Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі «казацкі атаман» супраць помніка Альгерду


Belarus - Guard placed to new monument to Duke Alherd in Vitsebsk, 26Jun2014

Belarus - Guard placed to new monument to Duke Alherd in Vitsebsk, 26Jun2014

У Віцебску ўсталявалі помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду, адкрыцьцё якога прызначана на 27 чэрвеня.

Не пасьпела конная скульптура зьявіцца на прызначаным пад яе чатыры гады таму пастамэнце, як «прадстаўнікі грамадзкасьці» напісалі чарговы ліст Аляксандру Лукашэнку. Яны пішуць, што распачалі збор сродкаў на «альтэрнатыўны» помнік, які трэба ўсталяваць на пастамэнце, «занятым» князем Альгердам.

«Ліст пратэсту» зьявіўся на расейскім сайце regnum.ru з рэдакцыйным камэнтарам пра тое, што «прадстаўнікі грамадзкасьці» «ўсьведамляюць немагчымасьць зьмяніць ход падзей, аднак настойваюць на апублікаваньні свайго чарговага звароту, каб выказаць сваю пазыцыю».

Адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі падпісалі Валеры Сямашка, казацкі палкоўнік, атаман Віцебска і Віцебскага раёна з Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае казацтва», і яшчэ шасьцёра чалавек, сярод якіх і Ўладзіслаў Цюленеў, старшыня Віцебскага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Яны асуджаюць «акадэмікаў» з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, бо тыя нібыта «хочуць паказаць нашу гісторыю такой, якой бачылі яе Радзівілы і Сапегі», між тым як «беларусы выйшлі з адной старажытнарускай калыскі — Кіеўскай Русі, і праваслаўная вера аказала вырашальны ўплыў на фармаваньне самабытнасьці нашых народаў».

Аўтары ліста спрабуюць пераканаць чытача, што ў часы ВКЛ зьнішчалася праваслаўе, у тым ліку і па закліках Папы Рымскага: «рабілі гэта ня дзікія качэўнікі — гэта Заходняя Эўропа такім чынам далучала беларусаў да сваіх „каштоўнасьцяў“ ».

Сем «прадстаўнікоў грамадзкасьці» пэўныя, што патэнцыял акадэмічнай навукі беларускія навукоўцы выкарыстоўваюць не ў інтарэсах беларускага народа, а мясцовыя чыноўнікі «штурхаюць нас у абдымкі «Эўропы».

«Прадстаўнікі грамадзкасьці» не патрабуюць сёньня ж дэмантаваць ужо ўсталяваны на пастамэнт помнік «чужому» князю Альгерду, але лічаць, што «гісторык паводле адукацыі і кіраўнік дзяржавы» Аляксандар Лукашэнка мусіць «сказаць сваё важкае слова».

Яму прапануюць «разам напісаць сваю гістарычную канцэпцыю», а на пастамэнце, які 4 гады чакаў усталяваньня помніка князю Альгерду, некалі паставіць іншы помнік — «які ўвасабляе адзінства двух нашых народаў у гады цяжкіх выпрабаваньняў, бо «мы, беларусы, падзяляем лёс расейцаў, якім бы цяжкім ён ня быў».

Аўтары ліста гатовыя ваяваць на баку Расеі зь любымі варожымі сіламі, але сумняюцца: «ці будзе гэта давер у расейцаў да беларусаў, калі ў двух кроках ад акопа будзе стаяць помнік літоўскаму князю — ворагу Расеі?»

Варта зазначыць, што тыя самыя сямёра «прадстаўнікоў грамадзкасьці» ужо ня першы раз зьвяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі. Дагэтуль яны патрабавалі, каб ён адмяніў усталяваньне помніка князю Альгерду, аднак ніводнага разу не атрымалі адказу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG