Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаноўныя чытачы, буду пакрысе адгукацца і на вашыя просьбы. Гэтым разам лічым па-беларуску.

Лічыць трэ кожнаму: зьмесьціва кішэні, цагліны для будоўлі, кілямэтры дарогі (хіба што выбарчыя бюлетэні ў нашай рэальнасьці лічыць неабавязкова).

Але паколькі ўсе мы вучыліся лічыць у школе — то прапаную задачу.

паўтрацяста + паўпятадзясят + паўчварта = ?

З досьведу прадказваю шмат варыянтаў адказаў. Але правільны адказ будзе 298,5.

Адкуль ён узяўся? Для гэтага мусім найперш высьветліць, што азначаюць словы паўтраця, паўчварта, паўпята, паўвасьма, паўдзесята.

Найпрасьцейшы шлях — вырашыць, што паўчварта — гэта палова чацьвёркі, то бок двойка, — шлях памылковы. Паўчварта — гэта першы, другі, трэці і палова ад чацьвертага ліку пры лічэньні: 3½, тры з паловай!

Так, выкарыстоўваючы адно слова, па-беларуску можна назваць цэлую чараду мяшаных дробаў (г. зн. дробаў з цэлаю часткаю). А запачаткоўвае чараду слова паўтара, якое паходзіць ад старажытнага спалучэньня паў + утара (параўн. уторыць 'падпяваць другім голасам'). Такім чынам, 1½ = паўтара (паўтары), 2½ = паўтраця (паўтраці), 4½ = паўпята (паўпяты).

Адпаведна паўпятадзясят = 4,5 х 10 = 45, а паўтрацяста = 2,5 х 100 = 250. Дадамо яшчэ 3½ і маем вышэйзгаданы адказ.

Зрэшты, лічэбнікі накшталт паўвасьмаста, відаць, засталіся ў гісторыі, хоць у старабеларускай мове іх поўна: Тавары свае прадаваці… лісіцы, норыцы па паўтрацяста (1580); Адзін залаты каштаваў паўпятадзясят грошай літоўскіх (1582), гэта значыць сорак пяць.

Але што да словаў накшталт паўтраця і нават паўтрыццаця — яны бытуюць у нашых дыялектах: Прынёс на плячах паўшаста пуда (Альхоўка, Наваградзкі р-н). Дасьледніца беларускага лічэбніка Алена Чабярук сьведчыць, што сыстэмна ўжываюцца такія словы на захад ад умоўнай лініі Дрыса — Ушача — Смалявічы — Мар'іна Горка — Бабруйск — Шацілавічы (Сьветлагорск) — Камарын. На ўсход таксама ёсьць, але радзей.

Мапа № 147 Дыялекталягічнага атлясу беларускае мовы

Мапа № 147 Дыялекталягічнага атлясу беларускае мовы

Афіцыйныя слоўнікі савецкае пары фіксуюць такія словы, аднак з абмежавальнаю пазнакаю „размоўнае, устарэлае“. Прыклад з шасьцітамовага Тлумачальнага слоўніка, том 4, 1980:

ПАЎТРАЦЯ, колькасны лічэбнік. Два з палавінай. Сьвінчо невялікае ды худаватае, так пуда на паўтраця можа. Крапіва

У слоўніку ёсьць яшчэ „размоўна-ўстарэлае“ паўчварта — і ўсё. Але прыклад з мастацкае прозы Кандрата Крапівы можна дапоўніць шматлікімі іншымі — з палітычнае публіцыстыкі ХХ стагодзьдзя, зь філязофскіх эсэ, дзе няма ніякай стылізацыі „пад старыну“ ці гутарковы стыль.

За апошнiя паўтраця году Вiльня й Менск — гэтыя два галоўныя цэнтры Беларусi — жылi ў зусiм розных варунках — як палiтычных, так i агульных... Вiльня за час вайны аказалася цэнтрам беларускай культурна-нацыянальнай працы, а Менск — палiтычным цэнтрам…

У Вільні шырэйшая палітычная работа ў грамадзянстве блізка зусім спынілася: затое ўсе беларускія чынныя сілы пакіраваліся на работу культурную — будаваньне школаў, апрацоўваньне школьных кніжак і ўсяго, што патрэбна дзеля школы, ладжаньне навуковых, культурна-нацыянальных і эканамічна-дабрачынных таварыстваў і ўстаноў…

У Менску ўтварылася й першае краёвае прадстаўніцтва Беларусі — Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, утварыўся першы выканаўчы орган краёвай улады — Народны Сакратарыят. І ў Менску адбыўся акт апавяшчэньня Беларусі незалежнай дзяржавай.

Гэта пачатак хрэстаматыйнага тэксту Антона Навіны (Антона Луцкевіча) „Два цэнтры“, напісанага ў 1918 годзе. І каб яго правільна зразумець, увайсьці ў кантэкст, трэба ведаць, які гэта пэрыяд — „апошнія паўтраця году“.

І патрыярх Адраджэньня Аляксандар Уласаў ва ўспамінах пра пачаткі „Нашае Нівы“ ўжывае адпаведны лічэбнік зусім натуральна:

Пачатак беларускай прэсы быў увесь на ахвярах і цяжкай начной працы. Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Моладасьць, нязломная воля і энтузіязм! Трэба было вырабляць літаратурную мову. Пазьней зьявіліся памацнікі. (…) Помню, зайшоў да нас хлапец, з выгляду падобны да клерыка, каторы адразу сеў пісаць сотні адрасоў. Піша дзень, другі, трэці... Прыклеіўся да работы. Пытаюся ў Івана, як яго прозьвішча? Іван кажа: „А чорт яго ведае! — але малайчына“.

Аналягічныя словаўтваральныя мадэлі ў літоўскай мове — у межах літаратурнае нормы. Іх ведалі, пэўна, і ўсе славянскія мовы. У расейскай яны зьніклі даволі даўно. Ва ўкраінскай і польскай вядомыя, але лічацца састарэлымі ці гутарковымі. Іх шмат у Адама Міцкевіча, які гадаваўся на фоне беларускае мовы:

Chociaż wody nie było i nawet nie grząsko:

Studnia na półczwarta łokcia,

Za wysokie progi

Na lisie nogi.

(Міцкевіч, байка „Ліс і Казёл“: ліс уваліўся ў студню глыбінёю на паўчварта локця)

На жаль, перакладнікі не захоўваюць гэтую, несумненна, беларускую дэталь у Міцкевічавай мове:

Хаця вады няма і нават ня гразка,

Але сядзі вось цяпер, калі ласка, —

Завысокі парог

Для лісіных ног.

(пераклад Ул. Корбана)

Яшчэ Міцкевіч:

Sernica w górze miała wszerz sążni półczwarta,

A u dołu na jednym wielkim słupie wsparta

Niby gniazdo bocianie. Stary słup dębowy

Pochylił się, bo już był wygnił do połowy

(Быліца ІХ „Пана Тадэвуша“: старую сырніцу Судзьдзі шырынёю сажня паўчварта Войскі з Возным у наступных радках абвалілі на маскалёў.)

М. Андрыёлі. Ілюстрацыяі да Быліцы IX „Бітва“

М. Андрыёлі. Ілюстрацыяі да Быліцы IX „Бітва“

Браніслаў Тарашкевіч у сваім перакладзе „Пана Тадэвуша“ (дарэчы, зробленым у польскай турме) прынамсі захаваў прыблізны памер сырніцы (на паўсажня павялічыўшы):

Ушыркі так сажні чатыры та сырніца мела

уверсе, а ўся на стаўбе на вялізным тырчэла,

як бусла гняздо. А той стоўб быў стары, хоць дубовы,

ужо пахіліўшыся, выгніўшы аж да паловы

А Язэп Семяжон у сваім перакладзе зусім абмінуў фармат згнілае сырніцы, сканцэнтраваўшыся на яе зьнішчальным эфэкце.

****

Трэба правільна ўжываць назоўнікі (назвы прадметаў, якія мы лічым) пры словах паўтара, паўтраця і падобных. Яны не скланяюцца, толькі мяняецца іхны род: паўтара мільёна і паўтары тысячы (зручна падбіраць прыклады з жыцьця, калі ўсе мільёнамі апэруюць!), паўтраця літра і паўтраці гадзіны.

Увага: няправільна ставіць пры слове паўтара назоўнік у множным ліку. У ім жа хаваецца дроб „адна цэлая адна другая“. Таму — паўтара грама, а ня „грамы“.

****

Ёсьць таксама істотная розьніца ў чытаньні звычайных (праз рысачку між лічнікам і назоўнікам) і дзесятковыя дробаў у расейскай і беларускай мовах.

2/5 — гэта дзьве пятыя. (А па-расейску будзе канчатак –ых.) Чаму так?

Возьмем дзесятковы дроб з цэлаю часткаю. 1,3 — адна цэлая тры дзясятыя. Маецца на ўвазе — і прапускаецца — слова частка. Адна цэлая частка і тры дзясятыя часткі. Таму і тры чацьвертыя, чатыры сёмыя.

****

І яшчэ пра лічэньне. Па-расейску — два барАна, як у вершы Чукоўскага. А ў нас — два баранЫ, тры дамЫ, чатыры гарадЫ. У расейскай мове тут форма роднага склону адзіночнага ліку, і толькі зь пяці прадметаў пачынаецца множны лік: пять баранов. А ў беларускай мове лікі 2, 3, 4 патрабуюць пасьля сябе назоўнага склону множнага ліку. Вось жа 2, 3, 4 камэнтары, а не „камэнтара“, як памылкова закладзена ў форму зваротнае сувязі аднае з сацыяльных сетак.

Цяжка сказаць, якая розьніца мэнталітэту двух народаў за гэтым можа хавацца, але атрымліваецца, што па-беларуску мноствам лічыцца тое, што большае за адзінку, а па-расейску — большае за пяць. Я вам скажу, што рацыя ў беларускім падыходзе ёсьць. У мяне дома жылі два катЫ — і гэта сапраўды множны лік, яны запаўнялі сабой усю прастору.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG