Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трусаў: мова — фактар палітычны


Алег Трусаў
Алег Трусаў


26 чэрвеня Таварыства беларускай мовы сьвяткуе 25 гадоў з дня стварэньня. Юбілей будзе адзначацца ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (Менск, праспэкт Незалежнасьці, 37-а), пачатак а 18:00.

З нагоды юбілею карэспандэнт Свабоды пагутарыў са старшынём ТБМ Алегам Трусавым.

Карэспандэнт: «Напярэдадні стала вядома пра пашкоджаньне помніка „У нескладоваму“ ў Полацку. Як вы ставіцеся да гэтага інцыдэнту?»

Трусаў: «Днямі здарылася вельмі добрая падзея: датэрмінова вызвалены актыўны сябар ТБМ Алесь Бяляцкі. І гэта нашмат лепей, чым тая адмоўная падзея, пра якую вы кажаце. А што да полацкага інцыдэнту, то гэта праяўляе сябе тая сіла, якая ўжо шмат гадоў і стагодзьдзяў зьнішчае ўсё беларускае. Гэта ня першы і, я думаю, не апошні факт. Але мы адновім свае помнікі, захаваем мову, то бок гэтая сіла нас не пераможа».

Карэспандэнт: «Як вы ацэньваеце сытуацыю зь беларускай мовай? Ці пашыраецца яе ўжываньне, калі глядзець на гэтыя 25 гадоў?»

Трусаў: «Яна вельмі ўмацавалася ў неспрыяльных умовах. Яна паказала ўсяму сьвету, што яна настолькі моцная, што можа разьвівацца безь дзяржаўнай падтрымкі і нават пры дзяржаўным уціску. Паглядзіце „Бібліятэку Свабоды“. Колькі там кніжак выдадзена за гады незалежнасьці! Паглядзіце незалежныя выдавецтвы, колькі мы друкуем кніжак, вершаў, часопісаў. Адно ТБМ трымае дзьве газэты і два часопісы. Яны рэгулярна выходзяць. Дарэчы, да юбілею выйшаў 10-ты нумар часопіса „Верасень“. І выглядае гэты часопіс у тры разы лепш, чым „Маладосьць“, „Полымя“ і іншыя дзяржаўныя выданьні. Так што мова паказала сваю жыцьцяздольнасьць, умацавалася. А пры зьмене палітычнай абстаноўкі, а яна раней ці пазьней зьменіцца, яна цягам, ну, дзесяці гадоў запануе ва ўсіх сфэрах жыцьця».

Карэспандэнт:" Ваш прагноз: калі беларукая мова стане адзінай дзяржаўнай у Беларусі?"

Трусаў: "Калі будзе палітычная перамога тых сілаў, якія вернуць Канстытуцыю 1994 году. Я думаю, раней ці пазьней гэтыя сілы прыйдуць да ўлады, будзе вернута Канстытуцыя. Я думаю, што напачатку можна пакінуць той запіс, што руская мова — мова міжнацыянальных зносін. Я б яшчэ дадаў туды ангельскую мову. І з адной дзяржаўнай мовай мы будзем існаваць — гэта стопрацэнтова. А ад нас з вамі залежыць, калі гэта будзе. Калі большасьць грамадзян Беларусі будзе размаўляць прынцыпова па-беларуску, то палітычная перамога адразу ж адбудзецца. Мова заўжды была і ёсьць важным палітычным чыньнікам ва ўсіх краінах і ва ўсіх народаў«.

Карэспандэнт: «Вы сказалі, што пашыраецца выданьне кніг на беларускай мове. Але гэта ўсё ж пераважна грамадзкія намаганьні...»

Трусаў: «Дык у гэтым і сіла, што дзяржава ня хоча, праганяе гэтых выдаўцоў, а кнігі ўсё роўна выходзяць. І вялікі фактар на нашым баку —

дзякуючы інтэрнэту мы атрымалі такую зброю, зь якой ніводная імпэрыя змагацца проста ня можа

інтэрнэт. Кнігі „Бібліятэкі Свабоды“ спакойна можна пачытаць у Аўстраліі, Новай Зэляндыі ці яшчэ дзе, што было немагчыма яшчэ 20 гадоў таму. Беларускамоўны сэктар інтэрнэту вельмі актыўны. Вікіпэдыя ёсьць па-беларуску і ўсё астатняе. То бок дзякуючы інтэрнэту мы атрымалі такую зброю, зь якой ніводная імпэрыя змагацца проста ня можа».

Карэспандэнт: «А што тычыцца ТБМ — колькасьць сяброў аб’яднаньня расьце?»

Трусаў: «Я б не сказаў, каб яна моцна расла, але расьце. У нашым аб’яднаньні актыўных сяброў каля 6 тысяч. Гэта столькі, колькі ва ўсіх дэмакратычных партыях і рухах разам узятых. Але тут ня важны фармальны бок. Маеце вы пасьведчаньне сябра ТБМ ці не, важна, каб вы гаварылі па-беларуску. Паглядзіце, колькі зараз курсаў зьявілася: і «Мова ці кава», і «Мова нанова», і гэтак далей. І гэтыя людзі далёка ня ўсе сябры ТБМ, іх там каля 20%. Таму нам важны не фармальны чыньнік, а фактычны. І тут паціху праца ідзе, асабліва сярод моладзі«.

Карэспандэнт: «Цікава, а ці ёсьць у ТБМ цяперашнія чыноўнікі?»

Трусаў: «Чыноўнікі ёсьць, але мы іх не афішуем. Але адзін зь іх, Павал

Павал Латушка, не хавае сваёй прыналежнасьці да ТБМ

Латушка, не хавае сваёй прыналежнасьці да ТБМ. Ён уступіў у ТБМ яшчэ студэнтам і актыўны сябра па сёньняшні дзень. Вельмі шмат чыноўнікаў на месцах. Але мы стараемся гэта асабліва не паказваць».

Карэспандэнт: «А з чым гэта зьвязана, што вы гэта не афішуеце?»

Трусаў: «Гэта зьвязана з палітычнай сытуацыяй у краіне. Каб на гэтага чыноўніка не пісалі даносы, што ён «БНФавец», «бандэравец» і так далей. Таму што мова — фактар палітычны. Калі я нядаўна трапіў у больніцу, то, паколькі гаварыў па-беларуску, усе хворыя ў палаце адразу назвалі мяне «бандэраўцам». І калі я пачытаў лекцыю пра Сьцяпана Бандэру, хто ён такі, яны адразу пачалі са мной размаўляць хоць на трасянцы ці дыялекце. То бок разумееце, што значыць замбаваньне насельніцтва? Таму чыноўнікам ня варта расказваць, хто сябар ТБМ, бо сілы, якія на Ўсходзе, пастараюцца гэтых чыноўнікаў з працы прыбраць і паставіць прадстаўнікоў «рускага сьвету». Такіх таксама да халеры сярод чыноўнікаў.

Ідзе інфармацыйная вайна вельмі жорсткая, і гэтая вайна нікога не шкадуе. Таму на вайне як на вайне. Мы павінны гэтыя фактары ўлічваць і сваіх сяброў не падстаўляць. Дарэчы, у нас шмат прадпрымальнікаў, даволі багатых людзей. Мы таксама іх імёны безь іх дазволу нікому не называем. Бо бяз гэтых прадпрымальнікаў ці змаглі б мы існаваць і плаціць такія шалёныя грошы за арэнду, выдаваць часопісы? Вядома, не. Прадпрымальнікі ўступаюць у ТБМ даволі актыўна і нават пад старасьць пераходзяць на беларускую мову. Вось нядаўна перайшоў на мову мой сябар Карагін, зь якім мы сябруем са студэнцкіх гадоў. Я быў вельмі прыемна зьдзіўлены, што ён, ужо маючы 60 год, зразумеў вартасьць беларушчыны і нават пачаў даваць па-беларуску інтэрвію. Так што ёсьць пласт прадпрымальнікаў, пра якіх таксама бязь іхнай згоды стараемся не расказваць, каб да іх не прыехала падатковая інспэкцыя прадстаўнікоў «рускага сьвету».

Карэспандэнт: «Улады павысілі арэндную плату за сядзібу ТБМ у мінулым годзе. Як гэтае пытаньне вырашылася, ці ўдалося вярнуць ільготны кошт?»

Трусаў: «Вырашылі больш не дамагацца. Мы ўспамінаем анэкдот, як Брэжнеў змагаўся з алькаголікамі. І там быў такі адказ: „перадайце Ільічу, нам і 10 па плячу“. Самае цікавае, чым больш нам павышаюць арэнду, тым больш прадпрымальнікі нам дапамагаюць. Таму мы вырашылі ня кланяцца перад уладай, не прасіць, а ісьці сваім шляхам і быць цалкам незалежнымі. Мы вырашылі больш да ўладаў не зьвяртацца. Мы зьвярталіся, прасілі, а яны нас паслалі. А цяпер мы ня будзем зьвяртацца. Дарэчы, мы плацім арэнду лепей, чым палова дзяржаўных арганізацыяў у Партызанскім раёне. І таму ЖЭС ставіцца да нас зь велізарнай павагай. Мы цягам 2 гадзін аплочваем паперы на арэнду, якія яны нам прысылаюць. ТБМ дапамагаюць і пэнсіянэры, і студэнты. І мы рэгулярна друкуем сьпісы ахвярадаўцаў і выстаўляем на нашым інтэрнэт-партале. Дарэчы, самых актыўных мы будзем сёньня віншаваць нашымі падзякамі і сувэнірамі. Мы будзем уручаць 40 падзяк ад імя ТБМ нашым актывістам, фундатарам і спонсарам».

Карэспандэнт: «А за гэтыя 25 гадоў дапамогі ад дзяржавы так і не было?»

Трусаў: «Вялікая дапамога была напачатку. Каб не дзяржава, то ТБМ наогул магло б не стварыцца. Яно ж стваралася ў Савецкім Саюзе, дазвол даваў ЦК КПБ, у які, дарэчы, Генадзь Бураўкін уваходзіў. Так што да рэфэрэндуму 1995 году дапамога з боку дзяржавы была вельмі вялікая. Капейкі плацілі за арэнду, за дзяржаўныя грошы выходзіла газэта „Наша слова“. У штаце рэдакцыі на заробках было 30 чалавек. І ўсё гэта скасавалі ў 1996 годзе, абклалі нас падаткамі і так далей. Так што быў пэрыяд напрыканцы існаваньня Савецкага Саюзу і ў першыя гады незалежнасьці, калі Кебіч уступіў у ТБМ і яму ўручалі пасьведчаньне № 1, у складзе ТБМ былі ўсе дзейныя міністры, быў Краўчанка, Дзямчук, Бутэвіч. Так што першыя гады з боку дзяржавы была вельмі вялікая падтрымка».

Карэспандэнт: «А былы прэм’ер-міністар Кебіч так і застаўся ў ТБМ?»

Трусаў: «Кебіча пазьней выключылі».

Карэспандэнт:"Сытуацыя ва Ўкраіне ўплывае на становішча беларускай мовы?"

Трусаў: «Яна ўжо мае станоўчы эфэкт. Нават Лукашэнка заявіў, што безь беларускай мовы ня будзе нацыі. То бок чынавенства ўпершыню

Кебіча пазьней выключылі з ТБМ

задумалася, што калі яны размаўляюць па-расейску, яны частка „рускага сьвету“ і на танках прыедуць іх бараніць. А як прыедуць, то першай пацерпіць намэнклятура, а не сяляне. Іх у першую чаргу маскоўцы заменяць на сваіх, каго арыштуюць, каго пасадзяць, забяруць у іх бізнэс, капіталы. Так што ўкраінскі фактар вельмі занепакоіў дзяржаўных чыноўнікаў. І зараз яны вельмі баяцца і непакояцца. Паглядзіце, як яны памянялі пласьцінку адносна Ўкраіны, нягледзячы на цесны саюз з Расеяй. Яны часам нават прынцыпова заяўляюць, што Крым павінен быць украінскім і гэтак далей. Так што гэты фактар для нас станоўчы ў цэлым з боку палітычнай сытуацыі. Простыя людзі то, канечне, усяго баяцца. І для іх што беларуская, што ўкраінская мова — гэта мова Бандэры. То гэта люмпэн, які мяняе погляды цягам дня.

Так што запрашаем на наш юбілей, сёньня ў галерэі „Ў“ у 18 гадзін. Будзе шмат прадстаўнікоў з рэгіянальных арганізацыяў, прадстаўнікі замежжа. Бо і за мяжой шмат сяброў ТБМ, па ўсім сьвеце. І тое, пра што вы пыталіся, убачыце на свае вочы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG