Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ заклікае спыніць дэзінфармацыйную вайну вакол Украіны


Жана Літвіна, старшыня БАЖ

Жана Літвіна, старшыня БАЖ

БАЖ заклікаў Міжнародную і Эўрапейскую фэдэрацыі журналістаў, Асацыяцыю эўрапейскіх журналістаў, Эўрапейскі вяшчальны саюз неадкладна правесьці маніторынг асьвятленьня расейска-украінскага канфлікту.

"Расейска-украінскі канфлікт, як ніколі дагэтуль, абвастрыў пытаньне журналісцкага прызначэньня і адказнасьці. Журналісты гінуць і церпяць на многіх войнах — іх выкрадаюць, вярбуюць, забіваюць, але не кожная вайна пагражае журналістыцы як прафэсіі.


У расейска-украінскім канфлікце мы cутыкаемся з абуральнымі фактамі фальсыфікацыі рэчаіснасьці і маніпуляваньня грамадзкай сьвядомасьцю. Некаторыя расейскія журналісты адкрыта прызнаюць, што ўказаньні адносна скажэньня фактаў прыходзяць ад іх кіраўніцтва з Масквы",— гаворыцца ў звароце праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

"Розгалас ад гэтай інфармацыйнай вайны даўно перасягнуў межы канфлікту дзьвюх краін. Яна непасрэдна ўплывае на сьвядомасьць людзей у памежных краінах, у тым ліку і Беларусі. Таму мы лічым, што сытуацыя з асьвятленьнем падзеяў на ўсходзе Ўкраіны вымагае тэрміновай ацэнкі міжнароднымі журналісцкімі арганізацыямі. Калі не зрабіць гэтага своечасова, наступствы размываньня стандартаў журналістыкі адчуюць на сабе людзі ва ўсім сьвеце",— зазначае БАЖ і заклікае Міжнародную і Эўрапейскую фэдэрацыі журналістаў, Асацыяцыю эўрапейскіх журналістаў, Эўрапейскі вяшчальны саюз, іншыя прафэсійныя арганізацыі неадкладна правесьці маніторынг асьвятленьня расейска-украінскага канфлікту, ацаніць выкананьне прынцыпаў журналісцкай этыкі, пасьлядоўна дамагацца захаваньня стандартаў прафэсіі, каб спыніць нахабнае выкарыстаньне СМІ палітыкамі ў інфармацыйных войнах.

XS
SM
MD
LG