Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: «Расейскі цэнтар» у дадатак да татальнай русыфікацыі


На адкрыцьцё першага ў Беларусі «Расейскага цэнтру навукі і культуры» ў Берасьце прыязджаў сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Сяргей Нарышкін. Імпрэза адбылася пры ўдзеле берасьцейскіх уладаў, шырока рэклямавалася ў мясцовых мэдыях. Берасьцейскія грамадзкія дзеячы выказваюць занепакоенасьць, што створаны на расейскія грошы цэнтар будзе спрыяць далейшай русыфікацыі і канчатковаму выцісканьню беларускай мовы і культуры.

Берасьцейскі «Расейскі цэнтар навукі і культуры» — першы ў Беларусі. Плянуецца адкрыць падобны яшчэ ў Гомелі. Паводле стваральнікаў, падобныя ўстановы адчыняюцца на асабістае распараджэньне Ўладзімера Пуціна ў розных краінах сьвету.

Ірына Лаўроўская

Ірына Лаўроўская

Адкрыцьцё гэтай установы выклікала занепакоенасьць сярод берасьцейскіх грамадзкіх дзеячаў. Вядомая архітэктарка Ірына Лаўроўская выказала Свабодзе меркаваньне, што «Расейскі цэнтар» будзе спрыяць русыфікацыі Берасьця:

«Сёньня, аказваецца, у Расеі год культуры. І гэта год культуры, калі забіраецца ва Ўкраіны Крым, калі вядзецца вайна... Я не разумею нашых кіраўнікоў мясцовых, якія так бяздумна дазваляюць рабіць такія пампэзныя адкрыцьці... Трэба яшчэ прыгадаць, што ў нас няма ў Берасьці сур’ёзных такіх беларускіх цэнтраў, усё русыфікаванае. Пра якую культуру тут ужо дбаюць расейцы, я ня ведаю, тут усё русыфікаванае... Увогуле, тут трэба гаварыць пра экспансію. Мяне гэта вельмі хвалюе, вельмі напружвае... Калі сёньня я бачу ў Берасьці дзяўчат у какошніках, то прыкра становіцца... Я б вельмі хацела, каб наш горад быў полікультурны, але перадусім ён павінен быць беларускім...»

У Берасьці актыўна працуе Генэральны кансулят Расейскай Фэдэрацыі на чале зь Мікітам Маткоўскім. Спадар Маткоўскі вядомы тым, што не цураецца і беларускіх культурных, гістарычных імпрэзаў. Ён першы зь берасьцейскіх консулаў Расеі стаў наведваць мерапрыемствы да ўгодкаў нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі ў Косаве. Зусім нядаўна наведваў фэст «Ружанская брама» ў палацы Сапегаў.

Дзейнічаюць у Берасьці і супольнасьці, грамадзкія арганізацыі расейцаў. Старшыня творчага клюбу «Светлояр» Анатоль Іванчанкаў у інтэрвію Свабодзе катэгарычна не пагадзіўся, што «Расейскі цэнтар» будзе інструмэнтам русыфікацыі:

«Абсалютна не! Таму што, разумееце, зьявілася авіяцыйная база — тут жа пачалося, што ўжо ўсё, акупуе Расея Беларусь. А між тым прэзыдэнт Беларусі гучна заявіў, што ў сувязі з тым, што да межаў набліжаюцца войскі НАТО і, у прыватнасьці, амэрыканскія самалёты зьяўляюцца ў Прыбалтыцы, то ў процівагу гэтаму ён змушаны быў зьвярнуцца да расейскага кіраўніцтва... Тое самае цяпер і гэты культурны цэнтар. Акрамя карысьці, нашым жыхарам і асабліва моладзі як ён можа нечым нашкодзіць? Там ідэалягічнай падаплёкі абсалютна няма...»

Спадар Іванчанкаў пракамэнтаваў і выказваньне сьпікера расейскай Думы Сяргея Нарышкіна, які заявіў у Берасьці, што «калі родны буквар падмяніць нацыяналістычным сурагатам, то фашызм, на жаль, ізноў падымае галаву». Кіраўнік «Светлояра» кажа, што гэтая аналёгія з Украінай адмятаецца ў Беларусі, дзе расейскія арганізацыі ня бачаць «праяваў фашызму»:

«На сёньняшні дзень гэтага не існуе. Але, разам з тым, мы павінны порах трымаць сухім...»

Тэма адкрыцьця «Расейскага цэнтру» ў Берасьці жыва абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках. Аляксандар Кузьменка, украінскі карыстальнік Фэйсбуку, выказаў берасьцейцам спачуваньне з гэтай нагоды:

«У Харкаве такія цэнтры „пад дахам“ бібліятэкі „Рускага сьвету“ адчыняліся ўжо досыць даўно... Гады чатыры таму... Таксама і ў Данецку... Таму нават ня ведаю, ці віншаваць з надыходам у вас „Рускага сьвету“, ці спачуваць... Мабыць апошняе больш дарэчна. Бо і ў нас, ва Ўкраіне, спачатку былі толькі бібліятэкі, а зялёныя чалавечкі прыйшлі ўжо пасьля таго...».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG