Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і эўрапейскія краіны могуць абвясьціць пра чарговыя санкцыі супраць расейскай эканомікі ў бліжэйшыя дні

Злучаныя Штаты і іх эўрапейскія саюзьнікі, як паведамляюць амэрыканскія сродкі масавай інфармацыі, завяршаюць распрацоўку новага пакета санкцыяў супраць ключавых сэктараў расейскай эканомікі. Новыя скаардынаваныя санкцыі могуць быць прынятыя ўжо да канца тыдня, хоць апошнія пазытыўныя жэсты з боку Масквы могуць пераканаць заходнія сталіцы пачакаць зь іх увядзеньнем.

У аўторак афіцыйныя амэрыканскія прадстаўнікі ляканічна адрэагавалі на заклік Уладзімера Пуціна да Савету Фэдэрацыі адмяніць рэзалюцыю, якая санкцыянуе магчымыя апэрацыі расейскай арміі на тэрыторыі Ўкраіны.

«Наша ўвага прыцягнутая ня толькі да слоў расейскага прэзыдэнта, хоць мы іх вітаем, — заявіў прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст, — наша ўвага прыцягнутая да акцыяў». Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта Мэры Харф назвала заклік да адмены рэзалюцыі Савета Фэдэрацыі «крокам у правільным кірунку», заклікаўшы Расею распачаць і іншыя крокі, такія як «спыненьне акупацыі Крыму».

Нешматслоўнасьць амэрыканскіх прадстаўнікоў, хутчэй за ўсё, адлюстроўвае скепсіс у Вашынгтоне і іншых заходніх сталіцах адносна расейскіх намераў. У апошнія дні прэзыдэнт Абама абмяркоўваў па тэлефоне патэнцыйныя санкцыі супраць Масквы з канцлерам Нямечыны Ангелай Мэркель, прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам і прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмэранам. Усе тры лідэры папярэдзілі Крэмль пра магчымасьць ўвядзеньня новых санкцыяў, а ў аўторак пасьля тэлефоннай размовы Барака Абамы і Дэвіда Кэмэрана канцылярыя прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі зрабіла заяву, у якой адзначана, што Расея не закрыла мяжу для перакіданьня падмацаваньняў сэпаратыстам, не спыніла паток узбраеньняў з расейскай тэрыторыі і працягвала навучаньне сэпаратысцкіх групаў. Іншымі словамі, Масква ня выканала ўмовы, пастаўленыя ёй «Вялікай сямёркай». Фармальна, гэта зьяўляецца падставай для ўвядзеньня санкцыяў.

Чакалася, што пра новыя расейскія санкцыі можа быць абвешчана падчас саміта Эўрапейскага зьвязу, які пройдзе ў канцы гэтага тыдня, але апошнія ініцыятывы Крамля могуць даць некаторым эўрапейскім сталіцам падставы для заклікаў адкласьці рашэньне аб іх увядзеньні. У той жа час, паводле газэты The New York Times, адміністрацыя Барака Абамы, ня верачы Ўладзімеру Пуціну, рыхтуе новыя санкцыі. Ужо зразумелыя ня толькі іх парамэтры, але і дэталі. Вашынгтон ня хоча наносіць, так бы мовіць, поўнамаштабны эканамічны ўдар, перавага аддаецца галіновым санкцыям.

Згодна з крыніцамі газэты, Белы дом спыніўся на трох варыянтах дзеяньняў. Перш за ўсё, ён гатовы ўвесьці забарону для амэрыканскіх кампаніяў на вядзеньне спраў з найбуйнейшымі расейскімі банкамі. Таксама будзе забаронены экспарт у Расею тэхналёгій, якія выкарыстоўваюцца ў энэргетычным і абаронным сэктарах, і цалкам перакрытае супрацоўніцтва з расейскім ваенна-прамысловым комплексам. Гэтыя санкцыі не такія маштабныя, як заклікаюць шматлікія крытыкі Масквы ў Кангрэсе, але яны могуць апынуцца вельмі адчувальнымі, выклікаўшы ланцуговую рэакцыю ў расейскай банкаўскай сыстэме.

The New York Times нічога ня піша пра тое, ці будзе гатовы Вашынгтон ажыцьцявіць гэтыя пляны, калі Эўрапейскі зьвяз вырашыць пачакаць з санкцыямі супраць Расеі. Але, як лічыць суразмоўца Радыё Свабода амэрыканскі палітоляг, прафэсар унівэрсытэта імя Джорджа Мэйсана Эрык Шыраеў, палітычны ціск на Барака Абаму настолькі вялікі, што ён будзе вымушаны дзейнічаць, калі Масква працягне падтрымку сэпаратыстаў на Ўкраіне:

«Трэба разумець, што санкцыі вельмі прывязаныя да ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Злучаных Штатах. Ёсьць, вядома, інтарэсы бізнэсу, якія чыняць ціск на адміністрацыю, але вельмі шмат што залежыць і ад прэзыдэнта. Цяпер прыхільнікі Дэмакратычнай партыі ня хочуць выглядаць слабымі, вобразна кажучы, апускаць лейцы і даваць Расеі паблажкі. Тым больш, гэтага ня хочуць рэспубліканцы, якія вельмі прафэсійна разыгрываюць расейскую карту і зацікаўленыя ў тым, каб Расея заставалася ў зоне крытыкі і ціску. У такой сытуацыі Белы дом будзе рухацца ў напрамку санкцыяў. Гэта, на мой погляд, непазьбежна, таму што прэзыдэнту Абаме будзе няма куды падзецца. Такое рашэньне будзе выгадным з палітычнага пункту гледжаньня. Гэта рашэньне падтрымае грамадзкую думку, яго зразумее выбаршчык. Такі крок адбярэ ў рэспубліканцаў падставу для крытыкі дэмакратаў. Таму, на мой погляд, такія дзеяньні Белага дома непазьбежныя.

«А што, як Вам здаецца, можа стаць прамой падставай для ўвядзеньня новых санкцыяў?»

«Гэта, вядома ж, пагаршэньне сытуацыі ва Ўсходняй Украіне, рост ліку ахвяр, рост колькасьці бежанцаў і адпаведныя паведамленьні ў заходняй прэсе, хоць, вядома, цяпер яна пераключыла сваю ўвагу на Ірак, — кажа прафэсар унівэрсытэта імя Джорджа Мэйсана Эрык Шыраеў».

XS
SM
MD
LG