Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паротнікаў: Магчыма, у Лукашэнкі ёсьць сумневы наконт расейскага ўзбраеньня


Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў на вайсковыя тэмы, наведваючы ў Барысаве заводы абароннага сэктару. Ці патрэбныя Беларусі ўласныя зэнітна-ракетныя комплексы? Што перашкаджае правесьці эфэктыўную рэформу беларускага войска? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

— Сярод іншага, Лукашэнка даручыў стварыць айчынны зэнітна-ракетны комплекс, які паводле сваіх характарыстык будзе ня горшы, чым расейскі «С-300». Які сэнс у гэтым? Беларусь дагэтуль закупляла гэтыя ды іншыя ЗРК у Расеі. Навошта тады ствараць свой, калі можна набываць расейскі, да таго ж на ільготных умовах?

— Па-першае, яшчэ трэба разабрацца, ці былі тыя ўмовы ільготныя. Па-другое, мабыць, узьнікла патрэба ў такой прадукцыі, магчыма, ня так лёгка стала набываць яе ў Расеі. Альбо ёсьць сумневы, што ўзбраеньне, якое пастаўляецца з Расеі, дастаткова дабраякаснае, што там няма ніякіх «закладак», якія ў патрэбны момант папросту адключаць усю апаратуру, і гэтая зброя ператворыцца ў нікому не патрэбнае жалезьзе.

— Іншыя прыкметныя словы Лукашэнкі — «Нам патрэбна мабільная армія. Мы зрабілі на гэта стаўку. Таму яе трэба забясьпечыць мабільнымі машынамі з эфэктыўным узбраеньнем». Ці азначае гэта, што Лукашэнка заклікае праводзіць рэформу беларускага войска хутчэй ды радыкальней?

— Мне здаецца, што апошнія 20 гадоў, пакуль Лукашэнка пры ўладзе, гэтая рэформа не спынялася. Дакладней, «рэформа» ўмоўная, бо гэта ніякая не рэформа. Гэта было скарачэньне, ці, як гэта прынята называць, «аптымізацыя». Таму Лукашэнка пра гэтую «мабільнасьць» гаворыць гадоў 5 апошніх, тут нічога новага няма.

— А што перашкаджае забясьпечыць гэтую «мабільнасьць» — фінансавы бок?

— Увогуле, чаму беларускае войска не «мабільнае»? Яны ж ня пешшу там ходзяць. Але — так, фінансавае пытаньне вельмі істотнае, асабліва калі гэта тычыцца тэхнічнага боку. Дзяржава не выдзяляе на гэта патрэбных грошай ужо больш за 20 гадоў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG