Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 чэрвеня: фэст беларускамоўнай рэклямы AD.NAK!


Ілюстрацыя з календара Бахарэвіча

Ілюстрацыя з календара Бахарэвіча

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ:

У Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў пройдзе Пяты фэст беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK! Пачатак у 10:00. Сярод намінантаў – і пяць праектаў Свабоды. Падрабязнасьці на сайце фэстывалю.

На чарговым пасяджэньні Беларускага камітэту салідарнасьці з Украінай будзе разгледжанае пытаньне аб сытуацыі ва Ўкраіне. Запрашаюцца грамадзянскія актывісты і паўнамоцныя прадстаўнікі ад арганізацый, салідарных з Украінай.

У 14:00 на сайце Свабоды адбудзецца онлайн-канфэрэнцыя са старшынём праваабарончага цэнтру «Вясна», былым палітвязьнем Алесем Бяляцкім. Задаць яму пытаньні можна ТУТ.

У прэсавым цэнтры «АіФ» (Менск, вул. Б.Хмяльніцкага, 7) – круглы стол на тэму «Як адрадзіць гістарычныя сядзібы Беларусі». Пачатак а 12:00.

Літаратурны музэй Петруся Броўкі а 16:00 запрашае адзначыць дзень народзінаў народнага паэта Беларусі.

Мінула часу многа. Мне навявалі сны,
Як дзесьці на дарожцы стаялі тры сасны.

Прайшлі вясна, і лета, і восень, і зіма…
Александрына, дзе ты? Шукаю я – няма...

П.Броўка, «Александрына»

Міжнародны дзень марака. Сьвята прысьвечанае маракам гандлёвага флёту.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1 840 – загадам расейскага цара Мікалая I на тэрыторыі Беларусі ўведзенае імпэрскае заканадаўства. Канчаткова спыненае дзеяньне Трэцяга статуту ВКЛ.

1852 – нарадзіўся Антоніё Ґаўдзі-і-Карнэт, гішпанскі архітэктар. Свае найбольш вядомыя праекты ажыцьцявіў у Барсэлёне. Найбольш знакаміты ягоны твор – сабор Саграда фамілія.

1892 – нарадзіўся Зыгмунт Абрамовіч, унук Францішка Багушэвіча, адзін зь вядучых актораў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага.

1903 – нарадзіўся Джордж Оруэл, ангельскі пісьменьнік. Ягоныя антыўтопіі «1984-ы» і «Фэрма» выйшлі па-беларуску напачатку 90-х гадоў.

«Аўтабіяграфіі можна верыць, толькі калі ў ёй раскрываецца нешта саромнае».

«Лепшыя кнігі кажуць тое, што вядома і бязь іх».

«У любым грамадзтве простыя людзі павінны жыць насуперак існуючаму парадку рэчаў».

Дж. Оруэл

1905 – нарадзіўся Пятрусь Броўка, беларускі грамадзкі дзяяч, пісьменьнік, паэт і перакладнік. Быў галоўным рэдактарам першай энцыкляпэдыі ў 12-ці тамах.

1953 – у Маскве арыштаваны Лаўрэнці Берыя.

2003 – фармальна зьліквідаваны ліцэй імя Якуба Коласа.

2009 – памёр амэрыканскі сьпявак Майкл Джэксан.

КАЛЯНДАР БАХАРЭВІЧА:

На ваду гледзячы. 25 чэрвеня 1783 Лявуазье абвяшчае, што вада ёсьць злучэньнем вадароду і кіслароду

XS
SM
MD
LG