Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаная на сьмерць хрысьціянка пазьбегла шыбеніцы


Сьцяг Судану

Сьцяг Судану

Жыхарка Судану, прысуджаная да сьмерці за вераадступніцтва, адпушчаная на волю, паведаміў яе адвакат. Сьмяротны прысуд Мэрыям Ібрагім быў адменены апэляцыйным судом.

27-гадовая жанчына была прысуджаная да ста ўдараў бізуном і павешаньня за адрачэньне ад ісламу і шлюб з хрысьціянінам.

Яна выйшла замуж у 2011 годзе. На момант вынясеньня прысуду Ібрагім была на апошнім месяцы цяжарнасьці. Сваё другое дзіця яна нарадзіла ўжо ў турме.

Нягледзячы на тое, што яна вырасла ў хрысьціянскай сям'і, улады лічаць яе мусульманкай.

Прысуд Мэрыям Ібрагім выклікаў шквал пратэстаў па ўсім сьвеце, з асуджэньнем «барбарскага пакараньня» і патрабаваньнем вызваліць жанчыну выступілі лідэры многіх краін.

Яе муж Дэніэл Вані сказаў у інтэрвію Бі-бі-сі, што ён зь нецярпеньнем чакае сустрэчы з жонкай, і дадаў, што хацеў бы зьехаць зь сям'ёй з Судану як мага хутчэй.

«Яны выпусьцілі яе... Яна на шляху дадому», – сказаў Бі-бі-сі Эльшарыф Алі, адвакат Мэрыям Ібрагім. Паводле яго, Ібрагім прадэманстравала «выключную мужнасьць» у турме.

«Гэта перамога свабоды веравызнаньня ў Судане. Мы лічым, што дзякуючы стойкасьці Мэрыям у будучыні ніхто ня будзе праходзіць праз такія выпрабаваньні», – лічыць адвакат.

Дэніэл Вані нарадзіўся на поўдні Судану. У 1998 годзе, у разгар грамадзянскай вайны ў краіне, ён зьехаў у ЗША. У часе візыту ў Судан ў 2011 годзе ён пазнаёміўся зь Мэрыям Ібрагім. Яны бралі шлюб у галоўным саборы Хартума.

«Уладам Судану было цяжка ігнараваць пратэст, выкліканы справай Мэрыям Ібрагім, – кажа Джэймс Копнэл, былы карэспандэнт Бі-бі-сі ў Судане. – Ва ўраду і так праблемы з-за эканамічнага крызісу, канфліктаў у Дарфуры, штатах Паўднёвы Кардафан і Блакітны Ніл. Кіраўніцтву краіны ўзмацненьне непрыязнасьці проста не патрэбнае. Варта адзначыць, што сярод самых зацятых праціўнікаў прысуду былі менавіта суданцы, а не замежнікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG