Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад гатовы ўвесьці новыя санкцыі супраць Расеі



ЗША і іх эўрапейскія партнэры гатовыя ўвесьці новыя эканамічныя санкцыі супраць Расеі ўжо на гэтым тыдні. Яны закрануць ключавыя галіны расейскай эканомікі.

Пра гэта, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, паведаміла агенцтва Associated Press.

Санкцыі могуць закрануць энэргетычны сэктар, а таксама «доступ Расеі на ўсясьветныя фінансавыя рынкі». Гэтыя захады пакуль не прымаліся з-за «заклапочанасьці эўрапейскіх краін, якія падтрымліваюць цесныя эканамічныя сувязі з Расеяй».

Паводле крыніц агенцтва, ЗША і Эўропа прасоўваюцца наперад да «адзінага падыходу ў сфэры санкцый».

Агенцтва разам з тым адзначае, што Вашынгтон разглядае варыянт аднабаковых санкцый да некаторых сэктараў расейскай эканомікі, што, аднак, можа адбіцца і на інтарэсах амэрыканскіх кампаній, якія дзейнічаюць на расейскім рынку.

«Афіцыйныя амэрыканскія прадстаўнікі заяўляюць, што ўвядзеньне абмежаваньняў для амэрыканскіх кампаній, якія экспартуюць у Расею тэхналёгіі нафта- і газаздабычы, у выпадку, калі такія ж абмежаваньні не закрануць эўрапейскія кампаніі, рызыкуе нанесьці удар па галоўных амэрыканскіх гульцах на полі расейскага энэргетычнага сэктара, такіх як ExxonMobil і Halliburton», — папярэджвае агенцтва.

Паводле Associated Press, шэраг буйных амэрыканскіх кампаній «заклапочаны магчымым увядзеньнем сэктаральных санкцый». Гэтыя кампаніі «цягам апошніх 10 дзён праводзяць сустрэчы з высокапастаўленымі афіцыйнымі прадстаўнікамі» амэрыканкай адміністрацыі.

Тэрміны ўвядзеньня санкцый могуць быць адкладзеныя ў сувязі з «пазытыўнымі сыгналамі з боку расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна».

Паводле The New York Times, Белы дом распрацаваў тры варыянты новых санкцый: забарону на апэрацыі зь некаторымі найбуйнейшымі расейскімі банкамі; спыненьне паставак тэхналёгій для энэргетычнай і абароннай галін Расеі; спыненьне бізнэсу з расейскімі кампаніямі абароннага сэктара.

Аднак амэрыканскія афіцыйныя асобы лічаць, што яшчэ больш шырокія санкцыі, накшталт уведзеных супраць Ірана, не будуць эфэктыўнымі адносна Расеі, улічваючы маштаб яе эканомікі. Яны вывучаюць меры, якія маюць відавочны эфэкт, але пры гэтым не падрываюць усясьветныя рынкі.

Пакуль невядома, ці пойдзе ЭЗ шляхам ЗША. Чакаецца, што 27 чэрвеня пройдзе сустрэча кіраўнікоў урадаў краін ЭЗ.


XS
SM
MD
LG