Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Уладыкоўская: Мы таксама можам нармальна ўладкаваць сваю краіну


Вокладка кнігі

Вокладка кнігі

Пры падтрымцы амбасады ЗША ў Беларусі выйшла кніга Любові Ўладыкоўскай «Міжкультурны дыялог: амерыканская парадыгма».

«Мы павінны прыкласьці ўсе намаганьні, каб зрабіць нашу Беларусь квітнеючым садам. Неабходная ўмова — быць адкрытымі да лепшага, што назапашана ў сьвеце. Сакрэт амэрыканскага посьпеху — у міжкультурным дыялёгу, які зьяўляецца ўмовай і вынікам дэмакратыі», — піша Любоў Уладыкоўская ў прадмове да кнігі.

З культуролягам Любоўю Ўладыкоўскай пагутарыла Іна Студзінская.

— Вы сказалі, што называюць міжкультурным дыялёгам цяпер усё спрэс. А ўсё ж такі, як вызначыць больш канкрэтна, што гэта такое?

— Міжкультурны дыялёг — гэта, па-першае, дыялёг паміж рознымі нацыянальнымі культурамі, дыялёг паміж рознымі канфэсіямі, паміж рознымі этнічнымі культурамі, паміж рознымі субкультурамі — напрыклад, моладзевая культура, масавая культура. І, канечне, гэта дыялёг розных партыяў, арганізацыяў. У цэлым — гэта дыялёг розных сыстэм каштоўнасьцяў. Менавіта таму міжкультурны дыялёг — гэта аснова ўсялякага дэмакратычнага ўладкаваньня.

— А чаму ён так важны для Беларусі?

Любоў Уладыкоўская

Любоў Уладыкоўская

— Міжкультурны дыялёг вельмі важны для нашай краіны, бо ён дапамагае Беларусі ўвайсьці ў эўрапейскі кантэкст, дзе мы былі спрадвеку вельмі стала. Ён дапамагае, з аднаго боку, акцэнтаваць увагу на праблемах нашай нацыянальнай культуры і мовы, захоўваць нашы нацыянальныя традыцыі, а зь іншага боку, адкрыць межы нашай ізаляванасьці, правінцыялізму, местачковасьці, нейкай, прабачце, затхласьці. Гэта такі дыялёг, які дапамагае нам захаваць гармонію паміж сваім, сваёй самабытнасьцю — і адкрытасьцю іншым культурным уплывам. У маёй кнізе паказана, як амэрыканцы захоўваюць сваю традыцыю дзякуючы міжкультурнаму дыялёгу, як эўрапейцы захоўваюць сваю традыцыю. І мы ня можам адмовіцца ад гэтага вопыту, каб нам сапраўды ня быць ізаляванай краінай, а падымацца ўсё вышэй і вышэй. Каб пазьбегнуць той страшнай маргіналізацыі, якая сёньня захапіла ўжо ня толькі грамадзтва, але, прабачце, і інтэлектуальную эліту.

— Распавядзіце, калі ласка, пра саму кнігу.

Трэба сфармаваць у нашых людзей такое мысьленьне, якое б дазваляла весьці дыялёг

— Кніга складаецца зь дзьвюх частак. У першай частцы — «Міжкультурны дыялёг у глябальным вымярэньні» — я паказваю розныя падыходы да гэтага паняцьця. Як у Беларусі разумеюць тэрмін «міжкультурны дыялёг», як у Эўропе (прычым у розных эўрапейскіх краінах па-рознаму), у чым спэцыфіка амэрыканскай парадыгмы, амэрыканскага бачаньня, амэрыканскай практыкі: у рэлігійным жыцьці, у адукацыі, у навуцы, у штодзённым жыцьці. Я паказваю, у чым аснова міжкультурнага дыялёгу: ён палягае на дыялягічнасьці мысьленьня. Трэба сфармаваць у нашых людзей такое мысьленьне, якое б дазваляла весьці дыялёг. Ня проста слухаць і чуць самога сябе. А нават праз навуку дэбатаў — бо ў нас няма такога ўменьня, няма такой практыкі. І я паказваю, якая ў нас беларуская традыцыя ў сфэры міжкультурнага дыялёгу.

А другая частка кнігі цалкам прысьвечана Злучаным Штатам Амэрыкі. Я вельмі люблю гэтую краіну, ня раз там бывала. У форме мастацкага эсэ паказаны мае ўласныя перажываньні, маё ўласнае бачаньне як бы назіральніка збоку, які прыехаў і быў пакінуты ў амэрыканскім грамадзтве, і вымушаны быў самастойна асвойваць невядомае грамадзтва, невядомую краіну. І якім я бачыла стаўленьне да мяне, стаўленьне да свабоды, стаўленьне да яе вялікасьці асобы чалавека. Такія глыбокія перакананьні ў мяне сфармаваліся, што амэрыканскае грамадзтва дае вельмі шмат магчымасьцяў для кожнага чалавека. Я вельмі люблю фразу ў Дэклярацыі незалежнасьці, што ўсе людзі створаныя роўнымі. Я пераканалася, што сапраўды ў Амэрыцы так. Што б там ні пісалі пра амэрыканацэнтрызм, пра глябалізм, пра аднапалярны сьвет — такая магчымасьць рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека, такая павага да ўсяго, што мае права на жыцьцё — у Злучаных Штатах Амэрыкі яна не параўнальная нават з эўрапейскай.

— Беларусы больш-менш ведаюць пра Амэрыку. А ці ведаюць амэрыканцы пра Беларусь? Якія вашы асабістыя ўражаньні?

— Амэрыканцы вельмі мала ведаюць пра Беларусь. Тое, што яны ведаюць, звычайна палітызаванае, аднабаковае. І ўсім, хто там бывае, даводзіцца весьці вялікую асьветніцкую працу. Прыходзіцца расказваць, паказваць — я нават відэаролікі заўсёды з сабой важу пра Беларусь. Трэба тлумачыць, дзе знаходзіцца наша дзяржава — што паміж Літвой, Украінай і Польшчай. Нават ня хочацца гаварыць, што блізка каля Расеі — таму што стаўленьне да Расеі адназначна адмоўнае, і тады Беларусь успрымаецца як частка Расеі — тут ужо баісься пра гэта нават узгадваць. Трэба даваць больш ведаў нам усімі сіламі. Але канструктыўных ведаў. І трэба сваімі паводзінамі, сваім жыцьцём паказваць, што мы — нармальныя людзі, разьвітыя, адукаваныя, што мы таксама можам нармальна ўладкаваць сваю краіну, выбудаваць нармальна сваю дзяржаву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG