Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз 25 чэрвеня ўвёў забарону на ўвоз тавараў з Крыму і Севастопаля без украінскай сэртыфікацыі.

Акрамя таго, эўрапейскія краіны адмовіліся ад страхаваньня крымскіх грузаперавозчыкаў і фінансавых паслуг ім. Экспэрты, якіх апытала Радыё Свабода, лічаць, што рашэньне ЭЗ шмат у чым носіць палітычны характар і практычна ня здольнае нашкодзіць эканоміцы анэксаванага Расеяй паўвострава.

У асноўным з тэрыторыі паўвострава экспартавалася прадукцыя хімічнай прамысловасьці, мінэральныя прадукты, мэханічныя і электрычныя машыны, а таксама алькагольныя напоі. В. а. начальніка прадпрыемства «Севастопальскі марскі рыбны порт» Валеры Скляраў хоць і прызнае, што падобныя санкцыі ад Эўразьвязу могуць паўплываць на працу яго кампаніі, але ня лічыць, што гэта стане сур'ёзным ударам для іх бізнэсу.

«На наша прадпрыемства забарона павінна паўплываць, але ёсьць маса спосабаў яго абысьці. Гэтыя рашэньні ня ўзважаныя, непрадуманыя і не адпавядаюць многім міжнародным канвэнцыям. Сам Эўразьвяз абсалютна не зацікаўлены ў гэтых зусім надуманых санкцыях. Пераможа бізнэс, пераможа эканоміка», – спадзяецца Скляраў.

Вінаробчыя кампаніі Крыму таксама экспартавалі свае тавары ў краіны Эўропы, але працэнт экспарту ад агульнага продажу быў невялікі. Напрыклад, вядомы на паўвостраве завод «Масандра» сваю прадукцыю пастаўляў у асноўным на рынкі Расеі, Далёкага Ўсходу і Азіі.

Паводле зьвестак Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі Рэспублікі Крым, за апошнія гады доля экспарту тавараў з тэрыторыі паўвострава ў краіны Эўразьвязу складала ад 23 да 25 працэнтаў. Асноўнымі партнэрамі Крыму ў дзяржавах ЭЗ былі толькі Нямеччына і Італія, экспарт у іншыя эўрапейскія краіны быў мінімальным.

Пра асаблівасьці бізнэсу большасьці крымскіх кампаній у інтэрвію Свабодзе расказаў партнэр кампаніі «Падаткавік» Раман Цярохін:

– Мала хто зь іх працаваў наўпрост з Эўропай. Як правіла, гэта былі нейкія этапы тэхналягічных працэсаў у супрацы зь іншымі ўкраінскімі кампаніямі. Цяпер ім трэба перабудоўваць ўзаемадзеяньне такім чынам, каб упісацца ў іншыя, нейкія расейскія вытворчыя ланцужкі. Таму што ўзаемадзеяньне з Украінай зьнізілася ўжо даўно.

– У рашэньні Эўразьвязу агаворваецца, што будзе забаронены ўвоз толькі тых тавараў, якія не прайшлі ўкраінскую сэртыфікацыю. Ці ёсьць такі варыянт, што крымскія тавары пойдуць у ЭЗ праз Кіеў? Ці тут усё ж такі палітычнае рашэньне і ўсе яны будуць разварочвацца ў бок Расеі?

– Паколькі ў Крыме далёка ня ўсе кампаніі добразычліва ўспрынялі пераход да Расеі, то частка зь іх можа паспрабаваць атрымаць украінскую сэртыфікацыю і з дапамогай гэтага выйсьці на эўрапейскі рынак. Але трэба разумець, што падобнае эканамічнае сядзеньне на двух крэслах – вельмі складаны працэс зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Кампаніі, якая зарэгістраваная ў Расеі, будзе складана зрабіць выгляд, што яна зьяўляецца ўкраінскай. Відавочна, што калі ЭЗ кажа пра нейкую ўкраінскую сэртыфікацыю, то ён мае на ўвазе менавіта гэта, значыць дадзеную меру можна лічыць забароннай.

– Ці магчымыя пастаўкі праз тэрыторыю Расеі?

– Рээкспарт праз тэрыторыю Расеі магчымы, і, напэўна, гэтым таксама будуць спрабаваць карыстацца. Але зноў жа праблема ў тым, што прычына санкцый – гэта палітыка. І калі мы кажам пра палітыку, то відавочна, што мэтай зьяўляецца ўскладненьне жыцьця крымскаму бізнэсу. А гэта значыць, што санкцыі могуць ўводзіцца ня толькі наўпрост да крымскіх кампаній, але і ў дачыненьні да рээкспарту, і больш за тое, нават у дачыненьні да тых кампаній, якія ўзаемадзейнічаюць з крымскімі кампаніямі. Гэта значыць, спосабы ціску могуць быць розныя, і, на жаль, калі Крым будзе спрабаваць нейкім чынам выкручвацца і чапляцца за ўзаемадзеяньне з эўрапейскім рынкам, то напэўна эўрапейскія краіны будуць спрабаваць гэтыя рычагі і каналы таксама перакрываць. Таму шлях захаваньня рынку ЭЗ да тых часоў, пакуль у самога Эўразьвязу няма жаданьня яго адкрываць, практычна тупіковы.

XS
SM
MD
LG