Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць пяты фэстываль беларускамоўнай рэклямы AD.NAK!

Ён адкрыўся у цэнтры імя Ёганэса Раў. У праграме першай паловы дня — лекцыі беларускіх рэклямістаў, сустрэча зь беларускімі ўдзельнікамі праграмы «Канскія львы». Увечары арганізатары выйдуць на прэс-канфэрэнцыю, пасьля чаго адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджваньня пераможцаў. На AD.NAK! сёньня прысутнічае наша карэспандэнтка.

Калі пяць год таму грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі» абвясьціла пра пачатак конкурсу беларускамоўнай рэклямы, да ідэі ставіліся скептычна. Прадказвалі праблемы і з колькасьцю ўдзельнікаў, і зь якасьцю працаў. Каардынатарка кампаніі Ніна Шыдлоўская кажа, што за самы першы фэстываль не баяліся: туды былі пададзеныя працы за ўсе папярэднія гады. А вось за тое, як пройдзе другі AD.NAK!, сапраўды перажывалі: ці здолеюць беларускія рэклямісты за год стварыць дастатковую колькасьць прывабных прадуктаў? Апасеньні не апраўдаліся. Ініцыятары фэстывалю кожны год фіксуюць новыя посьпехі. І галоўны зь іх — папулярызацыя беларускай мовы.

Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі»:

«Пяты фэстываль — юбілейны, і апроч урачыстай прыўзьнятай атмасфэры, ён прадэманстраваў для нас станоўчыя тэндэнцыі. Найперш, праведзенае пры дапамозе МАСМІ апытаньне перад фэстывалем прадэманстравала, што беларуская мова застаецца ў трэндзе. Першае апытаньне ў 2010 годзе дало вынік, што толькі 37 адсоткаў хочуць бачыць рэкляму па-беларуску. А ўжо ў 2012 годзе апытаньне паказала 56 адсоткаў.

Сёлета скачку няма, але тэндэнцыя ўстойлівая — больш за 57 адсоткаў пацьвердзілі, што хочуць бачыць беларускую мову ў рэкляме. Гэтая тэндэнцыя нас радуе».

«У гэтым годзе ў нас 400 заявак, прыблізна на 60–80 больш, чым у мінулым. А колькасьць удзельнікаў склала 120–140 чалавек, — распавядае Сяргей Скараход, кіраўнік рэсурсу marketing.by, арганізацыйнага партнэра фэстывалю.

У гэтым годзе ў нас 400 заявак, прыблізна на 60–80 больш, чым у мінулым

Надзвычайную цікавасьць выклікае адукацыйная праграма фэстывалю. Сёлета на яе пададзена 200 заявак.

«Мы ўжо ў апошнія дні, калі журы падвяло вынікі, зразумелі, што ў фэстывалю наперадзе вялікая будучыня, — кажа Сяргей Скараход. — Кожны год усё больш працаў, кожны год мы стараемся новыя фарматы ўводзіць — напрыклад, сёлета гэта ворк-шопы для ўдзельнікаў. Кожны год расьце цікавасьць людзей да падзеі, і мы бачым, як расьце прафэсіяналізм. Усё гэта нас вельмі натхняе».

Скараход адзначае, што беларускамоўная рэкляма ўсё яшчэ зь цяжкасьцю пранікае ў бізнэс-сфэру. Найбольш беларускамоўных праектаў зьвязана з сацыяльнай рэклямай.

«Бізнэс мала робіць праектаў па-беларуску, — кажа Сяргей. — Рэклямадаўцы ня могуць паўплываць на папулярызацыю беларускай мовы ў краіне. Гэта справа дзяржавы. Чыноўнікі, міністэрствы, дзяржаўныя СМІ — яны мусяць рабіць больш актыўныя крокі па ўжываньні беларускай мовы. Тады за гэтым адразу бізнэс падцягнецца і зьверне на яе ўвагу».

Генэральным партнэрам фэстывалю сёлета стаў velcom, які падтрымлівае фэстываль ад пачатку яго існаваньня.

Начальнік аддзелу кіраваньня брэндам кампаніі velcom Зьміцер Курловіч ня згодны з тым, што бізнэсу не патрэбная беларуская мова. Але кажа, што бізнэсоўцам літаральна не хапае ведаў. Яны проста ня ўмеюць ці не наважваюцца размаўляць па-беларуску:

«Мы сустракаліся з такой сытуацыяй, калі пыталіся, ці вы можаце гэта зрабіць па-беларуску, і нам адказвалі: „Не, мы ня можам, у нас няма дастатковых ведаў і ў нас няма спэцыялістаў“. Мы гэтую праблему вырашылі наступным чынам — шмат чаго робім унутры кампаніі. Тое, што мы робім па-беларуску, перакладае менавіта наш аддзел. Іміджавыя кампаніі, якія мы рабілі па-беларуску, былі прапанаваныя літоўскім агенцтвам, супрацоўнікі якога пішуць па-ангельску. А мы самі рабілі пераклады. Усе нашы супрацоўнікі цудоўна размаўляюць па-беларуску. Таму галоўны бар’ер — гэта тое, што не хапае ведаў у людзей».

Калі мы па-беларуску робім кампанію, водгук значна большы

Ролік да 15-годзьдзя кампаніі velcom «Простыя рэчы» ўвайшоў у шорт-ліст фэстывалю. Зьміцер кажа, што ў такіх праектаў ёсьць безумоўная бізнэс-абгрунтаванасьць:

«Калі мы па-беларуску робім кампанію, водгук значна большы. Мы бачым, што мы атрымліваем шмат мэдыя-розгаласу бясплатна. Навіны пра нашу беларускамоўную кампанію ўсе ахвотна публікуюць. Мы нічога за гэта ня плацім, але колькасьць праглядаў нашых ролікаў павялічваецца. Мы сапраўды фіксуем вялікую хвалю праглядаў на ютубе. Гэта падстава, каб бізнэс рабіў рэкляму па-беларуску».

У шорт-лісьце намінантаў — пяць праектаў Радыё Свабода. Гэта рэклямныя модулі «Свабоду хакеістам», «Свабодны фэст», рэклямная кампанія Радыё Свабода «Свабоду ўсім» і мапа могілак «Беларускі нацыянальны нэкропаль».

З шорт-лістом можна азнаёміцца па спасылцы.

«Увесь сёлетні фэстываль — гэта пацьверджаньне таго, што працаваць на нацыянальнай адметнасьці ня проста можна і варта, а ўжо запатрабавана сусьветнымі тэндэнцыямі, гэта сусьветны трэнд, — кажа Ніна Шыдлоўская. — Сёлетні лёзунг „Дбай пра сваё — не прагадаеш“ цалкам адпавядае тым працам і тэндэнцыям, якія ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і на міжнародным узроўні».

XS
SM
MD
LG