Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў таму прайшоў першы зьезд БНФ


Вінцук
Вінцук


25 гадоў таму, 24–25 чэрвеня 1989 года, у Вільні адбыўся ўстаноўчы зьезд Беларускага народнага фронту. Адзін са стваральнікаў першай дэмакратычнай партыі новай Беларусі філёляг Вінцук Вячорка ў інтэрвію БелаПАН згадвае падзеі тых дзён.

«Гэта быў першы ў найноўшай гісторыі збор, у якім аб’ядналіся вялікія групы самых актыўных людзей — як майго пакаленьня, так і старэйшых, і мноства так званых новазаангажаваных, новадалучаных да беларускай справы, да справы свабоды людзей. Гэта першае ўражаньне. І другое ўражаньне — гэта пачуцьцё, якое ахапіла тады ўсе народы савецкай імпэрыі, якія змагаліся за свабоду і за вызваленьне ад імпэрскага ярма. Памятаю, тады жыхары Вільні на заклік „Саюдзіса“ проста наперабой прапаноўвалі нам, удзельнікам зьезду, начлег.


На жаль, некаторыя з паплечнікаў памерлі. Зусім нядаўна памёр Віктар Івашкевіч — адзін з рухавікоў стварэньня і дзейнасьці БНФ. Некаторыя цяпер у палітычнай эміграцыі. Але што тычыцца найбольш прынцыповых і трывалых, то яны застаюцца ў беларускім грамадзкім і палітычным жыцьці. Хоць частка людзей, якія адчулі тады пэўны адрэналін нацыянальна-палітычнай энэргіі, пайшлі потым у прыватнае жыцьцё, у самарэалізацыю, у бізнэс, на жаль, не адчуўшы таго, што ў нас так хутка, за адзін заход, як гэта атрымалася, напрыклад, у Эстоніі або Чэхіі, не атрымаецца».


На пытаньне, ці спраўдзіліся мары і памкненьні першых народафронтаўцаў, Вячорка адказаў:


«Нашыя тагачасныя праграмныя мэты імкліва пачалі ажыцьцяўляцца пачынаючы з 1990-1991 года. Абвяшчэньне сувэрэнітэту, а потым і незалежнасьці Беларусі, дзяржаўнасьць беларускай мовы, рэальны адрыў ад савецкай імпэрыі, пачатак пабудовы дзяржаўных інстытутаў незалежнай Беларусі, эканамічнай і фінансавай сыстэмы, арміі — усё гэта імкліва стваралася. І, безумоўна, вельмі балюча было глядзець і пакутліва супрацьстаяць таму, як з 1994 года гэта пачынала разбурацца.


Ніхто ня мае права сказаць, што незалежнасьць Беларусі звалілася сама па сабе, у парадку жывой чаргі пасьля іншых так званых саюзных рэспублік. Нічога падобнага! Беларускі народны фронт быў і хрыбтом, і нэрвам гэтага працэсу. БНФ, безумоўна, быў галоўным фактарам, які выявіў праўду пра сталінскія рэпрэсіі — найбольшай шокавай тэрапіяй для грамадзтва стала праўда пра Курапаты. І таксама праўда пра Чарнобыль, які ўдарыў перш за ўсё па Беларусі. Гэтыя два фактары былі вельмі моцным мабілізатарам для людзей таго часу, можа, далёкіх ад палітыкі».


«Тыя людзі, якія вызнаюць сёньня ідэалы клясычнага Беларускага народнага фронту, — катэгарычнае непрыняцьце дыктатуры, аб’яднаньне ідэй свабоды і незалежнасьці ў непарыўным адзінстве, яны сёньня неабавязкова належаць да нейкіх фармальных палітычных структураў. Гэта людзі як майго, так і старэйшага пакаленьняў, так і тыя, якім сёньня 20 гадоў. Менавіта ў гэтых, дваццацігадовых, я больш веру, таму што яны, ня будучы яшчэ сапсаванымі прагматызмам служэньня рэжыму, ілюзіямі наконт таго, што можна пад кагосьці падладзіцца, як раз тыя клясычныя ідэалы БНФ, тыя сьцягі падхопяць», — спадзяецца Вінцук Вячорка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG