Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трусаў: «Цэнтры расейскай культуры ў Беларусі — падрыхтоўка да анэксіі»


З нагоды адкрыцьця ў Брэсьце Цэнтра расейскай культуры Радыё Свабода зрабіла спробу даведацца, навошта ў Беларусі такія цэнтры і ці хапае беларусам расейскай культуры.

Адкрыцьцё цэнтраў расейскай культуры ў Беларусі адбываецца з мэтай «пашырэньня абсягаў „русского мира“ і падрыхтоўкі да анэксіі Беларусі», — так адрэагаваў на інфармацыю пра адкрыцьцё Цэнтру расейскай культуры ў Берасьці старшыня ТБМ Алег Трусаў.

​Трусаў лічыць, што ў Беларусь «цягнуць імпэрскую культуру і праз тэлевізар, і праз царкву, і праз такія цэнтры». У той жа час беларусам сапраўды не хапае ведаў пра дэмакратычную культуру Расеі.

​«Сёньня на такія структуры расейскае кіраўніцтва ўскладае і пэўныя ідэалягічныя функцыі, — кажа палітоляг Аляксандар Фядута. — Канцэпцыя „русского мира“ — гэта канцэпцыя не менавіта культурная, а ідэалягічная, ці нават палітычная канцэпцыя. І гэта не зусім адпавядае тым мэтам, якія могуць быць дэкляраваныя (у дзейнасьці цэнтраў. — РС)».

Адкрыцьцё цэнтраў расейскай культуры — адзін з кірункаў дзейнасьці па фармаваньні «пазытыўнага іміджу Расеі за межамі». За гэта ў Расеі адказвае адмысловая структура пад назвай «Россотрудничество». Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін афіцыйна заклікаў яе стаць галоўным правадніком канцэпцыі «мяккай сілы» — пра што пісаў расейскі «Коммерсант» год таму.

«Россотрудничество» атрымлівае з расейскага бюджэту амаль дзевяць з паловай мільярдаў расейскіх рублёў. Прычым павелічэньне бюджэту «Россотрудничества» адбылося паводле спэцыяльнага ўказу Ўладзімера Пуціна, і бюджэт быў падвышаны адразу ў 4,5 раза.

Расейскія экспэрты называюць «Россотрудничество» аналягам амэрыканскага USAID — агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці. Мяркуючы па некаторых выказваньнях кіраўніка «Россотрудничества» Канстаціна Касачова, дзейнасьць сваёй структуры ён успрымае як частку ідэалягічнай вайны за ўплыў.

З ЗША зьвязаны і самы гучны скандал у дзейнасьці «Россотрудничества». Юры Зайцаў, кіраўнік яго вашынгтонскага аддзяленьня, быў западозраны ФБР у шпіянажы і вярбоўцы амэрыканскіх грамадзянаў.

Сёлета ў сакавіку Касачоў фактычна абвінаваціў аналягічныя структуры ЭЗ і ЗША ў стратэгічным укладаньні грошай ва Ўкраіну. Па словах Касачова, гэтыя гіганцкія рэсурсы «затрачаныя на масаваны стратэгічны пасеў, які даў свае магутныя ўсходы ў выглядзе таго ж Эўрамайдана».

У красавіку Касачоў заявіў, што ягоная структура павінна спрыяць «фармаваньню аб’ектыўнага вобразу Расеі ва Ўкраіне». І абвясьціў свой плян, як пашырыць прысутнасьць там «Россотрудничества».

Касачоў адмыслова вітаў адкрыцьцё Цэнтру расейскай культуры ў Берасьці, ужо 60-га па ліку: «Гэты цэнтар адкрывае прынцыпова новы этап у нашай працы. Адназначным прыярытэтам для нас робіцца прастора СНД, дзе мы пераходзім ад дэманстрацыі сьцягоў на ўзроўні сталіц да рэальнай паўсядзённай працы на ўсёй гуманітарнай прасторы, якая аб’ядноўвае нашы краіны і народы», — цытуе Касачова лякальны рэсурс virtual.brest.by

У Беларусі «Россотрудничество», апроч конкурсаў настаўнікаў і выданьня зборнікаў расейска-беларускай паэзіі, актыўна падтрымлівае разнастайныя прарасейскія арганізацыі. Банер на гэты сайт стаіць наўпроста на старонцы амбасады Расеі ў Беларусі. Удзячнасьць «Россотрудничеству» за падтрымку яны выказалі ў адпаведнай рэзалюцыі, падпісанай Андрэем Герашчанкам, старшынём грамадзкага аб’яднаньня «Русский дом».

Ультранацыяналістычная прарасейская «Русь молодая» таксама карыстаецца падтрымкай «Россотрудничества». Менавіта «Россотрудничество» стала арганізацыйным партнэрам правядзеньня ў Менску нацыяналістычнага спартовага турніру «Русский жим», які адбыўся ў траўні і адзначыўся канфліктам з ультрас клюбу «Партызан».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG