Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наталка Базылевіч: сьвятыя не бываюць чужымі


Наталка Базылевіч
Наталка Базылевіч

Экспэрт у справах рэлігіі Наталка Базылевіч камэнтуе адкрыцьцё і асьвячэньне помніка Сергію Раданескаму.

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал, які ачоліў цырымонію адкрыцьця і асьвячэньня, у сваёй прамове пажадаў, каб помнік стаў новым сувязным зьвяном паміж народамі Беларусі і Расеі.

На цырымоніі прысутнічалі кіраўнік ураду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, а таксама вялікая дэлегацыя расейскіх чыноўнікаў і дэпутатаў Дзяржаўнай Думы.

«Помнік адкрыўся на прыходзе ў гонар гэтага сьвятога. Можна сказаць, што гэта лякальная зьява. Прысутнасьць беларускіх афіцыйных асобаў і расейскіх гасьцей — гэта спроба падвысіць статус помніка, але гэтая спроба штучная. І ніхто да яго езьдзіць ня будзе. Наагул, помнік — гэта не зусім праваслаўная форма выяўленьня пабожнасьці. Таму я ня думаю, што ён стане месцам пакланеньня і будзе заўважаны кімсьці, акрамя вернікаў таго храму, каля якога стаіць», — кажа Наталка Базылевіч.

«Расейская праваслаўная царква сьвяткуе 700-годзьдзе Сергія Раданескага. Гэта такі адмысловы год, калі праходзіць шмат тэматычных мерапрыемстваў. Таму адкрыцьцё гэтага помніка ўпісваецца ў канцэпцыю сьвяткаваньня. Ёсьць бюракратычныя моманты: ад усіх япархіяў патрабуецца ўдзел у агульнацаркоўным мерапрыемстве, якое цягнецца цэлы год. Адкрыцьцё гэтага помніка дазволіць напісаць добрую справаздачу ў Маскву. Для мяне тут няма палітычнай зьявы», — дадае яна.

Базылевіч праводзіць паралель з грамадзка-палітычным жыцьцём Беларусі:

«Кожнаму году прэзыдэнт прыдумляе тэматычны назоў: год гасьціннасьці, год сям’і, год яшчэ чаго-небудзь... І лякальныя кіраўнікі павінны праводзіць мерапрыемствы на месцах, хай сабе і штучныя. Таму я лічу, што адкрыцьцё помніка — мерапрыемства больш фармальнае, чым сутнаснае».

Адказваючы на пытаньне, якое дачыненьне Сергій Раданескі мае да Беларусі, Наталка Базылевіч адзначае:

«Чужых сьвятых не бывае. Але некаторыя сьвятыя шануюцца лякальна, некаторыя — маюць агульнацаркоўны характар. Людзі шануюць таго, каго хочуць. Асоба Сергія Раданескага — шанаваная ў Беларусі. Я думаю, што калі вернікаў апытаць, то пэўны ўзровень ведаў пра гэтую асобу ў людзей усё ж будзе. І я ня думаю, што гэты сьвяты такі ўжо маскоўскі. Мне цяжка нават уявіць, калі ён выкарыстоўваўся ў якасьці палітычнай ці ідэалягічнай фігуры. Ён мае палітычна нэўтральны характар».

Мяне больш хвалюе, што ў нас на галоўнай плошчы стаіць помнік Леніну

«Мяне больш хвалюе, што ў нас на галоўнай плошчы стаіць помнік Леніну, альбо што помнік Дзяржынскаму стаіць насупраць будынку КДБ. І гэта больш важна, чым наяўнасьць помніка Сергію Раданескаму і адсутнасьць помніка Эўфрасіньні Полацкай, — кажа Базылевіч. — На самой справе помнік Эўфрасіньні Полацкай ёсьць — ён у дворыку цэнтральнага корпусу БДУ. Я думаю, што гэта адэкватнае месца для такога помніка».

Яна дадае: «У нас пануе савецкая мэнтальнасьць, што помнікі павінны быць вялікія і яны павінныя стаяць на плошчах. І такім чынам трэба меціць тэрыторыю... Ад гэтага трэба адыходзіць. Помнікі павінны класьціся ў кантэкст гораду».

Базылевіч перакананая, што «ўсталяваньне помнікаў беларускім сьвятым павінна быць не царкоўнай справай, а дзяржаўнай».

«Беларускіх сьвятых папулярызаваць трэба, бо гэта дазваляе нам пабачыць патэнцыял свайго народу ў рэлігійнай сфэры, патэнцыял сьвятасьці», — падсумоўвае Наталка Базылевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG