Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў бы ў Беларусі росквіт, каб не галеча ды п’янства...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Час ад часу беларускія ўлады вяртаюцца да пошуку (ці выпрацоўкі) нацыянальнай ідэі, якая б здольная была аб’яднаць беларусаў. Пошукі гэтыя прыкметнага плёну за мінулыя два дзесяцігодзьдзі не прынесьлі, бо ўсе яны так ці інакш сканчаюцца на ўсьведамленьні таго, што аб’ядноўваць нацыю павінна найперш павага і любоў да ўсяго свайго — радзімы, мовы, гісторыі. А ў цяперашняй улады такія лёзунгі нязьменна выклікаюць падозраньне і насьцярогу.

Свой пункт гледжаньня на пошукі нацыянальнай ідэі мае наш слухач Андрэй Кот зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову:

«Нацыянальнай ідэяй павінна стаць тое, што зьяўляецца самай балючай праблемай для ўсіх беларусаў. На паверхні дзьве такія праблемы — галеча і п’янства. Быў бы ў нас росквіт, каб не яны. Наша першае месца ў сьвеце па спажываньні алькаголю прызнала Сусьветная арганізацыя аховы здароўя. Праблема гэтая для нас надзвычай актуальная. Неяк я чытаў расейскую газэту, дзе апісваўся станоўчы досьвед барацьбы з п’янствам у сяле Рахметава ў Башкірыі. Можа, і нам выкарыстаць гэты досьвед?

Другі неаспрэчны факт — галеча значнай часткі беларусаў. Гэта — пункт адліку для шмат якіх іншых праблемаў. Відавочна, што бедны беларус ня здольны пабудаваць для сябе элемэнтарнае жытло, даць дзецям добрую адукацыю і выхаваньне, бо амаль усё стала платным. Ня можа забясьпечыць сабе добрае харчаваньне, ня кажучы ўжо пра паездкі зь сям’ёй за мяжу на адпачынак.

Вядома, ня ўсе беларусы — беспрабудныя п’яніцы. Ёсьць сярод нас багатыя і нават вельмі багатыя людзі. Але, на жаль, іх мала, і не яны вызначаюць агульную нацыянальную карціну.

Калі б адолелі дзьве гэтыя праблемы — грамадзтва б зьмянілася. У беларусаў узьнікла б імкненьне да падарожжаў, да добрага адпачынку, да падвышэньня свайго адукацыйнага, прафэсійнага, культурнага ўзроўню. Зьявіліся б магчымасьці для выхаваньня нашых дзяцей здаровымі маральна і фізычна».

Ня надта прывабна выглядала б нацыя, якая ў якасьці галоўнай агульнанароднай ідэі, закліканай яе аб’яднаць, накрэсьліла б на сваіх сьцягах гэтыя два словы — «галеча» і «п’янства». І чаму барацьба з алькагалізмам, гультайствам і сацыяльным утрыманствам павінна быць прывабным ідэалам для людзей цьвярозых, працавітых і старанных?

Нацыю павінна аб’ядноўваць Радзіма, агульныя гістарычныя карані, свая мова, культурныя каштоўнасьці. Калі ўсё гэта ў небясьпецы — то барацьба за нацыянальнае адраджэньне, за ўласную незалежную і моцную дзяржаву і павінна стаць агульнанацыянальнай мэтай.

Нацыю павінна аб’ядноўваць Радзіма, агульныя гістарычныя карані, свая мова, культурныя каштоўнасьці

А п’янства і галеча... Гэта канкрэтныя сацыяльныя праблемы, якія абавязана вырашаць улада. Дзеля гэтага яе, уласна, і выбіраюць.

Што да станоўчых узораў барацьбы з алькагалізмам, то наўрад ці тут варта браць за ўзор нейкую расейскую вёску. Расея ўвогуле ў справе барацьбы з п’янствам — сумнеўны прыклад. Нашмат больш прывабны досьвед, напрыклад, краін паўночнай Эўропы — Швэцыі, Даніі, Нарвэгіі. Продаж алькаголю там жорстка рэглямэнтаваны: сьпіртное прадаецца абмежаваны час у невялікай колькасьці крамаў. Кошты на яго — вельмі высокія.

У Беларусі ж, нягледзячы на дэкляраваную ўладай барацьбу, танная агульнадаступная гарэлка прадаецца ў любой краме ў любы час і ў любой колькасьці.

✉ ✉ ✉

23 чэрвеня споўнілася 20 гадоў з часу першага туру прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Тады мала хто мог прадбачыць, што 40-гадовы дырэктар шклоўскага саўгаса, неспадзявана атрымаўшы ўладу, будзе ўтрымліваць яе ў сваіх руках так доўга. Наш слухач Васіль Завадзкі з Маладэчна, азіраючыся на мінулыя два дзесяцігодзьдзі, піша:

«За гэтыя доўгія гады шмат разоў узьнікалі надзеі на перамены да лепшага. На жаль, яны ня спраўдзіліся. І ня спраўдзяцца. Колькі было пустых слоў і абяцаньняў з боку апазыцыйных палітыкаў. Колькі розных кангрэсаў, сходаў, мітынгаў праводзілі. А Васька слухае ды есьць. Улада заўсёды мацнейшая за народ. Хоць народ і ў большасьці. Абнадзейвае хіба толькі тое, што ўлада прыходзіць і сыходзіць, а народ — застаецца.

Мяркую, калі б у заходніх краін былі ўласныя энэрганосьбіты — усё было б зусім іначай. Сёньня ўся Эўропа цалкам залежыць ад расейскіх газу ды нафты. Няблага ў свой час прыдумаў савецкі камуністычны рэжым: пракласьці газавую трубу з СССР у Эўропу — і кіраваць палітычнымі працэсамі з дапамогай газавага вэнтыля. Захацелі — адкрылі, захацелі — закрылі. У залежнасьці ад таго, хто Маскве падабаецца, а хто — ня вельмі».

Сьцьвярджаць, што Масква мае поўную магчымасьць кіраваць палітычнымі працэсамі ў Эўропе з дапамогай газавай засланкі, усё ж ня варта, спадар Васіль. Большасьць краінаў Заходняй Эўропы дывэрсыфікавалі свае газавыя пастаўкі і не залежаць стоадсоткава ад расейскага манапаліста. Крытычнай застаецца залежнасьць ад расейскага газу галоўным чынам у краін былога СССР — Беларусі, Украіны, Малдовы, дзяржаў Балтыі... Але і яны (за выключэньнем Беларусі) актыўна шукаюць альтэрнатывы, бо бачаць, наколькі вялікую пагрозу для іхнага сувэрэнітэту ўяўляе цяперашняя палітыка Масквы.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста, Данута Крупіца зь Ліды, дзеліцца некаторымі сваімі назіраньнямі пра тое, наколькі старанна і рупліва працуюць шараговыя супрацоўнікі гарадзкіх камунальных службаў. Слухачка піша:

«Калісьці партыйныя ды савецкія кіраўнікі часта сустракаліся з працоўнымі — каб тлумачыць лінію партыі, натхняць на працоўныя зьдзяйсьненьні. Але адбывалася гэта галоўным чынам пасьля працы ці ў абедныя перапынкі.

Цяпер час іншы, начальства выхаваньнем пэрсаналу ня надта і займаецца. А вось патрэба ў людзей памянціць языкамі — засталася. Амаль штодня назіраю, як працаўнікі нашай доблеснай камунальнай гаспадаркі (дворнікі, прыбіральшчыцы ды іншыя) проста ў разгар працоўнага дня натоўпам стаяць у двары, балбочуць паміж сабой, абмяркоўваюць мноства глябальных і лякальных праблемаў. Часам думаю: лепш бы яны ў гэты час падмяталі двор альбо сартавалі сьмецьце (аддзялялі плястык, шкло). Але паспрабуй ім скажы пра гэта. Яны ж вымагаюць, каб ім за ўсё даплочвалі дадаткова: і за прыбіраньне пад’ездаў, і за сьмецьце. А я часта назіраю, як яны наўмысна кідаюць плястыкавыя і шкляныя бутэлькі ў агульны кантэйнэр. Дарэчы, тыя парожнія бутэлькі, якія прымаюць у пунктах шклатары, некаторыя камунальнікі «вылоўліваюць» і здаюць. Хоць было б больш справядліва, каб на гэтым зараблялі тыя бедакі, што ня маюць ні заробкаў, ні пэнсіяў. Яны зьяўляюцца ля сьметнікаў ужо а пятай гадзіне раніцы (а то і а чацьвертай), каб быць першымі і нешта там сабе «ўпаляваць».

Звычайна камунальнікі і працаўнікі іншых гарадзкіх службаў наракаюць на нізкія заробкі, на недаацэнку іхнай працы. Хоць, калі бачыш, як адну невялікую клюмбу з кветкамі парадкуюць ледзь не дзясятак чалавек, зь цяжкасьцю на гэтым лапіку зямлі зьмяшчаючыся, — дык міжволі задаеш сабе пытаньні, падобныя да тых, якія абмяркоўвае ў лісьце на Свабоду Данута Крупіца.

Дый калі меркаваць па выглядзе і дагледжанасьці пад’ездаў ды лесьвічных клетак у большасьці шматкватэрных дамоў — імкненьня дзякаваць камунальнікам за ўзорную службу зусім не ўзьнікае. Дарэчы, выгляд гэтых пад’ездаў спараджае вялікі сумнеў у слушнасьці шырока разрэклямаванага афіцыйнай прапагандай міту пра Менск як пра незвычайна чысты і дагледжаны горад.

✉ ✉ ✉

На працягу мінулых тыдняў Радыё Свабода правяло некалькі імпрэзаў, прысьвечаных свайму 60-гадоваму юбілею. Да гэтай даты, у прыватнасьці, выйшлі дзьве кнігі, складзеныя з вашых, шаноўныя слухачы, допісаў, якія менская рэдакцыя атрымлівала цягам мінулых пятнаццаці гадоў і якія гучалі ў перадачы «Паштовая скрынка 111». Адным зь першых чытачоў гэтых кніг стаў наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. У сваім новым лісьце на Свабоду ён піша:

«Прагледзеў і пачаў чытаць прывезеныя зь Менску кнігі зь „Бібліятэкі Свабоды“. Вашы, спадар Валянцін, кнігі „Лісты на Свабоду“ і „Лісты пра Свабоду“ не пашкодзіла б мець на сваім стале нашаму Рыгоравічу, каб даведаўся, што народ думае пра яго і ягоную ўладу. Пэўна, адразу ў адстаўку пайшоў бы. А то ён, бачыце, нарады зьбірае, чыноўнікаў слухае. Ага, яны вось так адразу ўзялі і праўду табе сказалі — чакай, можа дачакаесься. А гэтыя кнігі — вось яна, тая самая зваротная сувязь, без скажэньняў і выняткаў, якая зьяўляецца неад’емным атрыбутам любой сыстэмы кіраваньня. У тым ліку кіраваньня дзяржавай.

Думаю наконт лістоў на Свабоду ў сувязі з гэтай самай інавацыйнасьцю. Паколькі Радыё Свабода перасяляецца з радыёхваляў у чароўны сьвет лічбавых тэхналёгіяў і інтэрнэту, трэба нешта ўдасканальваць і слухачам-чытачам-гледачам Свабоды, якія пішуць лісты. Магчыма, выкарыстоўваць такую форму, як фота-эсэ, ці кшталту таго? У мяне ёсьць два лічбавыя фотаапараты. Азін зь іх нават зусім нядрэнны — Nikon D70. Трэба пра гэта падумаць. Усё ж праз зрок чалавек атрымлівае 90% інфармацыі».

Вельмі слушная прапанова, спадар Кастусь. Зразумела, што і электронныя лісты, і лічбавыя фатаздымкі ці відэаролікі, зробленыя на камэру мабільнага тэлефона і ў той жа момант дасланыя нам у рэдакцыю, — гэта зусім іншы ўзровень зваротнай сувязі, а па вялікім рахунку — і журналістыкі, якая ўсё больш становіцца інтэрактыўнай. Праблема ў тым, што немалая частка нашай аўдыторыі, якая працягвае слухаць Свабоду з дапамогай старэнькіх караткахвалевых прымачоў — гэта людзі сталага веку, ня схільныя авалодваць новай тэхнікай, якой карыстаецца моладзь. Чакаць ад іх фотарэпартажаў, зробленых лічбавай камэрай, ня надта выпадае. Хоць ёсьць і выключэньні. Вось спадар Кастусь — чалавек ужо сталы, на пэнсіі. Але ў той жа час выдатна валодае кампутарам і арыентуецца ў глябальным сеціве.

✉ ✉ ✉

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG