Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога івейскага «вэртыкальшчыка» людзі называлі «лесьніком»


Міхаіл Ваўчэцкі

Міхаіл Ваўчэцкі

Затрыманьне старшыні Івейскага райвыканкаму Міхаіла Ваўчэцкага і ўзбуджэньне супраць яго крымінальнай справы шырока абмяркоўваюць між сабой жыхары раёну. Стаўленьне да галоўнага раённага начальніка ў людзей супярэчлівае.

Пра тое, што старшыня Івейскага райвыканкаму Міхал Ваўчэцкі затрыманы сьледчымі органамі, стала вядома ўчора па абедзе.

Паводле скупой афіцыйнай інфармацыі, супраць яго ўзбуджана крымінальная справа аб злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Паводле Генэральнай пракуратуры, затрыманы нанёс стратаў на 125 мільёнаў рублёў. Праз службовыя злоўжываньні ён нібыта дамагаўся зьніжэньня выдаткаў на будоўлю двух дамоў.

У Івейскім райвыканкаме да маёй зацікаўленасьці асобай Ваўчэцкага паставіліся насьцярожана. На просьбу пракамэнтаваць арышт старшыні райвыканкаму загадчыца ідэалягічнага аддзелу Вольга Барко адмовілася што-кольвек казаць.

Барко: «Прабачце, але мы не даем ніякіх зьвестак праз тэлефон. Зьвяртайцеся ў прыёмную альбо да ўпраўляючага...»

У прыёмным пакоі сакратарка толькі пацьвердзіла, што Ваўчэцкага няма на працы, і запэўніла, што нічога болей ня ведае.

Спадарыня: «Ведаю роўна столькі, колькі і вы бачылі ў інтэрнэце...»

Сайт Івейскага райвыканкаму таксама сёньня цэлы дзень не адчыняецца.Тым часам жыхары Іўя паставіліся да арышту Ваўчэцкага па-рознаму. Мясцовы жыхар спадар Леанід распавёў, што ўчора, пасьля таго як навіна зьявілася ў сеціве, яму тэлефанавалі некалькі знаёмых і цікавіліся — ці чуў ён пра гэта.

Сам спадар Леанід кажа, што стаўленьне людзей да старшыні выканкаму было рознае. Многія ў заслугу яму ставілі тое, што на ягоны загад цэнтар гораду добраўпарадкавалі. Праўда, новыя парадкі спадабаліся ня ўсім.

Спадар: «Яго адпачатку жыхары Іўя празвалі лесьніком. Бо ўздоўж вуліцаў на ягоны загад былі сьпілаваныя амаль усе дрэвы, фактычна агалілі ўвесь цэнтар. Пакінулі толькі невялікі сквэр каля дому, так бы мовіць, „Дому ўраду“, і помніка аўганцам. А так усё пасьпілоўвалі — вось яго і назвалі лесьніком».

Пра будоўлю дамоў Ваўчэцкаму спадар Леанід чуў і раней, але кажа, што ніхто гэтага ўсур’ёз нават не абмяркоўваў, бо кожны новы старшыня райвыканкаму ў іхнім раёне будаваў сабе новыя дамы: да гэтага прывыклі.

Спадар: «У нашым лясьніцтве давалі заказ, каб выбраць хвойку роўненькую-роўненькую, каб нідзе не было ніякіх загібаў. Потым вазілі ў Юрацішкі, там абстругоўвалі яе і потым будавалі яму дамы. Адзін недзе ў Коніках — гэта за Бакштамі, а другі — у Мільва-Бярэзіне».

Яшчэ адзін жыхар Іўя, спадар Аляксей, якому даводзілася сутыкацца з Ваўчэцкім, распавядае, што той нагадваў звычайнага чыноўніка сёньняшняй улады, якога аднекуль прыслалі на загад Лукашэнкі. Ваўчэцкі, кажа спадар Аляксей, карыстаўся аўтарытарнымі мэтадамі кіраваньня, але пры гэтым умеў падабацца простаму люду.

Простыя сьмяротныя — за гэтага „вэртыкальшчыка“, бо ён тут ім у Іўі вуліцы аднавіў

Спадар: «Простыя сьмяротныя — за гэтага „вэртыкальшчыка“, бо ён тут ім у Іўі вуліцы аднавіў, карацей, прывёў гарадок у парадак — дык яны за яго».

На думку спадара Аляксея, дагэтуль яшчэ невядома дакладна, якія канкрэтна абвінавачваньні вылучаныя Ваўчэцкаму. Магчыма, гаворка пойдзе ня толькі пра незаконнае будаўніцтва дамоў. Але ці даведаюцца пра гэта шараговыя івейцы?

Жыхарка Івейскага раёну спадарыня Браніслава з павагай ставіцца да спадара Ваўчэцкага і тлумачыць гэта тым, што пры ім вернікам у рэлігійныя сьвяты дазволілі ладзіць шэсьці праз цэнтар Іўя. Яна ўзгадвае, што ранейшыя старшыні райвыканкамаў і блізка такога не дапускалі.

Івейскі ксёндз Ян Гавецкі таксама сьведчыць, што за час кіраваньня Ваўчэцкага ў Іўі пачалі праводзіць цікавыя гарадзкія сьвяты, на якія зьбіраецца шмат людзей. Ён дадае, што менавіта пры Ваўчэцкім вернікі пачалі годна праводзіць свае сьвяточныя працэсіі праз цэнтар гораду:

«Працэсіі, якія ўва ўсіх гарадах адбываліся цывілізавана, у нас падчас кіраваньня іншых старшыняў выканкаму праходзілі нэрвова. Былы старшыня райвыканкаму, які быў перад Ваўчэцкім, папросту зьдзекаваўся з нас, выпраўляў па бездарожжы. А з гэтым — нармальна. Вось у нядзелю была працэсія па цэнтры гораду, і ўсё прайшло проста цудоўна».

Першыя паведамленьні пра крымінальную справу супраць кіраўніка раённай вэртыкалі зьявіліся сёлета ў траўні.Тады прадстаўнікі праваахоўных органаў казалі, што чыноўнік за кошт мясцовых прадпрыемстваў будаваў сабе дамы.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Міхаіла Ваўчэцкага старшынём Івейскага райвыканкаму ў верасьні 2010 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG