Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка дазволіў украінскім грамадзянам з памежных вёсак пераходзіць беларуска-ўкраінскую мяжу ў спрошчаным парадку і зьбіраць на беларускай тэрыторыі ягады й грыбы.

Зроблена гэта на прапанову Дзяржаўнага памежнага камітэту дзеля таго, каб, як сказана, «даць магчымасьць этнічным беларусам пракарміць свае сем’і ў цяжкі для Ўкраіны час».

Спрошчаны парадак пераходу ўкраінцамі мяжы для збору грыбоў і ягад мае дзейнічаць зь перапынкамі амаль тры месяцы — з 1 ліпеня да 10 жніўня і з 30 верасьня да 15 лістапада.

Паслабленьне тычыцца найперш дзесяці ўкраінскіх паселішчаў, якія знаходзяцца ў зоне адказнасьці аддзелу памежнай службы «Бярозавае» Луцкага атраду і месьцяцца побач з Палескім лясгасам.

Дырэктар лясгасу Аляксей Марыніч кажа, што некаторыя сядзібы ўкраінскіх грамадзянаў, бальшыня зь якіх — этнічныя беларусы, стаяць тут за пару дзясяткаў мэтраў ад беларускай мяжы:

«Атрымліваецца так: у нас сьцяна лесу стаіць, а ў іх, дзе раней быў лес, — паляны. Там — трыццаць мэтраў ад мяжы. Ёсьць такая вёска Пазнань — 50 мэтраў. Ёсьць вёска Забалоцьце, у якой хляўчук стаяў на тэрыторыі Беларусі. Так мяжа ідзе. Гэта былыя беларускія вёскі — Пазнань, Драздынь. Ім дазваляюць збор дзікарослых грыбоў і ягадаў. Сам прэзыдэнт дазволіў».

На тэрыторыі Палескага лясгасу — знакамітыя Альманскія балоты, дзе надзвычай багата журавінаў. У лясгас уваходзяць звыш 30 тысяч гектараў лясоў і балот Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў, якія таксама багатыя на грыбы й ягады.

Кіраўнік лясной гаспадаркі згадвае, што калі раней жыхароў памежных раёнаў афіцыйна не пускалі ў беларускія лясы, то чамусьці менавіта тут часьцяком узьнікалі пажары:

Многа, вельмі многа ходзіць украінцаў. У ранейшыя гады не пускалі, то пажары былі. Паляць!

«Праблема ёсьць. Многа, вельмі многа ходзіць украінцаў. У ранейшыя гады не пускалі, то пажары былі. Паляць! Тут і не зразумець толкам: палка на два канцы».

Суразмоўца лічыць, што трэба было б браць з украінцаў хоць невялікі збор за наведваньне беларускіх лясоў. Але да прапановы лясгасу ніхто не прыслухоўваецца:

«У нас прапановы іншыя былі, але нас ніхто ня слухае. Чаму замежнікі ў нашых лясах зьбіраюць лясныя дары і не выпісваюць пры гэтым білет пабочнага карыстаньня і ня плацяць хоць нейкую долю? Разумееце? Вось я беларус — хіба ж мяне пусьцяць, каб я ва Ўкраіне нешта зьбіраў і вывозіў? Няма такога».

Цяпер у паўднёвых лясах Беларусі пачаўся сэзон чарніц. У вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёну ў ягады ходзяць і дарослыя, і дзеці. Вяскоўка Алена апавяла, што муж з сынам зарабляюць на чарніцах за дзень неблагія грошы:

«Калі ягады ёсьць, то, канечне, можна зарабіць, чаму ж не. Мае ўдвух, лічы, больш як сто даляраў маюць за дзень».

Кабета кажа, што ўкраінцы, якія жывуць у суседняй вёсцы Пазнань, ствараюць ім моцную канкурэнцыю:

«Канкурэнцыя, вядома ж, будзе — пазьбіраюць. У іх жа там, госпадзі, зь пяці гадоў ідуць — украінцы з Пазнані. Іх шмат ходзіць, там іх цьма. Вядома, і бязь іх бы сабралі. Гэта ж ужо Лукашэнка дазваляе ім зь першага ліпеня».

Тым часам беларускі Памежны камітэт адзначае: тое, што сёлета ягады пасьпелі рана, справакавала некаторых украінскіх грамадзянаў незаконна зьбіраць іх на беларускай тэрыторыі. За апошнія дні ў пошуках грыбоў і ягад мяжу парушылі паўтара дзясятка грамадзянаў Украіны і адзін беларус. Усе пераконвалі памежнікаў, што заблукалі.

XS
SM
MD
LG