Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Луцку намалююць графіці пра беларуска-ўкраінскае братэрства


У межах фэстывалю «Бандэрштат», які восьмы раз пройдзе ў Луцку з 1 па 3 жніўня, на адной з вуліц гэтага гораду зьявіцца графіці на тэму братэрства ўкраінскага і беларускага народаў.


Адмысловы конкурс сярод графітыстаў абвясьцілі арганізатары фэстывалю — моладзевая арганізацыя «Нацыянальны альянс». Пераможцы змогуць прыехаць на «Бандэрштат» і намаляваць графіці.

«Увогуле, «Бандэрштат» — гэты музычны фэстываль, прысьвечаны памяці нацыянальнага героя Ўкраіны, кіраўніка Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Сьцяпана Бандэры. Хэдлайнэрамі фэстывалю ў гэтым годзе будуць вядомыя ўкраінскія гурты «Скрябін», «Мотор’ролла», «Кому Вниз» і «Роллікс». Традыцыйна на фэстываль запрасілі беларускі гурт — сёлета гэта будзе магілёўская «Заточка», — кажа арганізатар фэстывалю Ігар Аскерка.

«У сярэднім на „Бандэрштат“ прыяжджае 3–5 тысяч гледачоў, у тым ліку некалькі дзясяткаў — зь Беларусі. Але ў гэтым годзе з прычыны актуалізацыі ўкраінскай тэмы мы чакаем, што беларусаў прыедзе больш. Нават заплянаваная адмысловая насычаная праграма для ўдзельнікаў-беларусаў — сустрэчы зь вядомымі беларусамі, вэтэранамі Ўкраінскай паўстанцкай арміі і вядомымі грамадзкімі і культурнымі дзеячамі, літаратурная сцэна і шэраг лекцыяў на разнастайную тэматыку, этнічны кірмаш, начны кінасэанс украінскага кіно на паўстанцкую тэматыку, рэканструкцыя бою паміж УПА і НКВД, начныя сьпеўныя вогнішчы», — распавядае арганізатар.

Адметнасьцю «Бандэрштата-2014» будзе тое, што на адной з гарадзкіх вуліц намалююць украінска-беларускае графіці, праект якога пераможа ў онлайн-конкурсе.

У конкурсе могуць браць удзел украінскія і беларускія каманды графітыстаў. Для гэтага ім трэба даслаць арганізатарам фэстывалю праект свайго графіці і фатаздымкі ранейшых працаў.

Праз тое, што фэстываль праводзіцца ў цеснай супрацы з луцкімі гарадзкімі ўладамі, Ігар Аскерка перакананы, што знайсьці ў цэнтры гораду месца для графіці ня будзе праблемай.

«Мы будзем дамаўляцца, каб гэтае графіці зьявілася ў людным месцы, каб яго не пашкодзілі нядобразычліўцы. А паколькі мяжа зь Беларусьсю — недалёка ад Луцку, ёсьць небясьпека, што могуць такія людзі прыехаць. Самі жыхары Луцку вельмі добра ставяцца да Беларусі і беларусаў, таму зь іх боку ніякіх праблемаў ня будзе. Беларусь жа не ваюе з Украінай».

XS
SM
MD
LG