: і ад БНФ, і ад дэпутатаў тагачаснага Вярхоўнага Савету, ад дэпутатаў Менскага гарадзкога савету, якім і я быў. А музэй Максіма Багдановіча курыраваў гэтую працу, і мы былі вельмі ўсьцешаныя, бо дабіліся таго, чаго дабіваліся прынамсі два гады».

Аднак у часы найноўшай беларускай гісторыі сьпіс беларускіх літаратараў, імёны якіх улада не жадае пазначаць на мапе сталіцы, толькі павялічваецца.

Вадім Зелянкоў
Вадім Зелянкоў

«Відавочныя прэтэндэнты на ўласныя вуліцы – Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч і Алесь Адамовіч, – лічыць гісторык Менску Вадзім Зелянкоў. – Літаратурных імёнаў у нас нямала, увекавечаныя амаль усе клясыкі. Вуліца Івана Навуменкі запраектаваная, але спынілася будаўніцтва мікрараёна Паўночны, дзе яна мае быць. Няма хіба што вуліцы Вячаслава Адамчыка».

Паводле Зелянкова, правільна было б пачакаць гадоў 10-20 пасьля сьмерці асобы. «У Англіі, напрыклад, гэтая норма выконваецца жорстка. Нават мэмарыяльную дошку Джону Ленану, аўтарытэт якога непахісны, адкрылі праз 20 гадоў пасьля ягонай гібелі, – тлумачыць гісторык. – Аднак у Менску зьявіліся сквэры Міхаіла Паўлава і Уга Чавэса, якія адышлі зусім нядаўна, а таксама бульвар Мулявіна. Таму і вуліца імя Барадуліна таксама патрэбная».

Дарэчы, – раіць Зелянкоў, – яна б магла зьявіцца літаральна на новым месцы.

«У сельгаспасёлку, побач з домам, дзе жыў Барадулін, ідзе знос старых дамкоў і будаўніцтва новых. Вуліца Барадуліна магла б узьнікнуць без выпраўленьняў у дакумэнтах жыхароў, якія ўсё адно мяняюць месца рэгістрацыі ў сувязі зь пераездам».

Аляксандра Баярына, здымак з фэйсбуку
Аляксандра Баярына, здымак з фэйсбуку

Архітэктарка Аляксандра Баярына перакананая, што чыноўнікі, якія прымаюць рашэньні, маюць «саўковы мэнталітэт».

«Для іх усё гэта (беларускія літаратары. – РС) ня людзі. Яны жывуць у «той сыстэме». Абсалютна любы крок, які выпадае з сыстэмы, падаецца ім дзіўным, яны чакаюць за яго пакараньня, іх скоўвае страх», – тлумачыць Аляксандра.

Глеб Лабадзенка раіць намаганьні па ўшанаваньні памяці літаратараў падзяліць на дзьве часткі: тое, што можа зрабіць грамада, і тое, што можа зрабіць толькі ўлада.

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

«Мы ня можам самі пераназваць вуліцу, – кажа Глеб. – Зьбяром мы дзесяць тысяч подпісаў ці сто тысяч, гэта ня мае значэньня. Калі будзе воля ўладаў, будзе дастаткова аднаго звароту. Калі гэтай волі ня будзе – хоць мільён подпісаў зьбяры».

Лабадзенка перакананы, што большую энэргію трэба пускаць якраз на першы напрамак. Напрыклад, улады ня супраць усталяваньня мэмарыяльнай дошкі ў гонар Рыгора Барадуліна, але калі ім ня трэба будзе ўкладацца ў гэта фінансава. «Сабраць грошы і ўзгадніць усталяваньне з аддзелам архітэктуры да 80-годзьдзя Барадуліна – гэта цалкам рэальна», – даводзіць Глеб.

А зь перайменаваньнем вуліц, на яго думку, лепш увогуле не сьпяшацца:

«Рана ці позна адзін з цэнтральных праспэктаў Менску, напрыклад, праспэкт Дзяржынскага, павінен быць пераназваны ў праспэкт Быкава. Або мы хочам, каб зараз недзе на выселках, за горадам, у Шабанах была вуліца Барадуліна? Ці лепш пачакаць і пакінуць гэтую назву адной з цэнтральных вуліц? Для мяне другі варыянт бліжэйшы. Зразумела, што ў цэнтры гораду цяпер гэтай вуліцы ня будзе. Ня варта пускаць аж усе сілы на змаганьне зь ветракамі, якімі на дадзены момант ёсьць Менгарвыканкам і ўлады».

Падобны прагноз робіць архітэктарка Аляксандра Баярына:

«Асабіста я веру, што ўсё гэта будзе. Цікавасьць да гісторыі ўвесь час расьце. Маладое пакаленьне – гэта вельмі добрыя людзі, і яны ўсё гэта зробяць. Мой прагноз – празь пяць гадоў будзе вуліца Быкава, празь сем – Бураўкіна, а празь дзевяць – Барадуліна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG