Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 10 гадоў у Беларусі ў 7 разоў вырасла колькасьць нарказалежных


26 чэрвеня — Усясьветны дзень барацьбы з ужываньнем наркотыкаў і іх незаконным абаротам.

Зараз на ўліку ў наркадыспансэрах стаіць каля 17 тысяч чалавек, яшчэ некалькі тысяч адбываюць пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі й праходзяць лячэньне ананімна. Большасьць зарэгістраваных у краіне наркаманаў — у веку 20–40 гадоў. У апошні час у 14,5 разу павялічылася колькасьць пацыентаў наркадыспансэраў маладзейшых за 15 гадоў.

У першым квартале 2014 году выяўлена каля 1 тысячы новых спажыўцоў, асноўная частка якіх — жыхары сталіцы.

Сярод наркотыкаў у Беларусі пераважаюць курыльныя сумесі — 65%. Да прыкладу, калі ў 2012 годзе на ўліку быў толькі адзін чалавек, то цяпер — 570.

У лютым — сакавіку ў Менску ад eжываньня так званых «марак» памерлі 7 чалавек, прычым, усе ў веку да 25 гадоў.

Каля 10% складаюць наркотыкі з насеньня маку, яшчэ 20% — амфэтамін, марыхуана. Астатнія 5% — гэта такія цяжкія наркотыкі, як гераін.

У Беларусі больш не існуе паняцьця легальных наркотыкаў або дазволеных псыхатропных рэчываў, тлумачыць начальнік упраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў: «Усё забаронена, і ніякай легалкі ў нас не існуе», — падкрэсьліў ён.

Усё забаронена, і ніякай легалкі ў нас не існуе

Начальнік галоўнага ўпраўленьня спэцыяльных экспэртыз Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз Вольга Канарская кажа, што сытуацыя на наркарынку характарызуецца вельмі хуткай зьменай псыхаактыўных рэчываў. На месцы забароненых тут жа зьяўляюцца новыя. У сувязі з гэтым спэцыялісты ГКСЭ пастаянна праводзяць маніторынг нелегальнага рынку наркотыкаў на тэрыторыі нашай дзяржавы, далёкага і блізкага замежжа. З улікам сытуацыі, Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю, дапоўнены 63 новымі псыхатропнымі рэчывамі. Частка зь іх унесеная ў сьпіс па прынцыпе працы на апярэджаньне.

Са студзеня па чэрвень гэтага году органамі ўнутраных спраў заведзена больш за 3,3 тысячы крымінальных спраў за злачынствы ў сфэры абароту наркотыкаў. Гэта на 70% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2013 году. 2,3 тысячы спраў распачата за распаўсюд сумесяў для паленьня. Прычым каля 40% фігурантаў крымінальных спраў — гэта сыстэмныя збытчыкі.

Таксама сёлета спынена 17 каналаў пастаўкі наркотыкаў у Беларусь з-за мяжы, выяўлена 9 наркалябараторый, 6 памяшканьняў, абсталяваных для вырошчваньня расьлін з утрыманьнем наркотыкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG